Удзельніцы галадоўкі ў Гародні шпіталізаваныя

Удзельніцы галадоўкі пратэсту ў Гародні — вернікі рымска-каталіцкай парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Вострабрамскай — Тэрэза Мілашэўская (1938 г.н.) і Ірына Гілюк (1935 г.н.) былі сёння ноччу шпіталізаваныя.

Медыкі паставілі пажылым жанчынам дыягназ “гіпертанічны крыз”. Вернікі былі змушаныя выйсці з галадоўкі.

Галадоўка, нагадаем, пачалася 1 снежня. Спачатку яе ўдзельнікамі былі 12 чалавек, пасля колькасць галадаючых павялічылася да 15. Гэта, у асноўным, жанчыны ва ўзросце ад 39 да 79 гадоў. Вернікі патрабуюць ад улад пісьмовага дазволу на будаўніцтва касцёла. Сваё рашэнне правадзіць галадоўку яны матывуюць тым, што на працягу амаль дзевяці год парафія не можа атрымаць дазволу на ўзвядзенне храма па вуліцы Рэпіна, 2. Суполка колькасцю больш за 8 тыс. парафіянаў валодае невялікім цагляным будынкам капліцы святых Пятра і Паўла, а таксама драўлянай капліцай на 300 вернікаў, якія размешчаныя на зямельным участку плошчай 0,27 гектара. Гэтыя будынкі даўно не месцяць усіх вернікаў, якія прыходзяць на службу.

Па словах настаяцеля парафіі, удзельнікі галадоўкі “маюць намер трымацца да апошняга”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)