«Улада пачуццяў», Бах, Бетховен, НанаМастацтва і яшчэ 12 імпрэзаў «Тыдняў Германіі 2020» у Мінску

«Тыдні Германіі» пад патранажам Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Беларусі адбываюцца ў нашай краіне ўжо 17 год. Селета яны пройдуць увесну (пачатак ужо 10 сакавіка), а не восенню, як раней.

Мінская праграма тыдняў уключае 17 пунктаў, сярод якіх найбольш прыцягваюць увагу:

- унікальная выстава «Шляхі нямецкага мастацтва», што ўключае ў сябе каля 400 твораў больш за 100 нямецкіх аўтараў за перыяд з 1949 г. да сëнняшняга часу;

- араторыя «Страсці па Мацвею» Іагана Себасцьяна Баха 21 сакавіка ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі;

- выстава «NanoArt from Germany» («НанаMастацтва з Германіі»), якая адлюстроўвае неверагоднае асяроддзе нанакосмасу. На фотаздымках, створаных у лабараторыях Цэнтра нанаінтэграцыі ўніверсітэта Дуйсбурга – Эсэна (CENIDE), ажываюць нябачныя няўзброеным вокам структура і хаос узораў атамаў у маштабе нанаметра;

- выстава «Лагер смерці Трасцянец. Гісторыя і памяць», якая заклікана аддаць даніну памяці ахвярам Трасцянца і адначасова паказаць, якім чынам і дзе ў Беларусі, Германіі, Аўстрыі і Чэхіі захоўваецца памяць аб загінулых;

- вечары нямецкага кароткаметражнага кіно SHORT EXPORT 2020;

- выстава плакатаў «Улада пачуццяў», што адлюстроўвае як статыку, так і пераломы ў пачуццях, якія фармавалі мінулыя сто гадоў і сваёй інтэнсіўнасцю да сёння кідаюць выклік палітыцы і грамадству;

- фестываль Beethoven Anniversary Tour, прымеркаваны да 250-годдзя знакамітага кампазітара.

Пра дакладныя час і месцы гэтых ды іншых імпрэзаў «Тыдняў Германіі 2020» можна даведацца тут.

«Тыдні Германіі» праводзяцца Пасольствам Федэратыўнай Рэспублікі Германія сумесна з Інстытутам імя Гётэ ў Мінску, прадстаўнікамі нямецкіх культурных арганізацый у супрацоўніцтве з беларускімі ўстановамі і партнёрамі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(6)