Общество
Сяргей Навумчык, Радыё Свабода

«Украінцы клянчаць «Дайце!», а беларусы кажуць «Мы — самі!»

Курапаты і Чарнобыль, праўда пра мінуўшчыну і трывога за будучыню зрушылі беларускае грамадзтва і прымусілі яго дамагацца незалежнасьці.

Зянон Пазьняк, Юрась Хадыка, Міхась Ткачоў, Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч на пасяджэньні Грамадзкага Чарнобыльскага трыбуналу. Менск, Дом кіно, 25 лістапада 1989 г.

Чвэрць стагодзьдзя таму адбылася падзея, якая адыграла важную ролю ў раскрыцьці праўды пра Чарнобыль.

25-26 лістапада 1989 г. у Менску прайшла арганізаваная Беларускім Народным Фронтам «Адраджэньне» Асамблея народаў «Чарнобыльскі шлях»; у яе рамках адбыўся Міжнародны Грамадзкі Чарнобыльскі трыбунал.

У залі на другім паверсе Дома кіно (цяпер, пасьля рэстаўрацыі касьцёла сьв. Сымона і Алены, заля не існуе) сабраліся некалькі сотняў навукоўцаў, літаратараў, мастакоў, журналістаў. За «круглым сталом» — Васіль Быкаў і Алесь Адамовіч.

Памятаю, у тыя дні маскоўская «Правда» надрукавала артыкул Васіля Быкава — ён тут жа, за тым самым круглым сталом, выправіў у маім асобніку рэдакцыйную купюру. Быкаў пісаў пра дэмакратызацыю грамадзтва.

Вёў паседжаньне старшыня Сойму БНФ Зянон Пазьняк. Да мікрафона адзін за адным падыходзілі людзі з раёнаў Магілёўшчыны і Гомельшчыны і распавядалі пра бяздушнасьць начальства. Навукоўцы расказвалі, як ім забараняюць друкаваць сапраўдныя дадзеныя пра ступень забруджанасьці і патэнцыйныя наступствы для людзей. Лекары паказвалі статыстыку захворваньняў — ужо тады, праз тры гады пасьля катастрофы, яна ўражвала.

Выступы далі выразную карціну страшнай бяды, якая апусьцілася на Беларусь (прычым — і ў літаральным сэнсе апусьцілася, бо, як казаў Алесь Адамовіч, радыяцыйныя воблакі былі «пасаджаныя» авіяцыяй над Беларусьсю — каб не праліцца дажджом над Масквой).

Тады ў выступе Зянона Пазьняка і прагучаў выраз «радыяцыйны генацыд». «У тым грамадзка-палітычным становішчы, у якім мы знаходзімся, праблема паратунку ад вынікаў Чарнобыльскае катастрофы поўнасьцю станоўча вырашыцца ня можа, — казаў Пазьняк. — Яна па сіле толькі вольнаму народу, які жыве сярод іншых вольных народаў. Безь ліквідацыі бюракратызму і партыйнага манапалізму, без дэмакратызацыі грамадзтва, без нацыянальнага сувэрэнітэту нашы высілкі будуць марнымі, наша энэргія будзе растрачана надарэмна, а час змарнаваны».

Сёньня выглядае заканамерным і адначасна сымбалічным, што чвэрць стагодзьдзя таму менавіта Курапаты і Чарнобыль, праўда пра мінуўшчыну і трывога за будучыню — зрушылі беларускае грамадзтва і прымусілі яго дамагацца незалежнасьці.

Грамадзкі трыбунал запатрабаваў на дзяржаўным узроўні даць ацэнку дзейнасьці высокапастаўленых чыноўнікаў, вінаватых ва ўтойваньні інфармацыі аб аварыі на ЧАЭС — і ў страце часу, які каштаваў жыцьцяў і здароўя дзясяткам тысяч.

Рашэньні Грамадзкага трыбуналу атрымалі разьвіцьцё 15 траўня 1990 году, у першы дзень працы новага Вярхоўнага Савету, калі дэпутаты БНФ запатрабавалі стварыць адмысловую парлямэнцкую камісію ў справе расьсьледаваньня сытуацыі вакол Чарнобылю. Настроі ў грамадзтве былі такія, што камуністы, якія адкідвалі шмат якія іншыя нашыя прапановы, з гэтай былі вымушаныя пагадзіцца.

Мне давялося працаваць у гэтай камісіі. Мы апыталі былых высокапастаўленых чыноўнікаў БССР, у тым ліку і міністра аховы здароўя Саўчанку, а таксама тых навукоўцаў, якія ў першыя дні казалі праўду і за гэта пацярпелі — у тым ліку акадэміка Васіля Несьцярэнку, былога дырэктара інстытуту ядзернай энэргетыкі АН БССР.

У першы дзень пасьля аварыі Несьцярэнка датэлефанаваўся да першага сакратара ЦК КПБ Сьлюнькова, прапанаваў зрабіць неадкладныя захады (для пачатку трэба было адразу даць усім ёд). «Там быў пажар, яго пагасілі», — адказаў Сьлюнькоў. Назаўтра Несьцярэнка паехаў на Гомельшчыну, замераў радыяцыйны фон — дзясяткі тысяч мілірэнтген на гадзіну, празь дзень ён ужо ў Менску, дамогся прыёму ў таго самага Сьлюнькова. «Не панікуйце!» — адказаў першы сакратар ЦК і адмовіўся пачаць эвакуацыю, зрабіць адпаведныя спавешчаньні па тэлебачаньні. Несьцярэнку звольнілі з працы, узбудзілі крымінальную справу.

А ў размове з Алесем Адамовічам уразіў яго расповед пра пасяджэньне Палітбюро. Старшыня Саўміну СССР Рыжкоў пахваліў беларусаў: «Украінцы селі на галаву з гэтым Чарнобылем, няспынна патрабуюць, клянчаць, то адно ім дай, то другое, прадыхнуць ад іх немагчыма. Вось беларусы — малайцы: адрапартавалі і сказалі, што нічога ім ня трэба, яны справяцца самі».

У Крамлі ацанілі самастойнасьць і адказнасьць: у хуткім часе пасьля таго паседжаньня Сьлюнькова забралі ў Маскву, зрабілі сакратаром ЦК КПСС і членам Палітбюро.

У чэрвені 1991 году нашая камісія дала справаздачу Вярхоўнаму Савету. Сэсія цалкам трансьлявалася па тэлебачаньні і па радыё, і мільёны людзей пачулі выснову кіраўніка камісіі Рыгора Вячэрскага: «Першы сакратар ЦК КПБ Слюнькоў, бюро ЦК КПБ валодалі інфармацыяй у поўным аб’ёме ўжо 29 красавіка 1986 году. Аналягічную інфармацыю меў і старшыня Савету міністраў Кавалёў, у якога ў гэты самы дзень адбылася апэратыўная нарада... І таварыш Слюнькоў, і таварыш Кавалёў раілі не панікаваць і не хваляваць народ, бо нічога, маўляў, страшнага не адбылося».

Дэпутаты-камуністы пагаджаліся з нашай ацэнкай Сьлюнькова і кіраўніцтва Беларусі, але адмаўлялі крытыку кампартыі. І вельмі злаваліся, зрываліся на крык, калі дэпутаты БНФ Беленькі, Голубеў, Гюнтар, Пазьняк, Садоўскі, Сямдзянава, Шут прыводзілі факты, калі ў той самы час, калі ішла сэсія, на забруджаных тэрыторыях вырошчвалі ўраджай ды пасьвілі скаціну. Альбо разбаўлялі «брудныя» прадукты з «чыстымі» у прапорцыі 50:50. Альбо накіроўвалі ў адну з паўночных рэспублік эшалён мяса, а праз колькі дзён атрымлівалі яго назад з рэкамэндацыяй: мяса — зьнішчыць, эшалён — прадэзынфікаваць (вядома, не было гарантыяў, што мяса зьнішчылі, а не накіравалі ў крамы Віцебску ці Горадні).

І ўсё ж тады, у 1991-ым, дэпутатам Апазыцыі БНФ удалося дамагчыся спыненьня гэтай практыкі, прыняцьця законаў аб адсяленьні людзей і дапамозе пацярпелым.

Цяпер, пры Лукашэнку, забруджаныя раёны зноў пачалі засявацца, шмат хто пазбаўлены льготаў. А таварыш Сьлюнькоў пасяліўся ў кватэры на Пуліхава, мае пэрсанальную пэнсію ад Лукашэнкі і нядаўна пад авацыі ўздымаўся ў прэзыдыюм сотага (ці якога там паводле ліку?) зьезду КПСС.

Дык што — арганізаваныя БНФ і Чарнобыльскія шляхі, і Грамадзкі трыбунал, і прынятыя на патрабаваньне Апазыцыі БНФ законы — усё гэта было дарэмна?

Не дарэмна. Праўда, якая прагучала спачатку на Грамадзкім трыбунале (дарэчы, другое яго паседжаньне адбылося ў красавіку 1991-га ў Доме літаратара), а потым на сэсіі Вярхоўнага Савету, выявіла для беларускага народу сутнасьць камуністычнай улады, якая сьвядома хлусіла. Да хлусьні людзі прызвычаіліся, але тут ужо ішла гаворка пра аплату падману жыцьцямі і здароўем. Людзі таксама зразумелі, што спадзявацца на Маскву, на Крэмль — марная справа, што разьлічваць трэба на свае сілы. Гэта істотна паўплывала на ўсьведамленьне грамадзтвам неабходнасьці сувэрэнітэту.

І, нарэшце, вельмі шмат жыхароў небясьпечных раёнаў было адселена, былі пабудаваныя адмысловыя мэдычныя цэнтры і санаторыі. Ня варта забывацца і пра дзейнасьць Камітэту БНФ «Дзеці Чарнобылю» на чале з дэпутатам Апазыцыі БНФ Генадзем Грушавым, які арганізаваў аздараўленьне ў замежжы дзясяткаў тысяч дзяцей.

Жыцьці людзей былі ўратаваныя.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)