Комментарии
Віталь Цыганкоў, Радыё Свабода

Угаварыце мяне стаць беларусам!

Чарговая моўная дыскусія пацьвярджае адзін даўні анэкдатычны тэзіс — «беларусамі не нараджаюцца, беларусамі становяцца».

Вось калі трапяцца чалавеку спрыяльныя ўмовы, ідэальныя настаўнікі, Караткевіча нехта дасьць пачытаць, ці Лявона падсуне паслухаць, альбо сустрэне добрага і ласкавага беларускамоўнага (бо беларускамоўныя ж увогуле ўсе без выключэньня павінны быць прывабнымі і мудрымі, іншымі словамі, ідэальнымі) — карацей, патрэбна шчасьлівае спалучэньне тысяч розных чыньнікаў, каб чалавек «стаў беларусам». Ну, а калі хоць нешта не сышлося — то, прабачце, застанецца ў расейска-савецкім зародку. Ну не пайшло, ня тую песьню Лявона паставілі, недастаткова прыгожа перада мной скакалі і вершы чыталі, — не ўгаварылі, не пераканалі.

Вось гэты момант («угаварыце нас стаць беларускамоўнымі»), які ад розных людзей гучыць падчас гэтай дыскусіі, мяне найбольш уражвае. Кшталту — гэта ж ня «мне» трэба, а «вам». А я стану беларусам (беларускамоўным), толькі калі вы ўсе вакол створыце мне ідэальныя і спрыяльныя ўмовы для гэтага.

Здаецца, такое магчыма толькі ў адной краіне, дзе можна пражыць жыцьцё, ня ведаючы дзяржаўнай мовы. Бо беларус, гадуючыся ў сёньняшняй Беларусі, «аўтаматычна», пачынаючы ад школы, атрымлівае базавую расейска-савецкую культурную ідэнтычнасьць, разбаўленую пэўнымі беларускімі элемэнтамі, беларускім арнамэнтам. Атрымаць беларускую нацыянальную (беларускую эўрапейскую, касмапалітычную) ідэнтычнасьць магчыма толькі ў выніку свайго ўласнага мэнтальнага выбару, у выніку духоўных і інтэлектуальных намаганьняў. У працэсе, які трапна апісваецца парадаксальнай прыказкай «беларусамі не нараджаюцца — беларусамі становяцца».

І гэта няправільна. Гісторыя падказвае, што любыя пазытыўныя зьмены прыходзілі пры наяўнасьці дзьвюх рэчаў — ня толькі таго самага «пераконваньня» грамадзтва, але і «прымусу» — праз прыняцьцё дзяржавай адпаведных правілаў і законаў. Калісьці былі вялікія дыскусіі, ці трэба біць дзяцей. Хтосьці пагаджаўся, хтосьці не, кагосьці ўдалося пераканаць, кагосьці — не. А потым проста прынялі законы, што біць дзяцей нельга. І ўжо ня важна, згодны ты ці не. Калі б’еш дзяцей — за гэта пакараньне.

Можна, канечне, доўга і прыгожа пераконваць людзей плаціць падаткі. Але калі дазволіць іх не плаціць — то мала хто будзе плаціць добраахвотна. Большасьць сплачвае падаткі не ад вялікага грамадзянскага сумленьня, а пад страхам пакараньня. Плаціць падаткі — гэта закон.

Трошкі надакучыла «ўгаворваць» людзей, што двойчы два чатыры.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)