Общество

У спісе Нобелеўскай прэміі міру з'явілася Ціханоўская. Якія ў яе шансы?

Сёлета сярод намінаваных на Нобелеўскую прэмію міру — Святлана Ціханоўская і Алесь Бяляцкі. Яны ўвайшлі ў спіс з 329 кандыдатаў. Сваё рашэнне камітэт абвесціць 8 кастрычніка, але ў букмекераў ужо ёсць свае фаварыты, піша Наша Ніва.

Сярод 329 кандыдатаў ёсць як асобы, так і арганізацыі. Нарвежскі Нобелеўскі камітэт называе толькі агульную лічбу вылучаных, але не разгалошвае ані спіс, ані шорт-ліст. Нарвежскі парадак адбору выключае любыя інсайды і лабіраванне. Поўныя спісы публікуюцца, але толькі праз 50 гадоў, калі робяцца гісторыяй.

Рашэнне прымае камітэт, складзены з пяці чалавек, выбраных нарвежскімі парламентарыямі. Яны традыцыйна рэпрэзентуюць розныя палітычныя сілы: правых, левых і цэнтрыстаў.

Канечне, Нобелеўская прэмія міру — не тая тэма, якую лёгка прадбачаць букмекерам. Тым не менш стаўкі на сайтах адлюстроўваюць уяўленні людзей пра тое, што і хто цяпер у трэндах.

На гэты момант абсалютным фаварытам лічыцца Сусветная арганізацыя аховы здароўя за яе ролю ў барацьбе з пандэміяй кавіду. Або, магчыма, больш вузка — COVAX, праграма паставак вакцын ад каранавіруса небагатым краінам.

На другім месцы ў спісе фаварытаў ідзе зняволены расійскі антыкарупцыйны блогер Аляксей Навальны.

Сярод фаварытаў называюць таксама экалагічную актывістку Грэту Тунберг і Джасінду Ардэрн, прэм’ер-міністарку Новай Зеландыі — краіны, якая найбольш паспяхова прайшла пандэмію.

Святлана Ціханоўская знаходзіцца ў нізе спісу. Яе не лічаць фаварыткай.

Зрэшты, спісы букмекераў на Нобель міру заўсёды трохі смешныя. У іх фігуруюць і асобы, якія на слыху, але шанцаў на прэмію не маюць ніякіх — сярод такіх, да прыкладу, Дональд Трамп, Уладзімір Пуцін і Эманюэль Макрон.

У 2012 годзе ў ліст прэтэндэнтаў на Нобеля ўваходзіў беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі. Тады ён быў зняволены — фармальна абвінавачаны ў нясплаце падаткаў, але фактычна за сваю дапамогу рэпрэсаваным у Беларусі. Сёлета Бяляцкі арыштаваны наноў, разам з калегамі па праваабарончым цэнтры «Вясна».

У 2020 годзе лаўрэатам прэміі стала Харчовая праграма ААН — за яе ролю ў ліквідацыі голаду ў бедных краінах.

Будзе незвычайна, калі два гады запар прэмію будуць атрымліваць праграмы ААН. Зрэшты, СААЗ, пры ўсёй павазе да яе, трапляла і пад крытыку за павольнасць у сваёй рэакцыі на пандэмію кавіду.

У 2019 годзе, апошнім перад пандэміяй, Нобеля атрымаў прэзідэнт Эфіопіі Абій Ахмед Алі — за мірнае вырашэнне канфлікту з Эрытрэяй, які дзесяцігоддзямі забіраў жыцці з двух бакоў.

Лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру абвяшчаюць у пятніцу першага поўнага тыдня кастрычніка — сёлета гэта 8 кастрычніка. Але рашэнне камітэт прымае да канца верасня.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.4(9)