Общество
Арцём Гарбацэвіч, Наша Ніва

У вучэбцы, дзе служыў салдат Коржыч, распускаюць сяржантаў

Новых набіраюць з баявых частак.

Працягваецца «разбор палётаў» пасля трагічнай смерці салдата Аляксандра Коржыча ў Печах. Крыніцы «Нашай Нівы» паведамілі, што ў трэцяй школе, дзе служыў Коржыч, цалкам замяняюць сяржанцкі склад — тых, хто не затрыманы, адправяць служыць у іншыя часці, на іх месца перавядуць сяржантаў з «баявых» частак.

Магчыма, будзе створана сістэма рэгулярнай ратацыі сяржантаў.

Трохі раней там жа, у Печах, салдатам дазволілі мець пры сабе мабільныя тэлефоны, хай і прымітыўныя.

Таксама варта дадаць, што крыніцы «Нашай Нівы» з розных частак сігналізуюць пра пастрожванне афіцэрскіх абавязкаў у беларускім войску. Сілы спецаперацый, сувязь, спецназ — афіцэры цяпер на рэгулярнай аснове ладзяць начныя праверкі, павялічыўся час знаходжання афіцэраў з асабовым складам, у некаторых часцях маюць паставіць камеры.

Салдатам загадана паведамляць пра малейшыя парушэнні статутных адносін.

Міністэрства абароны пакуль не можа пацвердзіць роспуск сяржантаў у трэцяй школе. Прэс-сакратар ведамства Уладзімір Макараў адзначыў, што «рэалізуецца цэлы комплекс захадаў»: маўляў, замена сяржантаў можа быць адным з яго элементаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)