Аляксандар Класкоўскі, ”Наша нiва”
Улада засьпявала пад фанэру

Апазыцыя спахапілася, што страчвае рок-забесьпячэньне. На Радзе эўрапейскай інтэграцыі, што пад эгідай Мілінкевіча, прагучала ідэя стварыць фонд падтрымкі нонканфармісцкай культуры. Гэта называецца — "лепей позна, чым ніколі".

Што ж да сюжэту "Праляскоўскі і рокеры", то, пакінуўшы ў баку маральныя інвэктывы, давайце паспрабуем прааналізаваць выключна паліталягічны аспэкт.

Ёсьць відавочная зьява: апошнім часам чынавенства рознага рангу выдала каскад заяў аб гатоўнасьці да дыялёгу з апанэнтамі. У Палаце прадстаўнікоў зрабілі намёк на магчымасьць нейкай супрацы з моладзевымі суполкамі. Кіраўнік "Белай Русі" Радзькоў у інтэрвію "Народнай волі" дэкляраваў: "Мы маем намер супрацоўнічаць з усімі зацікаўленымі асобамі, у тым ліку й з апазыцыйнымі. Нам цікавая гэтая дыскусія, сутыкненьне меркаваньняў. Мы гатовыя да размовы і дыялёгу з усімі і з кожным". Нарэшце, самае нашумелае: прыём рок-музыкаў у Адміністрацыі і абяцаньне скасаваць "чорны сьпіс".

Пры ўсіх "але" (абяцанкі як цацанкі і г.д.) гэта ёсьць сымптомамі, што ўлада трохі заварушылася. Без "адмашкі" намэнклятура ня стала б рабіць нават сымбалічных жэстаў прымірэньня з тымі, каго дасюль было загадана клеймаваць як "купку адмарозкаў", "шалудзівых людзей".

"Улада паказвае, што гатовая як мінімум слухаць, што кажа незалежнае грамадзтва, — падзяліўся са мной меркаваньнямі на гэты конт палітоляг Валер Карбалевіч. — Калі раней нязгодных татальна абвяшчалі ворагамі, то зараз гэтую катэгорыю дэ-факта пачынаюць прызнаваць суб'ектам грамадзка-палітычнага жыцьця".

Да якой мяжы могуць быць гнуткімі ўлады ў гэтым працэсе? Можа, спраўдзяцца надзеі тых, хто даўно чакае ініцыяваньня зьверху "паўзучай беларусізацыі"?

"Відавочна, што нават гэтыя кволыя крокі даюцца вярхам цяжка, — кажа Карбалевіч. — Ім даводзіцца пераадольваць сур'ёзны псыхалягічны бар'ер". У пэўным сэнсе, дадае ён, гэта ломка звыклай ідэалягічнай канструкцыі, у якой існуе адзіны народ, што любіць правадыра, а недзе на задворках — ня вартая ўвагі жменя адшчапенцаў.

Калі і будзе мець месца кволая беларусізацыя, то хіба ў "гамэапатычных дозах", лічыць палітоляг. І толькі ў тых выпадках, калі гэта працуе на ўмацаваньне ўлады.

Наверсе баяцца, што можа пачацца некантраляваны працэс, разбуральны для рэжыму. Так некалі Гарбачоў, жадаючы палепшыць камуністычную мадэль, выпусьціў джына галоснасьці...

Сапраўды, я добра памятаю той час, калі партыйна-дзяржаўны апарат БССР апынуўся між двух агнёў. Зьверху, з Масквы, генэральны сакратар дзяўбе пра "вецер пераменаў", а зьнізу падпірае грамада, натхнёная лёзунгамі перабудовы. Яшчэ болей, у самім апараце пачалася барацьба між рэфарматарамі і стагнатамі.

Гэта было добра бачна на прыкладзе ЦК ЛКСМБ, які меў правы заснавальніка газэты "Знамя юности", каторую я тады рэдагаваў. Падтрымка з боку прагрэсіўнага крыла функцыянэраў (ня сьмейцеся, было такое!) таксама спрыяла таму, што з кожным нумарам мы пашыралі пляцдарм журналісцкае свабоды. Аж пакуль камсамол не застаўся бяз органа :)

Тады між "перабудоўшчыкамі" і "рэтраградамі" ішла рэальная пазыцыйная барацьба: з манэўрамі ("харошыя ваякі заўжды ідуць у абыход"), хітраватымі кампрамісамі, асымэтрычнымі адказамі і г.д. І праз пэўны час стала бачна, што сапраўды "працэс пайшоў". Камуністычная сыстэма каляпсавала.

Зразумела, у цяперашняй беларускай уладнай сыстэме забясьпечваецца пакуль што непараўнальна большая маналітнасьць (хаця і вонкавая, ніякай татальнай адданасьці правадыру, самі ведаеце, няма). Сэлекцыя кадраў пакінула ў вэртыкалі "самых-самых". Таму цяперашнія "жэсты кансалідацыі" болей асацыююцца з гульнёй у коткі-мышкі. І ня будзе дзівам, калі тых самых даверлівых музыкаў банальна "кінуць".

Але сам факт уступленьня ўлады ў гульню ўжо ёсьць зрухам. Хай сабе гэта сьпевы пад фанэру, але ж — запелі :)

Калі адкінуць жарсьці (хто там каму прадаўся ці не прадаўся), то фактам ёсьць тое, што зь незалежнай грамадой пакрысе пачынаюць лічыцца. Ну а прагрэсыўным індывідам варта памятаць, што ёсьць ня толькі рот дзеля выгукваньня максымалісцкіх лёзунгаў, але і галава на плячах — дзеля сваёй гульні :)

Славуты дыялёг калі й завяжацца, то напачатку менавіта ў бутафорскім стылі. Але хто практыкуе гамэапатыю, ведае, што й па каліву можна дасягнуць атамнага эфэкту.

ЗЫ. Толькі ня трэба закідаць аўтару схільнасьць да ілюзіяў, добра? Ілюзіяў няма, проста — пралік імаверных трэндаў.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)