Общество

У школах будуць абмяркоўваць хакей з удзелам Аляксандра і Мікалая Лукашэнкаў

24 студзеня ў школах пройдзе адзіны дзень інфармаваньня пад агульным дэвізам «Школа актыўнага грамадзяніна» на тэму «Беларусь сёньня: захоўваючы і памнажаючы добрыя традыцыі». На ім будуць абмяркоўваць хакейныя турніры з удзелам Аляксандра і Мікалая Лукашэнкаў, паведамляе Радыё Свабода.

Фота прэс-службы кіраўніка дзяржавы

Міністэрства адукацыі прапанавала 4 інфармацыйныя блёкі, прысьвечаныя «рэспубліканскаму навагодняму балю для моладзі» ў палацы Незалежнасьці, хакейным турнірам — каляднаму і «Залатой шайбе», а таксама майстар-клясу гульцоў НХЛ для ўдзельнікаў «Залатой шайбы».

У кожнай з гэтых тэмаў згадваецца Аляксандар Лукашэнка.

​У мэтадычнай распрацоўцы прапануюцца пытаньні для абмеркаваньня. Сярод іх такія:

Якія пажаданьні моладзі прагучалі ў вітальнай прамове Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі?

Як вы разумееце яго выраз «дабрыня ў нас і вакол нас»?

У турніры «Залатая шайба» атрымала перамогу каманда «Грыфоны». Што вы ведаеце аб гэтай камандзе?

Як вы лічыце, чаму Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сумеснае правядзеньне Каляднага турніру аматараў хакею і рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў «Залатая шайба» стала сапраўдным падарункам для ўсіх удзельнікаў?

На «Школу актыўнага грамадзяніна» Міністэрства адукацыі прапануе запрашаць дзяржаўных і грамадзкіх дзеячоў, прадстаўнікоў органаў дзяржаўнага кіраваньня, дэпутатаў, мэдыйных пэрсон.

«„Грыфоны“ сёньня каманда-пераможца»

Як рыхтаваліся да гэтага дня ў менскай гімназіі № 4, распавёў карэспандэнту Свабоды дырэктар Андрэй Гоцман.

Ён зьняпраўдзіў чуткі, якія зьявіліся ў сеціве, што ў гімназію прыедзе кіраўніца адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Качанава.

Паводле дырэктара, на сустрэчу з гімназістамі прыйдзе хакеіст з каманды прэзыдэнта Даніэль Корса са сваёй жонкай.

«У рамках заняткаў „Школы актыўнага грамадзяніна“ мы запрасілі хакеіста да сябе ў госьці і яму будзем задаваць пытаньні. Ён раскажа пра хакей, здаровы лад жыцьця. Хакеем у нас цікавіцца шмат юнакоў таксама з гімназіі. Улічваючы, што гэтыя заняткі рэкамэндаваныя для гімназістаў і школьнікаў, мы іх таксама правядзём у сябе ў гімназіі».

Андрэй Гоцман патлумачыў, чаму прысьвячалі малюнкі камандзе Мікалая Лукашэнкі.

«У матэрыялах адным з пунктаў зьяўляецца „Залатая шайба“. І таксама вызначана каманда, якая заняла першае месца. Гэта ёсьць у матэрыялах. Таму сёньня было прапанавана намаляваць дзецям пажаданьні, малюнкі, прысьвечаныя гэтай тэме. Як робяць гэта заўсёды: прысьвечаныя вясьне, лету, нейкаму сьвяту, Новаму году».

Паводле дырэктара, сем клясаў з сарака сёньня прадставілі малюнкі. Лепшыя зь іх разьмясьцілі ў будынку школы.

«Я і дзеці наведвалі матчы хакейнага турніру. Нехта зь дзяцей намаляваў, і што? „Грыфоны“ сёньня каманда-пераможца. Я тут нічога дрэннага ня бачу, што каманду „Грыфоны“ намаляваў нехта з навучэнцаў».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.2(74)