Скандалы
Зінаіда Цімошак, «Новы час»

У турме Жодзіна, не дачакаўшыся прысуду, памёр падазраваны ў збіцці міліцыянтаў

У Жодзінскай турме №8 сёння раптоўна памёр случчанін Ігар Барбашынскі, справу якога аб злосным непадпарадкаванні міліцыянтам пры выкананні службовых абавязкаў, супраціве і збіцці супрацоўнікаў РАУС другі месяц разглядае суд Слуцкага раёна.

Нагадаем абставіны справы, якая прывяла 37-гадовага мужчыну да турмы і смерці.

У канцы сакавіка Ігар разам з братам Іванам, пасля наведвання начной кавярні былі затрыманы міліцыянтамі па дарозе дадому. Іх абвінавацілі ў тым, што яны былі нецвярозымі ў грамадскім месц. Хлопцаў даставілі ў медвыцвярэзнік.

Назаўтра да медвыцвярэзніка была выклікана хуткая медыцынская дапамога, якая адвезла братоў у паліклініку. Рэнтгенаўскія здымкі паказалі пералом рабрын, таксама былі зафіксаваны шматлікія гематомы. Пасля таго, як случчане напісалі заяву ў Слуцкі РАУС аб збіцці іх міліцыянтамі, яны даведаліся, што супраць іх распачата крымінальная справа аб гвалтоўных дзеяннях у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі. Праз два месяцы, у чэрвені 2016 года, Барбашынскія былі затрыманыя і да суда змешчаны ў Жодзінскі следчы ізалятар.

У жніўні адбыліся тры судовыя пасяджэнні, падчас якіх абставіны справы для міліцыянтаў клаліся не лепшым чынам. Судовы разгляд справы да гэтага часу не скончаны, абвінавачаныя запрасілі дадатковыя адмысловыя экспертызы, якія, на іх думку, маглі б даказаць адсутнасць гвалтоўных дзеянняў супраць супрацоўнікаў РАУС.

І вось адзін з братоў не дачакаўся судовага выраку — раптоўна памёр.

Размаўляць з маці, Галінай, было вельмі цяжка. Жанчыну душылі слёзы. «20 верасня, каля дзевяці гадзін раніцы мне патэлефанавалі з жодзінскай турмы, сказалі, што памёр мой сын, і далі нумар тэлефона для сувязі. Ніякіх прычын і абставін смерці не паведамілі. Сказалі толькі, што трэба прыязджаць заўтра — забіраць цела. Я крычала ў тэлефон — як гэта памёр? Ён жа такі здаровы быў, маёр у адстаўцы, былы ваенны, займаўся спортам, амаль не нічым не хварэў? Што здарылася? У адказ — ніякай інфармацыі», — кажа жанчына.

Маці лічыць, што «яе сына з’елі міліцыянты і турма».

Прычыны смерці пакуль застаюцца не вядомымі. Заўважым толькі, што гэта ўжо не першая смерць абвінавачваемых і падсудных у жодзінскай турме.