У справе над заснавальнікам «Кнігі – поштай» фігуруюць каля 230 сведкаў
Распачалося судовае паседжанне па справе Алеся Яўдахі, стваральніка «Кнігі – поштай». На супрацоўніка УП «Логвінаў» была заведзена крымінальная справа за занятак прадпрымальніцкай дзейнасцю без рэгістрацыі.

Сам Яўдаха сваю віну не прызнае. Кажа, што дасылаў кнігі і сувеніры на запыт сяброў ды знаёмых у рэгіёны, а яны вярталі яму выдаткі шляхам грашовага пераводу. Алесю Яўдаху пагражае пакаранне ад штрафу да пазбаўлення волі на тэрмін да трох год.
Зраніцы на суд не з'явіўся ніводзін з запрошаных сведкаў, аднак суддзя вырашыла працягнуць працэс. Усяго ў справе фігуруюць каля 230 сведкаў, а паседжанні пройдуць цягам двух тыдняў – да 12 жніўня. Яўдаха пайшоў на супрацоўніцтва з судом, пагадзіўшыся на допыт. Суддзя Шаграй высвятліла некалькі момантаў справы, пасля чаго быў абвешчаны перапынак.
Падчас разгляду справы абвінаваўца назвала суму, якую пералічылі Яўдаху ў перыяд з 2008 па 2010 год – каля 79,5 мільёнаў рублёў. Паводле беларускага заканадаўства, атрыманне такой сумы за паслугі з'яўляецца прыбыткам у асабліва буйным памеры. Таксама была названая колькасць пасылак, якія зрабіў Яўдаха. Іх было 2614. Абвінавачаны ня вёў уліку пасылак, а не рэгістраваўся паколькі не атрымліваў за свае паслугі ніякай эканамічнай карысці. Яўдаха дасылаў пераважна кнігі на беларускай мове – мастацкія ды гістарычныя, а таксама некаторую сувенірную прадукцыю.
Калі падзяліць усю суму на колькасць пасылак, выходзіць, што абвінавачаны атрымліваў каля 30 000 з кожнай. Карэспандэнт «Салідарнасці» вырашыла высвятліць, колькі сёння каштуюць кнігі ў дзяржаўных кнігарнях і наведала «Акадэмкнігу». Кошты на друкаваную прадукцыю выдавецтва «Бібліятэка Бацькаўшчыны» вагаюцца ад 14 да 20 тысяч, выбранае з Міколы Ермаловіча можна набыць за 30 тысяч, а Расійска-Беларускі слоўнік Некрашэвіча ды Байкова і ўвогуле каштуюць 65 тысяч.
На дадзены момант цяжка сказаць, ці працэс з'яўляецца палітычным. На думку назіральнікаў, гэта можа быць звычайная праверка па факце незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное