Политика
Уладзімер Глод, ”Радыё Свабода”

У Вільні абмяркоўваюць сытуацыю вакол Кангрэсу дэмсілаў

У суботу ў Вільні пачалася сустрэча прадстаўнікоў беларускай дэмакратычнай апазыцыі і грамадзкасьці. Цягам 10 і 11 сакавіка яны абмяркуюць крызысную сытуацыю, што склалася вакол правядзеньня Кангрэсу дэмакратычных сілаў.

Лябедзька: гэта дыскусія на прадмет таго, як выйсьці на эфэктыўны Кангрэс

Напярэдадні ад'езду ў Вільню лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька наступным чынам патлумачыў неабходнасьць такой сустрэчы:

— Гэта будзе яшчэ адна дыскусія на прадмет таго, як выйсьці на эфэктыўны Кангрэс. Пасьля яе завяршэньня мы можам дакладна сказаць, якая існуе ступень падрыхтоўкі так званай пазытыўнай альтэрнатывы. Гэта — малая канстытуцыя, эканамічная плятформа і стратэгія. Я думаю, што ўжо сёньня можна гаварыць пра 60-90% гатоўнасьці гэтых дакумэнтаў.

Мілінкевіч у Вільню ня быў запрошаны

Старшыня палітычнай рады аб'яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч у Вільню не паехаў. Ягоны прэсавы сакратар Павал Мажэйка тлумачыць сытуацыю:

— Ён трошкі захварэў. Але мы спадзяемся, што ў панядзелак ужо ўсё будзе добра. А што тычыцца Вільні, дык наколькі я ведаю, ён туды не плянаваў ехаць, бо ня быў запрошаны. Я шчыра скажу, пра гэтую сустрэчу ён абсалютна ня ведае.

Вячорка: “Соймы нам даражэйшыя за Вільню. І БНФ таксама даражэйшы”

Застаўся ў Менску і старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка:

— У нас сёньня сойм. А соймы нам даражэйшыя за Вільню. І Беларускі народны фронт таксама даражэйшы. А пытаньне падрыхтоўкі да Кангрэсу мы сёньня не абмяркоўвалі, бо нам важней былі свае стратэгія ды дзейнасьць.

"Будзем працаваць і ў нядзелю"

Прадстаўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксей Кароль знаходзіцца ў Вільні. І вось што ён паведамляе нашаму Радыё:

— Ужо абмеркавалі малую Канстытуцыю, абмеркавалі эканамічную плятформу. Па апошняй ёсьць практычная рэкамэндацыя. У групу, якая займаецца эканомікай, дадалі новых людзей. Мы разам узважылі падыходы і паглядзелі, што яны прынцыпова не разыходзяцца. Пастаўлена задача да канца сакавіка зрабіць канчатковы варыянт і затым на старонкі дзьве папулярны варыянт для людзей.

— А што са стратэгіяй?

— Зараз будзем і яе абмяркоўваць.

Мяркуецца, што 15 сакавіка ў Менску на паседжаньні Палітычнай рады Аб'яднаных дэмакратычных сілаў будзе нарэшце названая дата правядзеньня новага Кангрэсу. Як мы ўжо паведамлялі, "Саюз левых партый", у які ўваходзяць Беларуская партыя жанчын "Надзея", Партыя камуністаў беларуская ды Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), прапануе правесьці Кангрэс 14-15 красавіка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)