Общество
Генадзь Косараў

Удзельнікі шэсьця “Дзяды” прайшлі каля 10 кілямэтраў

Каля тысячы чалавек у нядзелю ўзялі ўдзел у традыцыйным шэсьці “Дзяды” і мітынгу ва ўрочышчы Курапаты, дзе ў 1937-1941 гадах, у часы сталінскіх рэпрэсіяў, адбываліся масавыя расстрэлы мірных грамадзянаў.

Сёлета акцыя, арганізатарам якой выступіла Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя – БНФ, ладзілася ў дзевятнаццаты раз. Менскі гарвыканкам даў дазвол правесьці збор удзельнікаў ля Гадзіньнікавага заводу “Прамень” і прайсьці па ходніках уздоўж Праспэкту Незалежнасьці ды іншых вуліцаў да Беларускага Пантэону, як яшчэ называюць курапацкі народны мэмарыял.

У прызначаны час, аб 11-й гадзіне, ля прахадной завода ўжо прысутнічалі каля паўтысячы чалавек, у часе шэсьця іх колькасьць павялічвалася. На першым жа скрыжаваньні на вуліцы Валгаградзкай супрацоўнікі дарожна-паставой службы, якія суправаджалі людзкую калёну ўвесь час, спрабавалі прымусіць удзельнікаў акцыі спусьціцца ў падземны пераход. Такое патрабаваньне ДПС выклікала абурэньне арганізатараў, у прыватнасьці, намесьніка старшыні КХП-БНФ Юрася Беленькага, ды і ў іншых людзей. Відаць, ахоўнікі правапарадку забыліся пра трагедыю ў падземным пераходзе станцыі мэтро “Няміга” 30 траўня 1999 году, калі ў цісканіне ў тунэлі загінулі 53 чалавекі і многія дзясяткі атрымалі раненьні…

Паколькі акцыі была дазволеная ўладамі, ніякіх эксцэсаў у часе яе правядзеньня не назіралася (праўда, на бульвары Талбухіна, на ўсялякі выпадак, прыхаваліся некалькі аўтазакаў ды аўтобус са спэцназаўцамі). Дэманстранты несьлі нацыянальныя бел-чырвона-белыя сьцягі, партыйныя штандары (апроч КХП-БНФ, у шэсьці ўдзельнічалі кіраўнікі й сябры Партыі БНФ, БСДП(Г)), расьцяжкі з надпісамі “Камунізм - пад трыбунал”, “Памятаем пра ахвяры расейскага тэрору”, “Свабоду Казуліну”, “Свабоду Дашкевічу”, “1937 - 2007” ды іншыя.

Адразу кінулася ў вочы, што пераважная большасьць удзельнікаў “Дзядоў” – маладзёны. “Сёньняшнія беларускія ўлады дзенічаюць у дачыненьні да моладзі гэткім жа чынам, як і энкавэдысты ў трыццатыя гады, таму мы й выйшлі на “Дзяды”, каб не дапусьціць поўнага паўтору той трагічнай гісторыі”, - сказаў мне лідэр Моладзі БНФ Алесь Каліта.

Праз больш як дзьве гадзіны (удзельнікі шэсьця прайшлі пехатою каля 10 кілямэтраў) калёна спынілася ля адноўленага памятнага крыжа, усталяванага на ўваходзе ў Курапаты амаль дваццаць гадоў таму і незадоўга да “Дзядоў” зламанага невядомымі вандаламі. Людзі ўсклалі да падножжа кветкі й запалілі зьнічкі ды лямпадкі, пасьля чаго прайшлі да трох памятных крыжоў на “Курапацкай Галгофе”, дзе адбыўся непрацяглы мітынг.

На ім выступілі кіраўнікі КХП-БНФ Юрась Беленькі (“пакуль мы ходзім у Курапаты, пакуль жыве памяць – датуль жыве беларускі народ, жыве нацыя”), Алесь Чахольскі, Валеры Буйвал, які зачытаў ліст са зваротам да ўдзельнікаў акцыі лідэра партыі Зянона Пазьняка, а таксама Сяргей Папкоў. Апошні ў сваёй палымянай прамове, вытрыманай у “антыімпэрскім духу”, апроч іншага, прыгадаў і “маскоўскага стаўленіка” Андрэа Рыгоні (спэцдакладчык па Беларусі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы – Г. К.), і піцерскага губэрнатара Валянціну Матвіенку разам зь Філіпам Кіркоравым.

Тым часам, грамадзкія актывісты ўсталёўвалі ва ўрочышчы новыя крыжы - усяго над магіламі ўзьнесьліся шаснаццаць новых хрысьціянскіх сымбаляў. А за імі пільна назіраюць пераапранутыя й “форменныя” супрацоўнікі міліцыі. Дарэчы, калі да іх падыйшла Мая Кляшторная, чый бацька – беларускі літаратар Тодар Кляшторны - загінуў ад рук сталінскіх катаў, і запыталася, як прасоўваецца вышук злачынцаў, што ўчынілі акты вандалізму ў Курапатах, праваахоўнікі папросту маўчалі й нават не адказалі на пытаньне, каму яны падпарадкоўваюцца – гораду ці вобласьці.

Па завяршэньні мітынгу людзі мірна разышліся, а Сяргей Папкоў паведаміў, што 4-га лістапада (акурат, калі ў Менску заплянаваны Сацяльны марш) КХП-БНФ зладзіць шэсьце да Лошыцкага Яру, дзе ў часы сталінскіх рэпрэсіяў энкавэдысты таксама забівалі мірных людзей.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)