Политика
Алег Грузьдзіловіч, Радыё Свабода

Удзельнікаў акцыяў у Менску 10 і 11 кастрычніка масава выклікаюць у міліцыю

Арганізатары «Шэсьця нацыянальнага сьцяга» і ўдзельнікі мітынгу 11 кастрычніка атрымалі позвы ў міліцыю і ў суды

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька і былы кандыдат на прэзыдэнта на выбарах 2010 году Ўладзімер Някляеў атрымалі позвы ў міліцыю ў сувязі зь іхным удзелам у шэсьці нацыянальнага сьцяга, якое прайшло 10 кастрычніка ў Менску.

«У міліцыю я не хадзіў, размаўляў зь імі па тэлефоне, калі яны прапанавалі прыйсьці. Сказаў, што яны там самі добра ведаюць, як ім працаваць, і безь мяне. Яны адказалі, што — так, добра ведаюць. То бок на мяне складзены пратакол за 10 кастрычніка і будуць дасылаць позву ў суд, але дзень суду, як я разумею, яшчэ не прызначаны. Карацей, працэс ідзе», — паведаміў карэспандэнту Свабоды Ўладзімер Някляеў.

Анатоль Лябедзька атрымаў паведамленьне, што будзе выкліканы ў суд паводле пратаколу за ўдзел у шэсьці нацыянальнага сьцяга. Дзень суду не прызначаны. Таксама Анатоль Лябедзька рыхтуецца да разгляду сваёй скаргі на адміністрацыйны прысуд за акцыю 30 верасьня. Скарга будзе разгледжаная 22 кастрычніка ў менскім гарадзкім судзе.

Тым часам у міліцыю выклікаюць удзельнікаў акцыі 11 кастрычніка на плошчы Незалежнасьці, неўзабаве пасьля заканчэньня выбараў. Актывіст Леанід Кулакоў паведаміў, што яго з аднадумцамі выклікаюць 19 кастрычніка на 14.00 у Цэнтральны РУУС.

«Ведаю, што таксама выклікалі Алеся Макаева, Мікалая Коласа, Алеся Рыбачэнку, Марыю Касьян і Вольгу Мікалайчык. Шукаюць, каб уручыць позву, Максіма Вінярскага. Усіх — за акцыю на плошчы. Пойдзем у міліцыю разам з адвакатам», — сказаў Леанід Кулакоў.

У пятніцу 16 кастрычніка за ўдзел у акцыі на плошчы Незалежнасьці быў аштрафаваны на 720 тысяч рублёў працаўнік менскага заводу Артур Жук. Маладога чалавека абвінавацілі ў брыдкаслоўі ў публічным месцы.

Таксама за ўдзел у акцыі быў складзены пратакол на вядомага літаратара Адама Глобуса.

«Позвы ў суд на дакладны час яшчэ не атрымаў, але папярэдзілі, каб чакаў», — сказаў Адам Глобус карэспандэнту Свабоды.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)