Общество
Аляксандр Арсёнаў, «Наша Ніва», фота Kanaplev+Leydik

У продажы з’явіліся патрыятычныя майткі

Кампанія Uzory прадставіла лінію бялізны для ўсёй сям’і з беларускім арнаментам.

— Найлепшая бялізна — гэта тая, якая для нас такая ж родная, як і нашае ўласнае цела. Таму мы прыходзім да высновы, што бялізна ў пэўным сэнсе ёсць нашай другой скурай. Яна мусіць быць густоўна аздобленая і максімальна камфортная, — пішуць стваральнікі лініі «Роднае цела».

Лінія «Роднае цела» распрацаваная для ўсёй сям’і. Яна ўключае жаночыя і мужчынскія майткі, станікі спартовага тыпу, піжамы для дарослых і дзетак і пасцельную бялізну. Вырабы аздобленыя мінімалістычнымі прынтамі традыцыйных беларускіх сімвалаў, у якіх закадаваныя паняткі жанчыны, мужчыны, пладавітасці і сям'і.

Першай працай стала лінейка жаночых і мужчынскіх майткоў.

Форма бялізны зробленая беларускімі прамысловымі дызайнерамі. Матэрыял — 95% бавоўна, 5% эластан. Прынты надрукаваныя воднай гіпаалергеннай фарбай альбо фальгой.

Сімвалы былі ўзятыя з вынікаў даследчыцкай працы, ініцыяванай вакалісткай гурта Shuma Русяй, фіналам якой стала табліца архаічных беларускіх сімвалаў са спрошчанымі і даступнымі для шырокіх колаў беларускага грамадства тлумачэннямі.

Бялізна запакаваная ў чахол з прынтамі, які можна выкарыстоўваць як касметычку, ці маленькую торбачку. Унутры пакунка таксама можна знайсці закладку для кніжак з тым жа сімвалам, што на бялізне, і тлумачэннем яго сэнсу.

— На нашую думку, такая бялізна мусіць быць простай, натуральнай, камфортнай, прыемнай для цела і душы. Яна пасуе і дарослым і дзеткам, бо нашая мэта перадусім – адзець сям'ю, пазначыць сямейнае жыццё нечым супольным, пэўнай сімвалічнай прасторай, у якой блізкія людзі камфортна існуюць і адчуваюць сябе роднымі. Яны маюць агульны на ўсіх, але нябачны нікому сакрэт, — сцвярджаюць стваральнікі бялізны.

Купіць майткі можна ў офісе UZORY (Мінск, ул. Фабрычная, 22, офіс 48), папярэдне патэлефанаваўшы: +375 29 784 63 13; +375 29 666 76 47, альбо даслаўшы ліст на uzory.by@gmail.com.

Памеры майткоў: жаночыя: 40—52, мужчынскія: 44—50. Цэны: жаночыя — 100 000 рублёў, мужчынскія — 130 000 рублёў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)