Общество
Галіна Баравая, Bulletin Online

У Слуцку звольнілі 135 працаўнікоў тэкстыльнай фабрыкі

На гэтым тыдні завершыцца ліквідацыя яшчэ аднаго прамысловага прадпрыемства — Слуцкай тэкстыльнай фабрыкі. Яно прайграла канкурэнцыю туркам і кітайцам.

Сёньня ўпершыню ў траўні ў адміністрацыйным будынку Слуцкай тэкстыльнай фабрыкі ўключана электраасьвятленьне. Са старога кампутара прадпрыемства будуць надрукаваныя старонкі акта аб ліквідацыі вытворчасьці.

Раней паведамленьні аб звальненьні ў сувязі з банкруцтвам прыйшлі да ўсіх 135 працаўнікоў. Яны афіцыйна папярэджаныя, што атрымаюць раней ня выплачаны заробак за красавік і травень, выплату за нявыкарыстаны адпачынак, а таксама дапамогу на дзяцей.

— Дзеля гэтага давядзецца яшчэ больш залезьці ў даўгі, — канстатуе новы выконваючы абавязкі дырэктара Аляксандр Дубовік, — бо ў фабрыкі няма сваіх абаротных сродкаў. Мы завінаваціліся перад банкамі па крэдытах на 500 мільёнаў рублёў. А сума нявыплачаных бюджэту падаткаў — 708 мільёнаў рублёў.

Прычына ліквідацыі Слуцкай тэкстыльнай фабрыкі — хранічная стратнасьць. Правінцыйнае прадпрыемства цалкам прайграла ў канкурэнцыі сваіх вырабаў кітайскім і турэцкім фірмам. Ад асноўнай слуцкай прадукцыі — махровых ручнікоў — адвярнуліся пакупнікі.

Крах, аднак, наступаў паволі. Памятаю зіму 2004 году, калі ў цэхах фабрыкі мерзьлі ткачыхі, швачкі, матальшчыцы. Дзеля эканоміі адміністрацыя адмовілася набываць цяпло. Узначальвала тады калектыў вэтэран гэтай прамысловасьці Ірына Сідаровіч. Яна ж давала тлумачэньні журналістам, якія зьляцеліся ў Слуцак паглядзець на працу ў "сабачы холад".

— …Мы працуем толькі на сыравіне партнэра з Расеі, — гаварыла дырэктар Сідаровіч, — таму ня можам цалкам загрузіць вытворчасьць. А зваротныя сродкі вымываюцца. У нас няма ніякіх пэрспэктываў.

Пасьля скаргаў у 2004-м цэхі па падрыхтоўцы сыравіны часова прыпынілі. Жанчыны змушаныя былі сядзець дома. Фабрыка ня здольная была плаціць за электраэнэргію і ваду.

У 2004-м слуцкае начальства было абцяжарана падрыхтоўкай да рэспубліканскага фэсту "Дажынкі". Тэкстыльнай фабрыцы адшпілілі дапамогу з так званай прэзыдэнцкай скарбонкі на "добраўпарадкаваньне і выраб сувэніраў". У 2005-м эканоміка Случчыны, як гаворыцца, залізвала раны паказухі і гульбішчаў. Пакінутая бяз донарства зь бюджэту мусіла зачыніцца тутэйшая макаронная фабрыка. За ёй — завод "Модуль" і прадпрыемства "Ландыш".

Аднак памыляецца той, хто мяркуе, што ўлада ў Слуцку плача пра страты. Тут цяпер кажуць пра іншыя паказчыкі. Напрыклад, намесьнік старшыні райвыканкаму Ала Русак падлічыла: калі адміністрацыйны будынак і вытворчыя памяшканьні здаць у арэнду мабільнаму прыватнаму бізнэсу, то можна ня толькі разьлічыцца за ўсю запазычанасьць, але і "стрыгчы барышы".

— Распродаж ужо ідзе, — удакладніла Ала Русак, — пад дахам тэкстыльнай ужо працуюць 12 прыватных фірм. У прыватнасьці, "Будматэрыялы", "Бытавая хімія", "Стаматалёгія", "Цырульня".

А што ж былыя тэкстыльшчыцы? Большасьці з жанчынаў цяпер 40-42 гады. Хто іх возьме на працу?

— У Слуцку запатрабаваныя гандляры і цырульнікі, — рапартуе Ала Русак, — яшчэ ёсьць патрэба і ў швачках. Увогуле, плянуем сёлета стварыць 1.400 працоўных месцаў. Не прападуць і тэкстыльшчыцы.

Па дадзеных упраўленьня па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне Слуцкага райвыканкаму, на ўліку цяпер 635 беспрацоўных. Сярод іх — пэдагогі, мэдсёстры, бібліятэкары.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)