Общество
Яўген Валошын, «Звязда»

У замежным шлюбе беларускі губляюць дзяцей і робяцца кухаркамі

«Сама вяртайся дадому, а дзеці застануцца са мной. З дому не выходзіць! Даглядай маіх бацькоў!» — такія нумары часта выкідваюць замежныя абраннікі перад беларускімі жонкамі. Журналіст «Звязды» даведаўся пра тыповыя небяспечныя сітуацыі, з якімі сутыкаюцца нашы суайчынніцы падчас інтэрнацыянальных шлюбаў.

Па звестках Міністэрства юстыцыі, у Беларусі за мінулы год быў зарэгістраваны 5181 інтэрнацыянальны шлюб. Гэта азначае, што кожная пятнаццатая беларуска спыняе выбар на замежным жаніху. Калі ўлічыць, што часта беларускі распісваюцца з такімі абраннікамі за мяжой, то лічба адтоку з краіны найлепшых нявестаў як мінімум істотная.

Цікава, чым звычайна сканчаюцца гэтыя шлюбы? З такім пытаннем мы звярнуліся да спецыялістаў праграмы "Ла Страда". Менавіта сюды на "гарачую лінію" ў выпадку небяспекі звяртаюцца пакрыўджаныя за мяжой беларускія жонкі.

— Большасць тэлефанаванняў на нашу "гарачую лінію" — гэта звароты людзей наконт дакументаў, неабходных для працаўладкавання за мяжой, ці пытанні кшталту "як бяспечна пабрацца шлюбам?" — аналізуе Галіна Цюрына, менеджар праграмы "Ла Страда". — Але хапае тэлефанаванняў, звязаных з ахвярамі гандлю людзьмі, са скасаваннем шлюбаў.

— Ці часта беларускі разводзяцца з замежнымі абраннікамі?

— Калі ў Беларусі колькасць зарэгістраваных і скасаваных шлюбаў прыкладна роўная, то за мяжой нашы суайчынніцы разводзяцца менш. Праўда, пабраўшыся з замежнікам, нашы жанчыны робяцца больш уразлівымі і часта баяцца ісці на развод. Нават калі церпяць гвалт. Баяцца, напрыклад, што іх адразу ж дэпартуюць з замежнай краіны і больш ніколі не дазволяць сюды прыехаць. Дынаміка можа быць такой...

Атрымліваецца, дарагія беларускі, ніхто з вас не застрахаваны ад таго, што замежны рай пераўтворыцца, так бы мовіць, у балючае пекла. Шанц удала выйсці замуж ёсць, ён высокі, але і верагоднасць поўнага правалу рэальна існуе. Вось такая слізкая арыфметыка. Найбольш праблемаў узнікае з усходнім рэгіёнам

У Галіны Цюрынай мы спыталіся, якія праблемы звычайна ўзнікаюць паміж нашымі жанчынамі і іх замежнымі абраннікамі. І аказалася, хапае выпадкаў хатняга гвалту, калі даводзілася літаральна ўцякаць ад мужа, сітуацый, калі ў беларускай матулі адбіраюць дзяцей.

— Найчасцей узнікаюць праблемы з усходнімі краінамі. У нас хапае адтуль студэнтаў, якія навучаюцца ў беларускіх ВНУ. Жэняцца яны часам з нашымі дзяўчатамі. Пакуль жывуць у Беларусі, усё нармальна. Потым надыходзіць час, і былыя студэнты вяртаюцца на радзіму, разам з жонкамі і дзецьмі. І тут пачынаюцца праблемы, — уздыхае Галіна Цюрына. — Па іх законах дзеці нярэдка прызнаюцца ўласнасцю бацькі, вывезці іх назад у Беларусь немагчыма. Часта такія пары ўтвараюць нармальныя сем'і, добра жывуць. Але здараецца, жанчыну пачынаюць успрымаць як хатнюю работніцу, кухарку, яна не мае ніякага развіцця. Такое жыццё надакучвае, дзяцей хочацца вывезці дадому, хоць бы на лета, а муж кажа: "Не, табе нельга". Краіны ўсходняга рэгіёну трапляюць у зону ўвагі менавіта з-за такіх праблем з дзецьмі.

Другая катэгорыя спраў звязана з жанчынамі, якія найчасцей выязджаюць у Францыю (зноў жа праблемы з дзецьмі) і Германію.

Вось нядаўні прыклад. Наша жанчына пазнаёмілася з немцам па інтэрнэце. Падчас перапіскі ён паведамляў, што мае вялікі дом, добра зарабляе: "Прыязджай, можам ажаніцца". Яна прыязджае, бачыць дом. Адзін паверх належыць мужу, тры астатнія — яго састарэлым бацькам, якіх яна, аказваецца, павінна даглядаць. На моўныя курсы насуперак абяцанням ён яе не адпраўляе, увесь час утрымлівае ў доме, разумеюцца жэстамі. Гэта жанчына ўсё ж паспрабавала сысці, разгарэўся скандал, немец пачаў яе збіваць. Ёй удалося выклікаць паліцыю: "Ён схаваў мае дакументы, не дае грошай, нікуды не выпускае!" Прадстаўнікі паліцыі звярнуліся ў грамадскую арганізацыю, і жанчына выехала на Радзіму...

Гісторыі разбітых сэрцаў

Сумныя апавяданні пра беларускіх прыгажунь, якім даставалася ад замежных кавалераў, не змясціць у таўсценнай кнізе. У пачатку жніўня "Звязда" напісала пра лёс нашай суайчынніцы Кацярыны Брокель, якая выйшла замуж за галандца. Пасля аднаго з сямейных скандалаў беларуска знікла. Праз паўгода яе рэшткі, залітыя мантажнай пенай, знайшлі ў шафе дзіцячага пакоя. А муж кінуўся наўцёкі ў ЗША. І што ў выніку? Багаты муж, гаспадар некалькіх бардэляў, наняў дарагога адваката. Яго вінаватасць не змаглі даказаць.

Пасля выхаду таго матэрыяла журналісту "Звязды" дапамаглі сустрэцца з яшчэ адной нашай суайчынніцай, якая натрапілася на разбэшчанага замежніка — ужо італьянца. Дзяўчыну завуць Ілона — высокая, бялявая, дагледжаная цаца, студэнтка. Ведае замежныя мовы, валодае манерамі, прачытала не адну кніжку. Калі распавядаць без перабольшанняў, у інтэрнэце да Ілоны прычапіўся італьянец, Марчэла. Прыехаў у Мінск, здарылася сімпатыя: "Паехалі да мяне".

— Прыляцела ў Мілан, і там сутыкнулася з праблемамі, — раздражнёна распавядае Ілона.

— Дык што там здарылася? — асцярожна пытаюся ў дзяўчыны.

— Двух тыдняў не пражылі, як ён прывёў дадому дзвюх дзевак і пайшоў з імі забаўляцца, — увайшоў у размову Артур, сябар Ілоны, — а ёй сказаў: "Твая справа — гатаваць і прыбіраць".

— Можна сказаць, што з Мілана я ўцякала. Добра, што змагла вярнуцца дадому, — працягнула Ілона. — Хоць далёка не ўсе італьянцы такія, як Марчэла. Адна мая знаёмая знайшла сабе адразу некалькіх замежных спонсараў. Рэгулярна лятае то ў Стамбул, то ў Турын. Могуць пайсці на шопінг і патраціць за раз больш за дзесяць тысяч еўра...

Гісторыя Ілоны, можна сказаць, скончылася шчасліва. Вось калі замежны абраннік адбірае ў жонкі дзяцей, гэта ўжо страшна.

— Беларуская мадэль пазнаёмілася з грамадзянінам ЗША. Той кіраваў рэкламным бізнэсам, — узгадвае свежыя канфліктныя сітуацыі Галіна Цюрына. — Аднойчы муж вырашыў пераехаць на гістарычную радзіму — у Ліван. Там беларуская жонка пасварылася са свекрывёю. На гэта муж сказаў: "Ты едзь у Амерыку, займайся сваім бізнэсам, а дачка застанецца са мной".

У жанчыны былі сур'ёзныя сувязі і ў ЗША, і ў Беларусі, яна скарысталася паслугамі кваліфікаваных юрыстаў. Але дагэтуль сітуацыя з месца не зрушылася. Вярнуць дзяцей не атрымліваецца. Ці яшчэ адна падобная гісторыя. Пасля разладу з жонкай муж-ліванец прыехаў у Беларусь і папросту скраў траіх дзяцей, у тым ліку і маленькую дачку, якая мела сур'ёзныя праблемы са здароўем. Вярнуць дзяцей маці так і не змагла.

Чаму беларускі так вераць усходнім прынцам?

Не сакрэт, што для некаторых беларускіх жанчын усходні кавалер — не інакш як ахілесава пята. Пра наступствы чулі, пра розніцу ў менталітэтах ведаюць, а справіцца з унутранымі жарсцямі ніяк не могуць. Да спецыялістаў праграмы "Ла Страда" звярталіся многія расчараваныя жанчыны. Цікавімся ў Галіны Цюрынай, у чым жа сакрэт поспеху усходняга лавеласа?

— Працэс заляцання да дзяўчыны з іх боку вельмі маляўнічы, незвычайны. Напэўна, гэта вабіць і маладых жанчын, і больш сталых. Мы бралі ўдзел у адным з судовых пасяджэнняў. У суд звярнуўся беларускі мужчына, які скасаваў шлюб з жонкай. У іх была маленькая дачка, прыгожая, бялявая. Жанчына ў хуткім часе пасля разводу пазнаёмілася з туркам, па інтэрнэце. І, ні разу яго не бачыўшы, вырашыла ўзяць маленькую дачку і з'ехаць у Турцыю. Мы ўдзельнічалі ў судзе як эксперты па гэтай краіне. Бачылі гэту жанчыну і разумелі, што яна была цалкам зачараваная, усё ж працэс заляцання надзвычай уплывае на беларусак і іншых жанчын з постсавецкай прасторы.

Але пасля рэгістрацыі шлюбу сітуацыя часам мяняецца. Жанчына робіцца цалкам падуладнай мужу, і гэта ва ўсходніх краінах лічыцца нармальным.

Як беларускім мужчынам навучыцца складаць канкурэнцыю замежным жаніхам

Сяджу з трыма дзяўчынамі, так бы мовіць свецкімі львіцамі, у адной з модных кавярняў на сталічнай вуліцы Няміга. Крысціна, Жэня і Анжаліка ў сваім жыцці прайшлі праз агонь, ваду і медныя трубы. У кожнай з іх быў замежны хлопец. Але да вяселля не дайшло, пачуцці з часам згаслі. Дзяўчат я папрасіў скласці канкрэтны спіс: чаго, на іх погляд, часам не хапае беларускім кавалерам. Атрымаўся даволі просты спіс:

1) Тактоўнасці. Мала ўсмешак, не ўмеюць выказаць захапленне жанчынай.

2) Стылю. Не сочаць за простымі моднымі тэндэнцыямі.

3) Гігіены. Многія не глядзяць за сабой, рэдка прымаюць душ, не сочаць за пазногцямі.

4) Рамантыкі. Дарыць кветкі, размаўляць пра зоркі і спяваць серэнады — саромеюцца.

У цэлым, дзяўчаты падкрэслілі, што і ў нас вартыя кавалеры водзяцца, хоць і ў вялікім дэфіцыце. Пакуль далёка не кожны беларускі мужчына мае ахвоту удасканальваць свае ўменні правільна заляцацца да дзяўчыны.

Як пазбегнуць праблем, калі збіраешся узяць шлюб з замежнікам?

У Беларусі працуе так званая "гарачая лінія" па бяспечнай міграцыі, якую наладзіла наша філія праграмы "Ла Страда".

Скажам, вы трапілі ў сэксуальнае рабства ці ваш замежны муж аказаўся вычварэнцам, збівае вас і не выпускае з дому. Ці вы збіраецеся за мяжу і вам проста патрэбна юрыдычная кансультацыя. У гэтых выпадках тэлефануйце на "гарачую лінію" "Ла Страда". Тут паспрабуюць дапамагчы, бясплатна.

Тэлефанаванне па Беларусі 8 801 100 8 801.

Званкі з мабільнага тэлефона альбо з-за мяжы +375 17 295 31 67

Інтэрнэт-старонка lаstrаdа.bу.

— Звяртаючыся да нас, многія перад ад'ездам за мяжу ўдала перастрахоўваюцца, — адзначае галіна Цюрына. — Не так даўно на "гарачую лінію" патэлефанавала жанчына: "Заўтра выязджаю ў Аўстрыю, хачу прыгледзець сабе мужа". Мы расказалі пра заканадаўства Аўстрыі, падказалі, якія дакументы там неабходныя. Праз тры месяцы тэлефануе яна ж: "Ведаеце, я з ім добра пазнаёмілася, цяпер раскажыце канкрэтна, што трэба для рэгістрацыі шлюбу".

Замежнікі часта прапаноўваюць заключаць беларускім жонкам шлюбныя кантракты. Папярэджваем, тут важна канкрэтна ведаць, што падпісваеце. Так, да нас звярнулася жанчына, прынесла шлюбны кантракт, складзены па-галандску. Нашы спецыялісты ведаюць англійскую, нямецкую мовы, але ніяк не галандскую. Давялося праводзіць цяжкую працу, перакладаць, вычытваць. І высветлілася, што ў выпадку скасавання шлюбу жанчына не толькі нічога не атрымала б, але і моцна рызыкавала б: яна мусіла б сплачваць пазыкі мужа, калі б яго рызыкоўны бізнэс разваліўся

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)