Общество
Ганна Любакова, Радыё Свабода

Удава забітага ў Charlie Hebdo Мішэля Рэно распавяла, чаму яе муж любіў Беларусь

Галіна Рэно, беларуска, удава фатографа і падарожніка Мішэля Рэно, які загінуў у тэракце супраць рэдакцыі сатырычнага часопіса ў Парыжы, распавяла, якім быў яе муж, чаму ён любіў Беларусь і што Мішэль для яе — каханьне ўсяго жыцьця.

У нядзелю ў Парыжы на марш еднасьці супраць тэрарызму выйшаў мільён чалавек. У першым шэрагу разам з сусьветнымі лідэрамі ішлі родныя і блізкія ахвяраў тэракту супраць рэдакцыі сатырычнага часопіса Charlie Hebdo. Сярод іх — беларуска, Галіна Рэно, якая ў тэракце страціла свайго мужа — вядомага фатографа і журналіста Мішэля Рэно.

— Я страціла чалавека, сваё каханьне. Я самы няшчасны чалавек. У мяне такая горыч, я проста не магу гэтага выказаць. Мішэль яшчэ ў Парыжы, мы яго яшчэ нават не забралі. Пахаваньня яшчэ не было, таму я зь ім сустрэнуся толькі заўтра — толькі заўтра ўбачу яго ў апошні раз. Гэта быў цудоўны, залаты чалавек, які любіў сьвет, любіў усіх людзей у сьвеце, вось чаму ён столькі вандраваў. Таму што ён хацеў бачыць людзей. Нягледзячы на тое, што людзі размаўляюць на розных мовах, знаходзіў магчымасьць, каб даведацца, пра што яны думаюць, чым яны жывуць і як хочуць бачыць будучыню — будучыню іх краіны і сьвету. А ў нас забралі гэтага чалавека, які быў настолькі цікавы, настолькі цудоўны тата, для якога дачка была ўсім. У мяне забралі каханьне ўсяго майго жыцьця. Я магу гэта цяпер сказаць.

— Ці адчуваеце Вы нейкую дапамогу, хто падтрымлівае Вас цяпер?

— Мяне падтрымлівае француская дзяржава. Я размаўляла са спадаром прэзыдэнтам Франсуа Аляндам. Я ураджэнка Беларусі, але я таксама нарадзілася ў Савецкім Саюзе. Для мяне Расея і Беларусь — гэта адно і тое ж, але я ведаю, што гэта цяпер розныя дзяржавы. Мне б так хацелася, каб нарэшце наладзілася дачыненьні менавіта паміж Францыяй, Расеяй і Беларусьсю, каб было ўсё добра. Каб увогуле ва ўсім сьвеце быў мір, каб такіх людзей, як Мішэль, не забівалі. Такіх людзей, як ягоныя сябры. У нас вялікая страта, сьвет абрынуўся. Але ёсьць падтрымка сям’і. Тут мой старэйшы брат Рыгор Раманаў, Ніна Раманава і жонка майго брата. Француская дзяржава мяне падтрымлівае і мая сям’я. Суседзі, вось мая суседка стаіць побач, яна францужанка. Міністэрства юстыцыі Францыі, усе тэлефанавалі, усе вакол нас. Але нам нічога не заменіць Мішэля, гуманіста, чалавека, які мог бы зрабіць яшчэ шмат для шчасьця людзей на гэтай зямлі.

— У Беларусі цяпер праходзіць выстава ягоных фотаздымкаў.

— Бацькі тэлефануюць, яны ў шоку. Там ёсьць памяць пра Мішэля, пра яго гавораць, яго памятаюць і любяць. І гэта для мяне ўсё дорага. Мне дорага, што менавіта ў Беларусі пра Мішэля не забылі, таму што ў Беларусі мы зь ім пазнаёміліся. Мы пазнаёміліся, і да нас прыйшла любоў. І я яго кахаю і буду кахаць.

— Мішэль быў у Беларусі не аднойчы. Што яго найбольш зьдзіўляла ў нашай краіне, уражвала?

— Ён вельмі любіў беларускі і рускі народ. Яго вельмі цікавіла наша руская і беларуская культура, а яшчэ савецкая. Таму што ён шмат ведаў пра гісторыю гэтай краіны яшчэ ў царскі час, імпэрыю. Гэта быў вельмі адукаваны чалавек, і для яго нейкія пэрыяды не існавалі асобна, ён браў гісторыю ў глябальным пляне. Ён па-сапраўднаму, вельмі любіў менавіта ўсю рускую прастору, вось чаму мы цэлы год правялі ў Цэнтральнай Азіі, у Кіргізіі, Бішкеку, дзе нашая дачка Васіліса вывучыла расейскую мову разам з маленькімі кіргізамі.

— Што ён казаў менавіта пра Беларусь?

— Ён казаў, што рады, што кожны раз, калі вяртаецца ў Беларусь, гэтая краіна квітнее. Што яна становіцца ўсё прыгажэйшая і прыгажэйшая. І што людзі вельмі годныя ў Беларусі. Што ня трэба ніколі, каб палітыкі кідалі свой народ на волю лёсу і ўдараліся ў нейкія палітычныя спрэчкі, а іх задача, іх доўг, гэта жыцьцё людзей і грамадзянаў любой краіны — Беларусі, Расеі, Францыі ці іншай краіны ў іншым кутку сьвету.

Галіна Раманава (Рэно) працавала перакладчыцай францускай мовы ў 46-й школе Гомеля – горада пабраціма францускага Клермон-Фэрана. І калі з гэтага францускага гораду ў Гомель прыяжджалі госьці, то перакладчыкаў бралі менавіта са школы, дзе працавала Галіна. Такім чынам яна і пазнаёмілася з падарожнікам і журналістам Мішэлем Рэно. Хутка пара пабралася шлюбам, і Галіна пераехала ў Клермон-Фэран у цэнтральнай Францыі. Тут у іх нарадзілася дачка Васіліса, якой цяпер ужо 10 гадоў.

У 2009 годзе ў Беларусі Мішэль Рэно ладзіў сваю пэрсанальную выставу фотаздымкаў у галерэі Гаўрылы Вашчанкі ў Гомлі з назваю «Падарожжа вакол сьвету у 80 фатаграфіях». Тады вядомы францускі падарожнік падараваў гомельскай галерэі шэраг сваіх працаў. Цяпер у Гомлі праходзіць выстава, прысьвечаная памяці Мішэля Рэно.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)