У Віцебску памерла 58-гадовая жанчына з пнеўманіяй. Сваякі: У яе быў каранавірус

18 сакавіка ў Віцебску памерла 58-гадовая Таццяна Хузеева. Жанчыну шпіталізавалі з запаленнем лёгкіх.

Сваякі кажуць, што Хузеевай зрабілі і тэст на каранавірус — ён быў станоўчы. Гэтую інфармацыю каналу Harbatsevich пацвердзілі дактары Віцебскай гарадской клінічнай бальніцы №1.

Але афіцыйнай прычынай смерці ў пасведчанні пазначаны не каранавірус.

— Таццяна нікуды не ездзіла, яна звычайная пенсіянерка. Была дома, хадзіла ў краму, усё як звычайна, — распавяла «Нашай Ніве» нявестка памерлай. — Некалькі дзён таму ёй стала кепска. Пару разоў выклікалі і доктара дадому, і хуткую дапамогу. Але толькі праз пяць ці шэсць дзён яе шпіталізавалі ўжо з пнеўманіяй. Пазней нам сказалі, што аналізы паказалі каранавірус: ці яго выявілі пры паступленні Таццяны ў бальніцу, ці пасля ўскрыцця, дакладна я не ведаю.

Тэсты загадалі здаць і сваякоў памерлай. Цяпер яны ў хатнім каранціне, чакаюць вынікаў. Кажуць, прыкметаў захворвання ў іх пакуль няма.

— У Таццяны былі і спадарожныя праблемы са здароўем: высокі ціск, цукроўка. Афіцыйнай прычынай смерці, канечне, напісалі не каранавірус. Але вось такі факт, — кажа нявестка.

Па непацверджанай інфармацыі, Хузеева яшчэ некалькі дзён хадзіла ў паліклініку на ўколы. Цяпер работнікаў паліклінікі і бальніцы, якія кантактавалі з ёй, таксама адправілі здаваць тэсты.

20 сакавіка жанчыну пахавалі.

Нявестка кажа, што Таццяну Хузееву хавалі ў закрытай труне, апрацаванай сродкамі дэзыінфекцыі. Пахаванне было закрытым, прысутнічалі толькі блізкія члены сям'і.

Падчас падрыхтоўкі публікацыі мы неаднаразова тэлефанавалі ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя, але ніхто не здымаў трубку.

— Дыягназаў у яе шмат, але гэтага [каранавіруса] няма, — адказала «Нашай Ніве» пасля публікацыі прэс-сакратарка Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.2(18)