Политика
Анастасія Зелянкова

Украфобія

Грамадзянін Украіны, які быў затрыманы ўчора на Кастрычніцкай плошчы, да гэтага часу знаходзіцца ў спецпрыёмніку-размеркавальніку на вул.Акрэсціна. Далейшы лёс непаўнагадовага Артэма Чысцякова будзе вырашацца з дапамогай украінскага консула.

Сёння на Акрэсціна сабраліся людзі, якія прынеслі хлопцу самыя неабходныя рэчы. Хутчэй за ўсё, ім будзе адмоўлена — ахоўнікі папярэдзілі, што прымаюць перадачы толькі ад сваякоў.

Артэм Чысцякоў быў схоплены на Кастрычніцкай плошчы разам з яшчэ десяццю маладымі людзьмі, сярод якіх знаходзіўся і пляменнік экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксей Казулін. Моладзь збіралася правесці пікет супраць прымусовай дэпартацыі з Беларусі ў час і пасля прэзідэнцкіх выбараў замежных грамадзян з Украіны, Францыі, Грузіі, Канады і іншых краін.

Супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі маладых людзей яшчэ да пачатку акцыі. У Цэнтральным РУУС Мінска на іх склалі адміністрацыйныя пратаколы. Праз некалькі гадзін усіх, акрамя ўкраінца Артэма Чысцякова, выпусцілі на свабоду.

Цяпер удзельніку акцыі супраць дэпартацыі замежных грамадзян самому пагражае дэпартацыя. Праваабаронцы лічаць утрыманне Артэма Чысцякова незаконным, паколькі той з’яўляецца грамадзянінам іншай краіны, прычым непаўнагадовым.

— Суддзя, які не пажадаў назваць сябе, сказаў, што гэтая справа будзе разгледжана цягам трох дзён, а на працягу месяца будзе вырашана пытанне адносна дэпартацыі Артэма, — адзначае каардынатар Моладзі БНФ Алесь Каліта. — Зараз да гэтай справы павінна далучыцца консульства Украіны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)