Общество
Наста Манцэвіч, «Еврорадио»

У сталічных кнігарнях зніклі кнігі Някляева

Прадаўшчыцы кажуць, што ўсе кнігі пісьменніка раскупілі вельмі хутка, а «ў сувязі з апошнімі падзеямі» яны наўрад ці з’явяцца ў продажы. У выдавецтве ж адзначылі, што творы Някляева скончыліся ў раёне 19 снежня.

Журналіст Еўрарадыё прайшлася па цэнтральных кнігарнях Мінска, спадзеючыся купіць кнігу вядомага пісьменніка Уладзіміра Някляева. Першай была кнігарня “Падпісныя выданні”.

Еўрарадыё: Ці ёсць у вас кніжкі Някляева?

“Падпісныя выданні”: Няма. Наклад скончыўся…

Еўрарадыё: А ці будзе яшчэ?

“Падпісныя выданні”: Не, кажуць, што пасля нядаўніх падзеяў ужо не будзе.

Супрацоўніца “Падпісных выданняў” параіла пашукаць кніжку ў Цэнтральнай кнігарні. Але і там мы нічога не знайшлі. Прадаўшчыца сказала, што творы Някляева вельмі хутка раскупілі.

Еўрарадыё: Скажыце, а ці ёсць у вас кніжкі Някляева?

Цэнтральная кнігарня: Не, цяпер няма.

Еўрарадыё: А будуць?

Цэнтральная кнігарня: Не ведаю, не магу сказаць… У выдавецтве “Беларускі кнігазбор” няма, я ім тэлефанавала... Прадалі, і пакуль больш у выдавецтве няма. Магчыма, засталіся яшчэ на ўскраінах… А ў нас хутка разабралі, і мы больш не атрымоўвалі.

У кнігарні “Веды” “Някляева” таксама даўно раскупілі. “Гэтыя кніжкі заўсёды вельмі хутка прадаюцца”, — паведаміла прадаўшчыца.

Еўрарадыё: Добры дзень, я шукаю кніжку Някляева.

Веды: Няма кніжкі Някляева, даўно яе прадалі.

Еўрарадыё: А ці будзеце яшчэ замаўляць?

Веды: Не, наклад жа ўвесь прадалі! У “Беларускім кнігазборы” яшчэ ўвосень скончыліся… Тэлефануйце ім — будуць яны перавыдаваць ці не… Гэта іх праблемы. Гэтыя кніжкі заўсёды вельмі хутка прадаюцца. Так што звяртайцеся ў выдавецтва.

Выканаўчы дырэктар выдавецтва “Беларускі кнігазбор” Генадзь Вінярскі пацвердзіў, што наклад увесь прадалі. А перавыдаваць творы Някляева пакуль не збіраюцца.

Еўрарадыё: Мы нідзе не змаглі знайсці кнігу Някляева. Ці сапраўды ў вас скончыўся наклад?

Генадзь Вінярскі: Так, усё ўжо прадалі. Перавыдаваць пакуль не збіраемся, пакуль няма такой магчымасці.

Еўрарадыё: А калі скончыўся наклад?

Генадзь Вінярскі: Калі шчыра сказаць, то дзесьці ў раёне 19 снежня.

Еўрарадыё абтэлефанавала яшчэ некалькі кнігарняў — нідзе кніжак Някляева не было зусім. І не толькі тых, што выдаваў “Кнігазбор”. Нарэшце адна знайшлася ў “Акадэмкнізе”.

Акадэмкніга: “Ёсць на рускай мове “Окно”: вершы і паэмы”.

Нагадаем, што апошняя кніга Уладзіміра Някляева “Кон: вершы двух стагоддзяў” выйшла летась у выдавецтве “Лімарыус”. Але як паведамілі ў выдавецтве, кнігі праз гандлёвыя сеткі не распаўсюджвалі, іх забіраў сам Някляеў і ў продаж не даваў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)