У Хойніках ад каранавірусу памёр 49-гадовы настаўнік
Алега Сачанкі не стала 7 чэрвеня.
Пра гэта «НН» паведаміў ягоны сын Раман.
Фота з суполкі хойніцкай гімназіі ў vk.com
— Тата захварэў 16 мая. Ад 18 мая быў у бальніцах. Спачатку ў Хойніках, потым атрымалася выцягнуць яго ў Гомель. Тэст на каранавірус быў станоўчым, — расказвае Раман.
Хлопец кажа, што тэсты, якія бралі ў яго і ў яго мамы 25 мая, таксама паказалі станоўчыя вынікі. Але паколькі хвароба праходзіць у лёгкай форме, яны знаходзяцца дома.
— КТ паказала, што ў бацькі была двухбаковая пнеўманія. Ад 25 мая ён быў падключаны да апарату ШВЛ, — працягвае казаць сын.
Цела нябожчыка пакуль не забралі з Гомеля.
— Пакуль нават ускрыццё не рабілі, так што не ведаем, якая афіцыйная прычына смерці. Але каранавірус у яго быў дакладна.
Раман Сачанка сказаў, што ў бацькі былі хранічныя хваробы, але не стаў удакладняць, якія менавіта.
Алег Сачанка працаваў настаўнікам працоўнага выхавання і інфарматыкі ў гімназіі горада Хойнікі Гомельскай вобласці. Ягоны педагагічны стаж складаў больш за 25 гадоў.
Читайте еще
Избранное