Улады дазволілі «Чарнобыльскі шлях». Арганізатары адмаўляюцца плаціць міліцыі

Аргкамітэт прапаноўваў забяспечваць ахову правапарадку сваімі сіламі, але атрымаў адмову.

«Чарнобыльскі шлях», архіўнае фота

Аргкамітэт «Чарнобыльскага шляху» атрымаў рашэнне Мінгарвыканкама аб правядзенні масавага мерапрыемства 26 красавіка са зборам удзельнікаў у 18.00 на пляцоўцы каля Акадэміі навук і шэсцем па традыцыйным маршруце да Чарнобыльскай капліцы.

Пра гэта паведамляе прадстаўніца БХД Вольга Кавалькова, якая апублікава супольную заяву прадстаўнікоў аргкамітэта.

— Адзначаем, што ў сваёй заяўцы на правядзенне гэтай вулічнай акцыі арганізатары прапаноўвалі забяспечваць ахову правапарадку сваімі сіламі. Гэта традыцыйнае на працягу апошніх 30 гадоў мерапрыемства мае высокую грамадскую значнасць для Беларусі, якая больш за ўсіх пацярпела ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. Гэта даніна памяці ахвярам і штогадовая жалобная акцыя, — гаворыцца ў заяве аргкамітэта.

Але Мінгарвыканкам, насуперак прапанове заяўнікаў, у панядзелак запатрабаваў аплаты дзеянняў міліцыі і паведаміў пра тое, што вызваленне ад яе не прадугледжана.

— Аргкамітэт «Чарнобыльскага шляху» лічыць непрымальным спагнанне грошаў за працу міліцыі, якая фінансуецца з дзяржбюджэту, паколькі па факту гэта падвойная аплата дзеянняў, у якіх не толькі няма неабходнасці. Мы лічым, што не грамадзяне павінны плаціць дзяржаве за памяць пра Чарнобыль, а дзяржава павінна грамадзянам, якія працягваюць пакутваць ад наступстваў гэтай радыяцыйнай катастрофы, — гаворыцца ў заяве арганізатараў шэсця.

Не пазней за 24 красавіка заяўнікі маюць намер сустрэцца з прадстаўнікамі ГУУС Мінгарвыканкама, каб у чарговы раз заявіць аб недапушчальнасці збірання аплаты:

— Мы кваліфікуем патрабаванне ўладаў як палітычны і эканамічны ціск на грамадзян, асабліва ў святле нядаўняй практыкі выстаўлення вялікіх, непад’ёмных для ўдзельнікаў сум. Гэтая практыка і нарматыўныя акты, якія яе падтрымліваюць, парушаюць канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзян. Мы лічым, што ўлады не павінны аб’яўляць мерапрыемства несанкцыянаваным на падставе нашай адмовы плаціць за міліцыю.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(44)