У Слоніме забілі скульптара Леаніда Богдана

Страшнае здарэнне адбылося ў Слоніме. Падчас спрэчкі адзін са сваякоў забіў мясцовага скульптара Леаніда Богдана і яго жонку.

Леанід Богдан – адзін з таленавітых беларускіх скульптараў. Ён не лез у вялікія мастакі, ён жыў у родным горадзе, тут пабудавваў сабе дом, майстэрню, дзе і працаваў.

Гэта быў адзін з культурных, аўтарытэтных і інтэлігентных слонімцаў. Ён нарадзіўся ў горадзе над Шчарай 64 гады таму назад. Ён шчыра любіў свой родны горад і нікуды адсюль не выязджаў.

Роднаму гораду і людзям ён бясплатна дарыў свае працы. Сярод іх былі бюсты знакамітых землякоў, выявы Гражыны Адама Міцкевіча, Францыска Скарыны, паэтаў Анатоля Іверса, Валянціна Таўлая, Алега Лойкі, бюст Міхала Казіміра Агінскага і іншых вялікіх людзей.

Ён выканаў з граніту мемарыяльную дошку, прысвечаную заснавальніку Слонімскага краязнаўчага музея Язэпа Стаброўскага, якая цяпер знаходзіцца на будынку музея.

Зрабіў мемарыяльную шыльду, прысвечаную Міхалу Казіміру Агінскаму і прымацаваў яе на будынку тэатра. Апошняя яго праца – мемарыяльны камень, устаноўлены на тым месцы, дзе было ў Слоніме замчышча.

У Леаніда былі дзясяткі задумак, каб упрыгожыць родны горад і вярнуць яму сапраўднае гістарычнае аблічча ў падзеях, людзях, помніках. Смерць Леаніда Богдана – вялікая страта не толькі для слонімцаў, але і для ўсіх творчых людзей Беларусі, якіх ён шчыра любіў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)