У Слоніме памёр грамадскі лідар Іван Шэга

Раніцай 4 кастрычніка ў Слоніме памёр вядомы доктар і грамадскі дзеяч, заснавальнік недзяржаўнай установы «Шэгамедкансульт», каардынатар Слонімскага грамадскага цэнтра, былы дэпутат Слонімскага раённага Савета дэпутатаў 2003-2007 гадоў Іван Шэга.

Івану Шэгу было 63 гады. Родам ён быў з вёскі Валеўка Наваградскага раёна. Скончыў Валеўскую сярэднюю школу амаль на выдатна, а потым Менскі медыцынскі інстытут. З 1980 года жыў і працаваў доктарам-траўматолагам у Слоніме.

Івана Шэгу ў Слоніме ведалі ўсе. Гэта быў прыгожы, інтэлігентны, адукаваны і нястомны ва ўсіх справах чалавек. У апошнія дваццаць гадоў ён актыўна займаўся палітыкай, з’яўляўся сябрам Сойму партыі БНФ, яго хваляваў лёс Беларусі і свайго народа.

Свае разважанні і думкі пра лёс краіны ён выказаў і паспеў выдаць асобнай кнігай «Пра краіну і пра нас», якая сёлета выйшла з друку ў Менску. Дэмакратычная Беларусь згубіла яшчэ аднаго свайго адданага сябра, якога нам так будзе не хапаць. Сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл шчыра спачуваюць родным і блізкім, сябрам і знаёмым у сувязі са смерцю Івана Шэгі.