Скандалы
Улад Швядовіч, фота Ірыны Арахоўскай, Наша Ніва

«Ударыў з крыкам «Валі мусароў!»

17-гадовага Аляксандра Х. вінавацяць за гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў.

Аляксандр Х.

Раніцай 31 кастрычніка ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска распачаўся працэс па гэтай справе.

«Я ляжаў тварам на падлозе, калі адзін зь іх расшпіліў шырынку»

Перад пасяджэннем у адным куце фае абмяркоўвалі планы хлопец з бацькамі і адвакатам. У іншым — сабраліся гуртом амапаўцы разам з пацярпелым Алегам Шарко. Праўда, перыядычна амапаўцам прыходзілася качаваць па памяшканні, каб схавацца ад фотакамер журналістаў. Прадстаўляцца ці размаўляць з прэсай ніхто з іх не захацеў.

Не захацелі таксама і бацькі Аляксандра. «Я не буду нічога каментаваць», — паведаміла маці хлопца, якая моцна нервавалася. Але яна ўсё ж паведаміла, што іх пазоў да амапаўца адхілілі — у дзеяннях сілавіка не знайшлі перавышэння паўнамоцтваў.

Прысутнічаў і прадстаўнік навучальнай установы — Алена Харашаўцава, сацыяльны педагог з ліцэя №9, дзе вучыцца падлетак.

Суддзя Валеры Есьман запрасіў пракурора зачытаць абвінавачванне. Паводле яго, старшы прапаршчык Шарко дзейнічаў згодна са сваімі абавязкамі і затрымаў падлетка, каб даставіць у РУУС. А ў машыне хлопец нанёс амапаўцу «не менш за адзін удар у вобласць галавы», вынік гэтага — крывападцёк і ўдар.

Сваю віну Аляксандр Х. не прызнаў. У паказаннях ён паўтарыў сваю папярэднюю версію.

Па словах хлопца, ўвечары 18 ліпеня разам з сябрам ён выпіў трохі алкаголю — «150 грамаў гарэлкі». Пасля пазнаёміліся з кампаніяй падлеткаў, якія папярэдзілі, што недалёка знаходзіцца міліцыя і параілі ісці на бліжэйшы прыпынак грамадскага транспарту. Хлопцы паслухаліся, аднак, не паспелі дайсці да месца, як іх паклікалі супрацоўнікі АМАПа. Хлопцы спалохаліся затрымання, сталі ўцякаць. Пазней, палічыўшы, што іх больш не даганяюць, спакойным крокам працягнулі ісці да прыпынку. Але нечакана да іх ззаду падбег «мужчына ў цывільным» і беспадстаўна ўдарыў кулаком у галаву сябра Аляксандра, той паваліўся. Аляксандр Х. стаў зноў уцякаць, аднак вярнуўся і ўбачыў, што сябар ляжыць на зямлі, пад вокам у яго была гематома.

Пасля гэтага хлопцаў пагрузілі ў аўтазак і павезлі на медыцынскі агляд. У спецмашыне знаходзілася яшчэ трое непаўналетніх затрыманых хлопцаў.

Калі аўтазак крануўся, Аляксандр падышоў да супрацоўніка АМАПу Алега Шарко і хацеў папрасіць, каб машыну спынілі, таму што яму стала кепска. Машына стала прытармажваць, хлопец не ўтрымаўся і зваліўся на Шарко.

Пацярпелы Алег Шарко

«Я шукаў апору і, можа, рукамі няўмысна штосьці яму нанёс…», - распавёў Аляксандр.

Пасля гэтага амапаўцы пачалі рукамі і нагамі біць па галаве і тулаве не толькі Аляксандра, але і яго сябра, затым паклалі іх тварам у падлогу, надзелі кайданкі за спіной і працягнулі збіваць, распавёў хлопец.

Але ж суддзя Есьман вельмі зацікавіўся пытаннем, чаму хлопец вырашыў устаць у аўтазаку:

«А навошта вы ўставалі?»

«Хацеў сказаць амапаўцам, што мне кепска», — адказаў Аляксандр.

Есьман пацікавіўся, дзе сядзелі амапаўцы. Высветлілася, што яны сядзелі насупраць хлопца.

«А седзячы вы не маглі пацікавіцца?» — спытаў суддзя.

«Мне здавалася, што там было шумна», — сказаў хлопец.

«А што, ўсталі б і шум бы знік?» — працягваў Есьман.

«Яны размаўлялі паміж сабой…»

«Размаўлялі дык і размаўлялі б далей. Што перашкаджала седзячы сказаць: рабяты, мне дрэнна?» — не спыняўся Есьман.

Пры гэтым хлопец прызнаў, што за распіццё гарэлкі затрымалі яго законна.

30-гадовы Алег Шарко, пацярпелы, паведаміў, што ён ужо беспрацоўны.

Яго версія была такая: хлопцы хісталіся з боку ў бок, выглядалі падазрона, у іх былі чырвоныя вочы. А тая кампанія, з якой пазнаёміўся Аляксандр Х. і яго сябар, сама распавяла амаўцам, што хлопцы прасілі грошай на гарэлку. Таму амапаўцы вырашылі дагнаць падлеткаў — «думалі, што можа быць штосьці забароненае». Забароненага не знайшлі, але падлеткаў затрымалі, выклікалі аўтазак.

«У аўтазаку Х. з сябрам пашапталіся, я сказаў ім сядзець ціха, Х. устаў і, па маім адчуванням, з усёй моцы ўдарыў мяне з крыкам «Валі мусароў!» — распавёў Шарко. Таварыш Аляксандра Х. таксама ўстаў з месца, і Шарко з напарнікам «прынялі меры па затрыманні».

Хлопцы, па словах амапаўца, «брыкаліся з мацюкамі».

 «Сфармулюю так, крычалі: «Пофіг, мусара!» — паведаміў Шарко.

Пасля хлопцаў прывезлі ў РАУС, дзе Х. палохаў міліцыянтаў бацькам і «штосьці казаў пра нейкіх там дэпутатаў», распавёў Шарко.

Сам амапавец адразу напісаў заяву на Х. і паехаў у бальніцу. У яго «губа пасінела, была раздзёртая слізістая».

«Не лячыўся, але кепска сябе адчуваў цягам тыдня, не мог нармальна есці», — сказаў ён.

Аляксандр Х. заявіў, што амапавец яго агаворвае. Але калегі — ужо былыя — Алега Шарко пацвердзілі яго версію.

Цікава, што з гісторыі знік эпізод з мачой. Раней праваабаронцы, спасылаючыся на Аляксандра Х., паведамлялі даволі рэзкія падрабязнасці.

«Да хлопцаў наблізіўся адзін з супрацоўнікаў АМАПа і выказаў шкадаванне, што ім няма 18 гадоў, інакш ён з задавальненнем бы ажыццявіў над імі гвалтоўны анальны палавы акт, і ў будучыні яны ў месцах пазбаўлення волі сталі б асобамі з нізкім сацыяльным статусам. Пасля такіх пагроз іх абязрушылі тварам уніз, пачуўся гук здымаемых штаноў, на галовы хлопцаў палілася нейкая вадкасць, — гаварылася раней. — Пасля неаднаразовых скаргаў, у дзяцей быў узяты зрэз валасоў і генетычная экспертыза пацвердзіла на галаве сляды мачы. Аднак, праверка не змагла ўстанавіць, хто канкрэтна з супрацоўнікаў праваахоўных органаў гэта зрабіў».

Не ўзгадаў пра гэта і 17-гадовы Мікіта М., сябра Аляксандра Х. У сваім аповедзе хлопец прытрымліваўся той жа версіі, што і Х.: выйшлі, выпілі, пабеглі, затрымалі.

«У аўтазаку я падумаў, што Х. ўдарыў амапаўца, — распавёў Мікіта. — Бо пасля гэтага нас адразу ж пачалі збіваць».

Наступнымі сведкамі былі двое падлеткаў, што таксама былі «пасажырамі» аўтазаку ў той злашчасны дзень. Абодва яны расказалі фактычна адно і тое ж: «Ехалі… потым адзін устае і б’е амапаўца».

Праўда, пацвердзілі хлопцы і тое, што потым амапаўцы пачалі збіваць Х. і яго сябра.

Затым суддзя Есьман вырашыў пагаварыць з мамай абвінавачанага — Ірынай М.

«Чаму ён вырашыў гарэлкі выпіць?» — пацікавіўся Есьман.

«Дзень народзінаў быў у сябра не так даўно. Мо з-за гэтага?» — адказала маці.

«Раскажыце пра яго захапленні», — папрасіў суддзя.

«Раней спортам займаўся... потым забаранілі…», — ледзь вымавіла маці і ў слязах выбегла з залЫ.

Яе плач было чуваць нават з-за зачыненых дзвярэй. Пачаў шмыгаць носам і сам Аляксандр Х.

Што тычыцца эпізоду з мачой, то пра яго не ўзгадвалі, бо сёння разглядаецца справа аб віне Х., растлумачыў пазней адвакат хлопца Мацкевіч. Пра абліванне мачой было ў заяве на амапаўцаў, якую напісалі бацькі Х. Але ж тую заяву, як ужо паведамлялася, адхілілі — у дзеяннях Шарко і яго калегаў не знайшлі складу злачынства.

Пасля невялікага перапынку пракурор папрасіў прызначыць Аляксандру Х. пакаранне ў выглядзе 2 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Сам Аляксандр не змог нават выступіць з апошнім словам — проста заплакаў.

«Я зразумеў, што нельга распіваць алкагольныя напоі ў публічных месцах», — вось і ўсё, што вымавіў ён.

Прысуд Аляксандру Х. агучаць 1 лістапада а 10:00.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)