«Удзячны кожнаму і кожнай, хто падтрымаў Сізіфа ў яго безнадзейнай працы і падставіў сваё плячо». Названы пераможцы прэміі Гедройца 2024

Першае месца атрымаў Валянцін Акудовіч.

У еўрапейскім цэнтры салідарнасці ў Гданьску ўзнагародзілі лаўрэатаў прэміі Ежы Гедройца 2024. Узнагарода ўручаецца за найлепшую арыгінальную кнігу, напісаную на беларускай мове ў жанрах мастацкай і дакументальнай прозы.

Фота: facebook.com/giedroyc.by

Першае месца атрымаў Валянцін Акудовіч і яго кніга «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым» (выдавецтва «Логвінаў», 2023) «за змястоўную і шырокую панараму беларускага інтэлектуальнага жыцця».

— Нядаўна я залез у Вікіпедыю спраўдзіць нейкі факт пра Ежы Гедройца і ўразіўся колькасці ўзнагарод рэдактарам амаль за стогадовае жыццё. Падумалася, што і мне тады не сорамся займець якую-небудзь прэмію, асабліва, калі яна мае такога апекуна, — прачытала са сцэны прадстаўніца Акудовіча ягоныя словы. — Хоць у магчымасць сваёй перамогі я не надта веру, але натуральна неверагодна радасна будзе атрымаць гэту ўзнагароду.

Таму я ўдзячны кожнаму і кожнай, хто падтрымаў Сізіфа ў яго безнадзейнай працы і падставіў сваё плячо пад нялегкую ножку пад назвай «Мая краіна».

Другое месца атрымала Ганна Янкута з кнігай «Час пустазелля» (выдавецтва «Янушкевіч», 2023) «за шчыры аповед залучанай назіральніцы і ўдзельніцы сучаснай гісторыі»

Трэцяе месца здабыла кніга «Забіць упалмінзага» Змітра Бартосіка (Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2022) «за дакументальна-мастацкае сведчанне пра трагічную старонку беларускай гісторыі, важнае ў цяперашні час».

Спецыяльную ўзнагароду ад партнёра прэміі «Еўрарадыё» атрымала Ева Вайтоўская. Яе кніга «Гарэзлівы пацалунак. Кніга другая» (выдавецтва «Янушкевіч», 2023) з’явіцца ў эксклюзіўнай аўдыяверсіі.

Арганізатарамі прэміі выступілі Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)