Общество
Анастасія Зелянкова

“Улады бяруць на ўзбраенне самыя брутальныя спосабы змагання з палітычнымі апанентамі”

У Беларусі 46 чалавек былі пакараныя турэмным зняволеннем па палітычных матывах, канстатуюць праваабаронцы. Як адзначыў старшыня праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі, прэзентуючы аналітычны агляд “Парушэнні правоў чалавека ў Беларусі ў 2006 годзе”, менавіта столькі чалавек было асуджана за свае палітычныя погляды на працягу апошніх 10 год.

— Гэта тыя людзі, якія рэальна адседзелі ў турме, — тлумачыць Алесь Бяляцкі. — Тых жа хто быў асуджаны да ўмоўнага пакарання ці атрымаў штрафы значна больш. Гэта вялікія лічбы.

Акрамя таго, некаторыя з тых, хто сядзеў па палітычных матывах, траплялі ў турму па некалькі разоў. Так, напрыклад, Мікола Статкевіч ужо другі раз знаходзіцца ў няволі, Андрэй Клімаў — трэці. Ты не менш ніводзін з гэтых 46 чалавек не адмовіўся ад сваіх перакананняў, ніхто з іх не напісаў пакаянны ліст.

Прэзентуючы свой аналітычны штогадовы агляд, праваабаронцы адзначаюць, што, у адрозненні ад мінулагодніх, калі прыводзіліся толькі факты парушэння правоў чалавека ў Беларусі, у гэтым аглядзе была зроблена спроба прааналізаваць сённяшнюю сітуацыю і зрабіць высновы.

— З году ў год гэтыя агляды рабіліся ўсё больш тоўстымі, і ўжо ў 2005 годзе мы літаральна патанулі ў фактах, апрацоўка якіх займала многія месяцы, — канстатуе Алесь Бяляцкі. — Менавіта таму ў 2006 годзе мы вырашылі, што больш мэтазгодна менавіта прааналізаваць сітуацыю і ацаніць тыя змены, якія адбыліся апошнім часам.

Па словах старшыні праваабарончага цэнтра, з кожным годам беларускія ўлады ўжываюць усё новыя метады барацьбы са сваімі палітычнымі апанентамі.

— Прыкладам могуць быць крымінальныя працэсы, якія датычыліся прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый, у першую чаргу “Партнёрства”, — адзначае Алесь Бяляцкі. — Такога ў нас яшчэ не было. Зараз мы стаім напярэдадні новага працэсу, які будзе датычыцца сяброў “Маладогна фронту”. Вельмі частымі сталі выпадкі судовых спраў у дачыненні да апазіцыйных актывістаў, якіх па ілжывых сведчанных супрацоўнікаў праваахоўных органаў абвінавачвалі ў брыдкаслоўі, непадпарадкаванні міліцыі і іншых “парушэннях”.

Мы не сустракалі раней такіх фактаў, як падкінутыя наркотыкі, што тычыцца старшыні Саюза палякаў на Беларусі Анжалікі Борыс, патроны, як у справе з баранавічкім грамадскім лідэрам Віктара Сырыцам, або абвінавачанні ў тэрарызме і згвалтаванні, якія былі вылучаныя супраць моладзевага актывіста Паўла Красоўскага. Улады бяруць на ўзбраенне самыя брутальныя спосабы змагання са сваімі палітычнымі апанентамі і 2006 год паказаў, што яны гатовыя на такія крокі.

Што ж тычыцца вызвалення Паўла Севярынца і Мікалая Статкевіча, то старшыня праваабарончага цэнтра зазначае, што неягледзячы на станоўчы бок гэтай падзеі, ставіцца да яе трэба асцярожна.

— Няма такой эйфарыі, што нібыта пачаліся нейкія палітычныя змены ў нашай дзяржаве, — кажа ён. — Пра сапраўдны крок можна будзе казаць, толькі калі ўсе палітычныя зняволеныя выйдуць на волю. Мы вельмі спадзяемся, што гэта адбудзецца. Тым не менш сама рэпрэсіўная машына па-ранейшаму працуе. За гэты час Лукашэнка збудаваў ідэальную рэпрэсіўную машыну, і нейкія асобныя крокі па вызваленні зняволеных не мяняюць яе сутнасці.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)