В мире
Тацяна Поклад, ”Радыё Свабода”

У Вільні скончыліся Дні беларускай і літоўскай культуры

У нядзелю ў Вільні завершыліся “Дні нацыянальнай беларускай і літоўскай культуры”, прысьвечаныя стагодзьдзю першай беларускай газэты Наша Ніва.

У імпрэзах бралі удзел літоўскія парлямэнтары Вацлаў Станкевіч і Ёнас Чэкуоліс, кіраўнік дэпартамэнту нацыянальных мяншыняў пры літоўскім урадзе Антанас Пятраўскас. Былы прэм'ер-міністар Літвы Альгірдас Бразаўскас забясьпечыў фінансавую падтрымку. У ліку беларускіх удзельнікаў былі Станіслаў Шушкевіч, Ірына Казуліна.

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, якая прыехала ў Вільню пасьля сустрэчаў з прадстаўнікамі ўраду Эстоніі, адзначыла, што і ў Літве плянуецца шэраг яе сустрэчаў зь літоўскімі палітыкамі і кіраўніцтвам.

(Сурвіла: ) “Мяне тут заўсёды вельмі добра прымалі, мінулы раз я сустракалася зь віцэ-страшынём літоўскага Сойму, мы выдатна паразумеліся”.

Учора ў віленскай ратушы адбыліся канцэрты і выставы кніг і мастацкіх твораў. Выступаў Віктар Шалкевіч, гурт “Стары Ольса”, свае творы прывёз Алесь Пушкін.

У часе дыскусіяў абмяркоўвалася магчымасьць выданьня беларуска-літоўскага і літоўска-беларускага слоўнікаў, кніг па гісторыі Літвы, зробленых літоўскімі аўтарамі па-беларуску, і гісторыі Беларусі, напісанай беларусамі па-літоўску, выданьняў па гісторыі Вільні і Віленскага унівэрсытэту.

У імпрэзах бралі удзел творцы і дзеячы зь Беларусі і многіх краінаў сьвету з трох кантынэнтаў. Кіараўніца латвійскага тарыства беларускай культуры «Сьвітанак» Тацяна Казак кажа:

(Казак: ) “Для ўсіх нас — гэта магчымасьць глынуць беларускага паветра, але ў Беларусі немагчыма ладзіць такія імпрэзы на дзяржаўным узроўні”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)