У Ваўкавыскім раёне ад каранавірусу памёр старшыня сельсавета

Сцяпан Браско жыў у пасёлку Рось Ваўкавыскага раёна, а на працу ў сельсавет ездзіў у Субачы, што за 20 кіламетраў.

Прастудныя прыкметы ў 62-гадовага мужчыны з’явіліся 29 красавіка. Стан вельмі рэзка пагаршаўся, таму выклікалі хуткую, пра гэта «НН» расказала ягоная жонка Ларыса.

— Яго амаль адразу ў рэанімацыю забралі — 60% лёгкіх было пашкоджана. Моцная тэмпература трымалася, — расказвае ўдава.

Па яе словах, тэст на каранавірус у Сцяпана Браско быў станоўчы. У самой жанчыны таксама быў дыягнаставаны COVID-19, яна таксама ляжала ў ваўкавыскай бальніцы.

— У мяне лягчэй было, толькі 20% лёгкіх былі пашкоджаныя. Мяне выпісалі ў дзень пахавання Сцяпана — 15 мая, — кажа спадарыня Ларыса.

На развітанні з мужчынам труну не адкрывалі.

Адкуль сямейная пара магла заразіцца каранавірусам?

— Не ведаем, ці я яму прынесла, ці ён мне. У нас у школе, дзе я працую, ёсць хворая на каранавірус. А ў яго ў Субачах участковы бессімптомна захварэў, і ўся сям’я ягоная. Адкуль заўгодна магло быць. Не сказаць, што ў нас у Росі шмат хворых, але ёсць, — гаворыць Ларыса Георгіеўна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(11)