Политика
Любоў Лунёва, ”Радыё Свабода”

Удзельнікі аўтапрабегу працягваюць рух без аўтамабіляў

20 ліпеня спаўняецца 26 гадоў лідэру “Маладога фронту” палітвязьню Зьмітру Дашкевічу. Яго плянуюць павіншаваць ля брамаў шклоўскай калёніі ўдзельнікі аўтапрабегу салідарнасьці з актывістамі незарэгістраванага “Маладога фронту”. Нягледзячы на перашкоды з боку міліцыі і КДБ акцыя салідарнасьці з маладафронтаўцамі працягваецца.

У чацьвер міліцыя затрымала ўдзельнікаў аўтапрабегу. Усе чатыры аўтамабілі, якія ўдзельнічалі ў прабегу, былі спыненыя на Берасьцейскай шашы недалёка ад Менску, а пазьней затрыманыя ў міліцыі Дзяржынску.

Нягледзячы на гэта, акцыя салідарнасьці па маршруце Баранавічы — Нясьвіж — Салігорск —Магілёў — Шклоў працягваецца — яе ўдзельнікі перамяшчаюцца іншымі транспартнымі сродкамі. 14 удзельнікаў акцыі паехалі цягніком у Баранавічы, а кіроўцы аўтамабіляў і былы палітвязень Павал Севярынец засталіся ў Дзяржынску.

Супрацоўнікі мясцовай міліцыі на некалькіх машынах сачылі за кожным з удзельнікаў аўтапрабегу. Павал Севярынец здолеў “адарвацца” ад іх, але патрульныя машыны ехалі за прэсавым сакратаром “Маладога фронту” Барысам Гарэцкім і карэспандэнткай Радыё Свабода. У выніку яны былі вымушаныя ехаць на вакзал на міліцэйскай машыне. На станцыі “Койданава”, большасьць людзей каля будынку вакзала былі супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным

Удзельнікі акцыі прыехалі ў Баранавічы цягніком, адтуль, як і плянавалася, яны выехалі ў Салігорск і а 5 гадзіне раніцы яшчэ знаходзіліся там. Да іх далучыліся яшчэ некалькі чалавек.

Актывісты вырашылі, што ў любым выпадку акцыя завершыцца менавіта ў Шклове каля калёніі, дзе адбывае пакараньне лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Удзельнікі аўтапрабегу павіншуюць Зьмітра сыгналамі аўтамабіляў. Яны будуць імкнуцца перадаць хлопцу торт і будуць патрабаваць, каб кіраўніцтва калёніі дазволіла яму спатканьне з бацькамі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)