У следстве па справе Чаркасавай — ніякіх зменаў

Па справе аб забойстве расійскай журналісткі Ганны Паліткоўскай арыштаваныя 10 чалавек. У хуткім часе ім будуць прад'яўлены абвінавачанні. Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі генпракурор Расійскай Федэрацыі Юрый Чайка. З гэтай нагоды БАЖ паспрабаваў высвятліць, што новага ў справе па забойстве журналісткі “Салідарнасці” Веранікі Чаркасавай.

“Мы сур'ёзна прасунуліся ў расследаванні крымінальнай справы па факту забойства”, — заявіў Юрый Чайка. Затрыманні адбыліся з 15 па 23 жніўня. Басманны суд Масквы прызнаў іх законнымі і даў дазвол на арышт. Як паведамляе “Новая газета”, арыштаваныя — прадстаўнікі буйной этнічнай злачыннай групоўкі, якая спецыялізуюцца на забойствах на замову, а таксама супрацоўнікі (былыя і дзеючыя) праваахоўных органаў і спецслужбаў.

Нагадаем, Ганна Паліткоўская, аглядальнік “Новой газеты”, была забітая 7 кастрычніка 2006 года ў пад'ездзе свайго дома ў Маскве. Следчыя лічаць, што забойства звязанае з прафесійнай дзейнасцю, і разглядаюць гэтую версію як асноўную.

Шмат хто з журналістаў праводзіць паралель паміж смерцю Ганны Паліткоўскай і яе беларускай калегі Веранікі Чаркасавай, якую забілі 20 кастрычніка 2004 г. Прынамсі, блізкія і калегі дагэтуль лічаць найбольш верагоднай прычынай забойства яе прафесійную дзейнасць.

Аднак у расследавані гэтай справы ніякіх зрухаў не назіраецца. Начальнік следчага аддзелу па асабліва важных справах пракуратуры г. Мінска Сяргей Іваноў заявіў прэс-службе БАЖ 27 жніўня, што следства па гэтай справе было ў чарговы раз прыпынена ў лютым г.г., і нічога новага ён паведаміць журналістам не можа.

Блізкія Веранікі Чаркасавай кажуць, што ні пра хаду следства, ні пра яго аднаўленні альбо прыпыненні іх ніхто не інфармуе. “Пачуўшы інфармацыю пра арышты па справе Паліткоўскай, я нават парадваўся за расійскія праваахоўныя органы”, — зазначыў у гутарцы з прэс-службай БАЖ айчым забітай журналісткі Уладзімір Мялешка. “Прынамсі, следчыя органы не баяцца фармулёўкі “забойства на прафесійнай глебе”. Відавочна, што імі праведзена значная праца”, — лічыць ён.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)