Скандалы
Радыё Свабода

У саўгасе "Гарадзец" — бунт?

Напярэдадні сяўбы мэханізатары саўгасу "Гарадзец", што на Шклоўшчыне, пратэставалі супраць малых заробкаў. Некаторыя напісалі заявы аб звальненьні. У падшэфную гаспадарку, якой некалі кіраваў Аляксандар Лукашэнка, тэрмінова былі камандзіраваныя старшыня "Беларусбанку" Надзея Ермакова і памочнік прэзыдэнта Ўладзімер Лаўранкоў. Што з гэтага атрымалася, высьвятляла нашая карэспандэнтка.

Кіраўніцтва "Гарадца" застаць на месцы не ўдалося: дырэктар у Менску, намесьнік у Магілеве, загадчык аддзелу кадраў — у Шклове. Спэцыяліст па ідэалягічнай працы Валянціна Капцова не адмаўляла, што праблема была.

(Капцова: ) "Гэта ня тое, што бунт, гэта "завышана" сказана. Ну проста былі рознагалосьсі па заробках. Прыйшло некалькі мэханізатараў, паразмаўлялі з дырэктарам, удакладнілі пытаньні — і ўсё".

Гутару з эканамістам, які працуе ў "Гарадцы" нядаўна — былую галоўную эканамістку нядаўна асудзілі.

(Карэспандэнтка: ) "Быццам бы звальняюцца мэханізатары з-за заробкаў нізкіх".

(Эканаміст: ) "Не, гэта не так. Яны прыйшлі да дырэктара даведацца пра ўсе расцэнкі. Зараз павышаецца заработная плата, расцэнкі мы пакуль не пасьпелі ім давесьці, яны прыйшлі, пагаварылі, ніхто не звальняўся, і разышліся".

Карэспандэнтка: ) "Калі не сакрэт, якія сярэднія заробкі ў мэханізатараў?"

(Эканаміст: ) "Ой, я вам дакладна не скажу, бо сам нядаўна працую. Ну, 200 тысяч атрымоўваюць".

А вось шараговы рабочы саўгасу "Гарадзец" спадар Уладзімер пра заробкі і звальненьні сказаў іншае:

(Уладзімер: ) "Наконт бунту — спрабавалі... Я ведаю, што шмат сем'яў зьехала, пераехала ў суседнюю гаспадарку.

(Карэспандэнтка: ) "А прычына?"

(Алейнікаў: ) "Нізкія заробкі. Я ведаю, адна сям'я пераехала — там па 700 тысяч плацяць. А тут — 80 тысяч сярэднія заробкі".

Па паказчыках саўгас, якім у свой час кіраваў цяперашні прэзыдэнт, лічыцца ледзь не перадавым. Сапраўды, цэнтральную сядзібу адбудавалі. А вось, да прыкладу, вёска Княжыцы — забытая богам і людзьмі, кажа лідэр мясцовых сацыял-дэмакратаў Пётар Мігуцкі.

(Мігуцкі: ) "Мы зайшлі на фэрму адну — ня дай Бог!.. Я ніколі ня думаў, што ў "Гарадцы" можа быць такі стан вытворчых памяшканьняў. Гэта нешта страшнае. Рэканструкцыя — так, прыгожа. А памяшканьні, у якіх утрымліваецца скот, — ну адступіліся Бог і людзі..."

Рабочы саўгасу спадар Уладзімер настроены таксама пэсымістычна.

(Уладзімер: ) "Зімой няма працы, а ў пасяўную — ня ведаю, што будуць рабіць, як яны будуць сеяцца. Людзей ня будзе хапаць. У нас тут засталіся адны старыя".

(Карэспандэнтка: ) "Моладзь не затрымліваецца?"

(Уладзімер: ) "А дзе яны будуць працаваць? За такія заробкі яны будуць трымацца? Суседні калгас ўзяў пад сваё крыло "Амкадор", там добра плацяць. А саўгас "Гарадзец" — вось як Лукашэнка сышоў, пасьля Лукашэнкі зьмянілася 11 дырэктароў. 11 дырэктароў ніяк ня могуць навесьці тут парадак”.

(Карэспандэнтка: ) "Кажуць, што прыяжджалі старшыня "Беларусбанку" Ермакова, памочнік Лукашэнкі, спрабавалі парадак навесьці.

(Уладзімер: ) "Яны хочуць узяць пад сваё крыло гэты саўгас. Такім чынам падняць разьлічваюць. Грошы ўваляць, і ўсё марна будзе. Саўгас, прокляты богам".

Пасьля візыту старшыні "Беларусбанку" і памочніка прэзыдэнта, кажа вясковец, фінансавыя ўліваньні ў "Гарадзец", натуральна, будуць, пасяўную правядуць, угнаеньні набудуць. Магчыма, дырэктара зьменяць. Вось толькі ці надоўга гэтага хопіць?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)