Беседка
Алесь СІВЫ, «Народная воля»

«У стральбе можна выступаць і ў 60 гадоў»

Чэмпіён Алімпіяды-2012 Сяргей Мартынаў, які заваяваў у Лондане залаты медаль у стральбе з дробнакалібернай вінтоўкі з 50 метраў, распавёў «Народнай Волі», як праводзіць час пасля Гульняў, ці правяраюць стралкоў на допінг і чаму неабходна развіваць дзіцячы спорт.

— Сяргей, як пачувае сябе алімпійскі чэмпіён пасля Алімпіяды? Слава не цісне на плечы?

— Ды не — жыву звычайна, як і раней. Пасля Гульняў я проста адпачываў — то дома, то на дачы. Ды і якая там слава? Тэлефоных званкоў стала больш, сустрэч. Можа быць, крыху змяніўся мой жыццёвы расклад.

— Кажуць, што, калі чалавек становіцца вядомым, адразу ж аб’яўляюцца старыя знаёмыя, якія гадамі пра цябе не ўспаміналі...

— Ёсць і такія, але, скажам так, сабутыльнікаў не дабавілася. (Смяецца.) Дарэчы, я ўвогуле раўнадушны да спіртных напояў.

— За залаты медаль вы павінны атрымаць 150 тысяч долараў. Пакуль не далі?

— Не, але разлікі, думаю, будуць пасля таго, як у Лондане закончыцца Паралімпіяда.

— Калі не сакрэт, ужо вырашылі, у якую справу будзеце ўкладаваць грошы?

— Шчыра скажу — не думаў. Здаецца, няма такіх неадкладных пакупак. Штосьці пойдзе на навучэнне дзяцей...

— Зараз распачаўся пасляалімпійскі разбор палётаў, і днямі міністр спорту і турызму ўжо заявіў, што некаторыя беларускія спартсмены на Алімпіядзе свядома паказвалі кепскі вынік. Вы верыце ў гэта?

— Я думаю, што такое проста немагчыма. Як можна на Алімпіядзе свядома выступаць дрэнна? Кожны паказаў вынікі ў залежнасці ад ўзроўню сваёй падрыхтаванасці і магчымасцяў. Ды і калі нават уявіць, што нехта на самай справе сабатаваў Гульні, то хто канкрэтна?

— Напэўна, будуць разбірацца.

— Разумееце, каб рабіць такія заявы, патрэбны канкрэтныя факты і канкрэтныя доказы. Нехта на старт не выйшаў? Ці як яшчэ мог чалавек сабатаваць спаборніцтвы? Усе ж, здаецца, бегалі, кідалі і штурхалі.

— Перад Гульнямі было агучана, што каманда павінна заваяваць на Алімпіядзе 25 медалёў, але многія называлі гэтую лічбу нерэальнай. Ваша стаўленне да медалёвых планаў?

— На мой погляд, тэарэтычна зборная магла ўзяць 25 медалёў, калі б многія выступілі ў Лондане так, як яны гэта рабілі напярэдадні на чэмпіянатах свету.

— Але ж заваявалі толькі 12 медалёў...

— Тут вельмі шмат нюансаў, трэба рабіць работу над памылкамі. Той жа дзіцячы спорт у нас зараз не так развіты, як у савецкія часы, хоць я і не ведаю статыстыку па колькасці дзіцячых спартыўных школ, што рэальна працуюць. Больш іх стала ці менш? Мне здаецца, што менш.

Натуральна, што змяншаецца і колькасць прэтэндэнтаў на алімпійскія медалі. Вось у кулявой стральбе ёсць таленавітая моладзь, але ўжо не столькі, як раней. І, паўтаруся, тут комплекс праблем, якія неабходна вырашаць. У мяне 14-гадовая дачка, напрыклад, займаецца плаваннем, дык яна вымушана трэніравацца ў 7 гадзін раніцы. У гэты час вада таннейшая, а пасля басейн трэба аддаваць тым, хто заплаціў за абанементы. Таму што басейн хоча зарабляць грошы. Вось і даводзіцца мне ў 6 гадзін раніцы везці на машыне дачку, каб яна патрэніравалася.

І тут на будучыню, напэўна, трэба вызначыцца, што важней — дзіцячы спорт ці грошы? А то хочуць, як кажуць, і вожыка і вужыка...

— Сяргей, ва ўсіх на слыху допінг-скандал з нашай лёгкаатлеткай Надзеяй Астапчук. А стралкоў на допінг правяраюць?

— Безумоўна, на мінулай Алімпіядзе ў карэйскага стралка забралі два медалі... У нас нават валяр’янка допінгам лічыцца, кленбуцерол — прэпарат для лячэння бранхіяльнай астмы... Здаецца, бяскрыўдныя сродкі, а на самай справе — забароненыя.

— Якія ў вас бліжэйшыя планы?

— Хутка пачну трэніравацца, засталіся яшчэ адны міжнародныя спаборніцтвы. А затым ізноў пойдзе цыкл падрыхтоўкі да розных чэмпіянатаў, Алімпіяды 2016 года...

— Вінтоўку на цвік вешаць не збіраецеся?

— Мне ж толькі 44 гады, я, можа, і праз восем гадоў на Гульнях буду выступаць.

— І да якога ўзросту стралкі могуць займацца спортам?

— Дык хоць да 60 гадоў, калі здароўе дазваляе. Але ж я нічога не загадваю на будучыню, усяму свой час...

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)