Профсоюзы
Георгій Чыгір, «Народная воля»

«У рабоце ідэолага галоўнае — не скрывіць лінію партыі»

Уладзімір Слабко — старшыня прафкама работнікаў сельскай гаспадаркі знакамітага агракамбіната «Сноў» Нясвіжскага раёна. I ён жа... намеснік старшыні праўлення агракамбіната па ідэалогіі.

Дзве, так бы мовіць, узаемавыключальныя пасады ў адной асобе. Проста ўнікальны выпадаку гісторыі сусветнага “трэд-юніёнства” — ні больш ні менш...

Як я ўведаў (абсалютна выпадкова) пра такі феномен, то — само сабою — працяло пытанне: як сталася, што лідар прафсаюзнай арганізацыі, які пакліканы абараняць інтарэсы і правы сноўскіх аграрыяў, адначасова з’яўляецца і намеснікам старшыні праўлення агракамбіната, то бок прадстаўніком адміністрацыі?

Фактычна спадар Слабко — адзін у дзвюх іпастасях. Ну проста нонсенс нейкі, бо як можна слугаваць і тым і другім адначасова?.. Канечне, калі партыя ленінцаў была “розумам, гонарам і сумленнем”, то камуна-прафсаюзнае двуадзінства мела месца быць. Але народ такому “сумяшчальніцтву” вынес свой прысуд, хай сабе і ў форме анекдота...

Старшыня на агульным сходзе калгаснікаў:

— Заўтра, таварышы, вас будуць вешаць! Пытанні ёсць?

— А вяроўчыну сваю прыносіць ці прафсаюз забяспечыць?

Непахісны блок камуністаў, беспартыйных і прафсаюзаў загадаў доўга жыць, але — па ўсім — леташнія атожылкі зусім не ўсохлі, а толькі дзіўным чынам муціравалі. Цяпер адно замест непахіснага блока — вертыкальная змычка: некаторыя начальнікі ўсклалі на сябе і лідарства ў прафкамах, і кіраўнічую функцыю ў адміністрацыі. Не зразумела толькі, чый бок у выпадку канфлікту паміж рабочымі і наймальнікамі возьме такі “двуадзіны” сумяшчальнік.

Агракамбінат “Сноў” — адна з лепшых гаспадарак на Міншчыне, высокарэнтабельная, але гэта зусім не азначае, што паміж працоўным людам і кіраўніцтвам поўнае ўзаемаразуменне і ўсялякая адсутнасць канфлікту інтарэсаў. Апроч таго, узнікае пытанне: наколькі маральна прафсаюзнаму лідару навязваць людзям дзяржаўную (а дзяржава ў нас — вядома хто) ідэалогію ўвогуле?.. І потым, у чым сутнасць дзейнасці старшыні прафкама, які сядзіць на двух крэслах?.. Можа, і заработная плата “двухкрэславая”?

Надоечы патэлефанаваў Уладзіміру Аляксандравічу Слабко ды наўпрост і пытаюся:

— Спадар Слабко, калі ўзнікаюць спрэчныя пытанні паміж работнікамі — членамі прафсаюза і адміністрацыяй, чый бок абараняеце?

— Знаходзім паразуменне, кансэнсус... Тут галоўнае — партнёрскія стасункі, узаемадзеянне на карысць справе. Кожныя тры гады прафкам заключае калектыўную дамову з адміністрацыяй, праўленнем агракамбіната... Па сутнасці, якраз на партнёрстве грунтуецца мая работа.

— То, можа, і зарплаты ў вас дзве? Працуеце ж на два франты...

— Пасады дзве — значыцца, і зарплаты дзве. Работы хапае, бо ў нас болей за дзве тысячы работнікаў, і фактычна ўсе з’яўляюцца членамі прафсаюзнай арганізацыі...

Выслухаўшы такое, адразу ўявіў карцінку: англійскія шахцёры выйшлі на страйк (такое здараецца ледзь не кожны год), з тым каб дамагчыся ад працадаўцаў павышэння заработнай платы, а іхны прафсаюзны лідар у гэты час атрымлівае зарплату ад наймальнікаў... Фантасмагарычная сітуацыя, нерэальная і абсурдная... Такога лідара гарнякі закідалі б тухлымі яйкамі імгненна.

Але тое, што ў іх недапушчальна ні пры якіх абставінах, у нас — будзённая справа. Сноўская вертыкаль, па ўсім, вярнулася да старой ідэалагемы: прафсаюзы — школа камунізму... З той толькі розніцай, што заместа ленінізму цяпер — ну, вядома што...

Маю выснову пацвердзіў і сам Уладзімір Аляксандравіч. На пытанне, да чаго ўсё-такі зводзіцца работа намесніка старшыні праўлення па ідэалогіі, адказаў досыць красамоўна: “Ведаеце, работа ідэолага — гэта як раней праца парторга: галоўнае — не скрывіць лінію партыі, весці тлумачальную работу з насельніцтвам, каб яно правільна разумела палітыку дзяржавы...”

Пра тое, што палітыка дзяржавы і інтарэсы прафсаюзаў могуць не супадаць, весці гамонку не выпадала — тут адвеку канфлікт інтарэсаў. Але гэта ў праклятых капіталістаў вечны канфлікт з рабочым людам, а ў блаславёным Снове вертыкаль улады і прафсаюз жывуць у братняй любові. Два крэслы — ніякая не памеха, нават калі б іржавы цвік на адным з іх троху і муляў сумленне: прызвычаіцца можна да ўсяго...

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)