Общество
Захар Шчарбакоў, БелаПАН; фота «Гомельская праўда»

У Рагачове адзначаюць Дзень беларускага пісьменства

У Рагачове (Гомельская вобласць) 4 верасня адзначаюць Дзень беларускага пісьменства — традыцыйнае свята друкаванага слова, якое праходзіць у Беларусі 23-ы раз.

Урачыстая цырымонія адкрыцця прайшла на цэнтральнай плошчы горада. У ходзе тэатралізаванай працэсіі людзі ў касцюмах шляхты і рыцарскіх даспехах, якія вынеслі на сцэну гербы ўсіх гарадоў, што раней прымалі гэтае свята, а таксама гербы часоў Вялікага княства Літоўскага і выяву Францыска Скарыны.

Віцэ-прэм’ер урада Наталля Качанава зачытала прывітанне ад імя Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікам свята.

У сваю чаргу, кіраўнік Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік адзначыў, што «гомельская зямля багатая на таленты».

— Тут нарадзіліся чатыры народныя пісьменнікі Беларусі — Андрэй Макаёнак і тры Іваны — Навуменка, Мележ і Шамякін, — сказаў ён. Чыноўнік «упэўнены, што свята беларускага пісьменства дапаможа прыцягнуць увагу нашых людзей, асабліва моладзі, да нацыянальнай культуры, а таксама звярнуцца да твораў класікаў і сучасных пісьменнікаў».

Старшыня Рагачоўскага райвыканкама Сяргей Дзенісенка падкрэсліў, што «Рагачоўская зямля падарыла краіне і ўсяму свету цэлую плеяду яркіх асоб — навукоўцаў, мастакоў, і вядома пісьменнікаў».

— Ад продкаў мы атрымалі выдатную духоўную спадчыну, якую беражліва захоўваем. Сёння наша (Рагачоўская) гісторыка-культурная духоўная спадчына складае больш за 70 помнікаў археалогіі і архітэктуры. Гэтае свята — выдатная магчымасць паказаць культурнае багацце нашага краю, - сказаў Дзенісенка.

Характэрна, што ўсе чыноўнікі выступалі на беларускай мове і толькі біскуп Гомельскі і Жлобінскі Сцяпан перадаў прывітанне ад мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла ўдзельнікам Дня беларускага пісьменства на рускай.

Святочныя мерапрыемствы ў Рагачове стартавалі яшчэ 3 верасня. Так, на цэнтральнай вуліцы горада — Леніна — адкрыўся фестываль кнігі і прэсы. У гэты дзень у горадзе таксама адкрылася мноства мастацкіх і літаратурных выстаў, у тым ліку прымеркаваных да 75-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна, 95-годдзя Івана Мележа, 120-годдзя Кандрата Крапівы і 125-годдзя Максіма Багдановіча.

У асноўны дзень свята, 4 верасня, будуць абвешчаныя лаўрэаты 2-й Нацыянальнай літаратурнай прэміі, адкрыецца абноўлены Дом кнігі, якому вырашана надаць імя Уладзіміра Караткевіча, а таксама першая ў горадзе кнігарня «Першацвет».

У цэнтры горада, уздоўж ўсёй галоўнай вуліцы, разгорнутыя гандлёвыя рады, дзе можна набыць ежу і напоі, а таксама розныя вырабы рамеснікаў Беларусі.

У Цэнтральным гарадскім парку працуе Горад майстроў, дзе рамеснікі (ганчары, ткачы, майстры саломапляцення і іншыя) дэманструюць свае ўменні гасцям свята. У гэты ж дзень розныя ўстановы культуры адкрылі новыя выставы, у тым ліку звязаныя з 500-годдзем беларускага кнігадрукавання, якое будзе адзначацца ў наступным годзе. У Рагачове праходзяць шматлікія творчыя сустрэчы з пісьменнікамі і літаратурныя чытанні.

Увечары фестываль скончыцца цырымоніяй перадачы эстафеты свята Полацку і феерверкам.

Полацк выбраны месцам правядзення Дня беларускага пісьменства ў 2017 годзе, бо тут у канцы 15-га стагоддзя нарадзіўся беларускі першадрукар Францыск Скарына.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)