Скандалы
Мікола Бугай, ”Наша нiва”

У хаўрусьнікаў Мілінкевіча шукалі “сьпірт”

Вечарам 30 кастрычнiка супрацоўнiкi ААПП Маскоўскага РУУС Берасьця правялi ператрус у памяшканьнi суполкі "Дзедзiч".

Мiлiцыянты патлумачылі, як яны сказалі, “агляд” тым, што праз тэл. "02" невядомы паведамiў, што ў гэтай хаце ідзе бойка, чуваць крыкi. У гэты час у офiсе знаходзiўся толькi Зьмiцер Шыманскi — кiраўнiк берасьцейскай арганiзацыi Партыi БНФ, які на выбарах узначальваў гарадзкі штаб Мілінкевіча.

Увайшоўшы ў памяшканьне, мiлiцыянты пачалi цiкавiцца друкаванай прадукцыяй, якая там знаходзiлася. У вынiку яны забралі 15 заяваў аб уступленьнi ў Партыю БНФ, 500 чыстых блянкаў заяваў, 800 асобнiкаў дакладу камiтэту па правах чалавека ААН аб сытуацыi з правамi чалавека ў РБ. Забраны таксама каля 50 асобнiкаў бюлетэняў "Навiны БНФ", "Моладзь БНФ", "Дзедзiч", па некалькi асобнiкаў iншых выданьняў.

Варта адзначыць, што мiлiцыянты паказалi сп. Шыманскаму пастанову аб правядзеньнi агляду, у якой адсутнiчалi iмя i подпiс пракурора, што павiнен санкцыянаваць агляд памяшканьня.

“Міліцыянты робяць усё, каб мы не маглi працаваць, — наракае Зьміцер. — Варта забавіцца ў офiсе больш чым на 15 хвiлiн, як прыяжджае патрульная машына”.

Аглядам кiраваў начальнiк ААПП Юры Сьцепусюк. Удзельнічалі ягоныя намесьнiкi Аляксандар Тарасевiч i Аляксей Сямёнаў. За дзеяньнямi сваiх падначаленых, якія “правяралі крыкі”, сачыў ажно намесьнiк начальнiка УУС Берасьцейскага аблвыканкаму Алег Бандарук, паведамляе З.Шыманскі.

У такіх умовах дзейнічаюць дэмакратычныя актывісты. От і разгарні хоць якую дзейнасьць.

А 31 кастрычніка ўжо ў Горадні супрацоўнікі міліцыі і спэцслужбаў уварваліся ў хату Юлі Коцкай, супрацоўніцы прэсавай групы Мілінкевіча. Паводле інфармацыі прэс-службы Мілінкевіча, міліцыянты паказалі ордэр, падпісаны сьледчым Расолькам, які вядзе справу віцебскіх выбухаў, а ў свой час шукаў Ганчара з Захаранкам.

Хату Коцкай узялі ў аблогу яшчэ з 29 кастрычніка. Маніліся ператрэсьці, аднак хата была замкнёная. Міліцыянты паведамілі суседзям, што нібыта быў сыгнал, што з дому вывозяць сьпірт. Пасля гэтага міліцыянты наведалі маці Юліі. Аднак спадарыня адмовілася ехаць адмыкаць хату, пакуль няма санкцыі пракурора. За пару гадзінаў міліцыянты вярнуліся бяз санкцыі, але з новым падазрэньнем: нібыта ў хаце апроч сьпірту фальшуюць дакумэнты. Жанчына зноў адмовілася адмыкаць хату. Так і доўжылася два дні.

29 кастрычніка ў Горадні затрымалі Андрэя Кусельчука, дарадцу Мілінкевіча. Пасадзілі на трое сутак нібыта за нецэнзурную лаянку.

Гэтыя скаардынаваныя дзеяньні выглядаюць “адказам” на прысуджэньне Мілінкевічу прэміі імя Сахарава.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)