Общество
Анастасія Зелянкова

У Празе выдалі «Чэшскае ўсведамленне Беларусі»

У інтэрв'ю «Салідарнасці» ўкладальнік зборніка «Чэшскае ўсведамленне Беларусі» філолаг Міхал Вашычэк расказаў, як з'явілася ідэя выдаць такую працу, адкуль у чэхаў цікавасць да Беларусі і што нас аб'ядноўвае.

— У чым сутнасць гэтага зборніка? Адкуль узнікла ідэя яго стварэння?

— Мэта зборніка — паказаць неспадзявана багатыя адносіны чэхаў і беларусаў, якія існуюць ужо шмат стагоддзяў.

Ідэйным бацькам выдання з'яўляецца выдатны чэшскі славіст і мовазнаўца прафесар Марван, які вырашыў прымеркаваць зборнік да Міжнароднага з'езду славістаў, што селета адбудзецца ў Мінску.

— Якія аўтары працавалі над гэтым выданнем?

— У зборнік уключаны артыкулы як беларускіх (у тым ліку і тых, што жывуць у Чэхіі), так і чэшскіх навукоўцаў. На жаль, беларусістаў у Чэхіі няшмат, таму беларускія аўтары пераважаюць. Прычым адгукнуліся як прафесійныя навукоўцы з Акадэміі навук і ўніверсітэтаў, так і, напрыклад, супрацоўнікі Радые Свабода.

— А якія тэмы асвятляюцца?

— Артыкулы прысвечаны пытанням лінгвістыкі, літаратуразнаўства, гісторыі, культуры, але маецца і артыкул пра эканоміку. Найбагацей прадстаўлены лінгвістычны і літаратуразнаўчы тэматычныя раздзелы, самастойны раздзел утвараюць артыкулы, у якіх даследуецца дзейнасць найбольш яскравай асобы, якая аб'ядноўвае нашыя краіны – Францыска Скарыны.

Магчыма, самым неспадзяваным раздзелам з'яўляецца «Мікрабеларусістыка», дзе змешчаны артыкулы, прысвечаныя мікрамовам на беларускай тэрыторыі і беларускім гаворкам. Дыялекталогія і мікрамовы самі па сабе сталі ўжо традыцыйнымі тэмамі славістыкі, але неспадзяванне ў тым, што шматлікія з іх нават напісаныя на мікрамовах і гаворках.

— Кім фінансуецца гэты праект? Ці ўдзельнічае ў гэтым беларускі бок?

— Выданне зборніка фінансуе Карлаў універсітэт, праца аўтараў і рэдактараў дабравольная.

— Адкуль такая цікавасць да Беларусі?

— У мяне асабіста цікавасць да вашай краіны пачалася з цікавасці да мовы, якая паглыблялася на лекцыях майго першага настаўніка беларускай мовы Юрася Бушлякова. Мне здаецца, што цікавасць да Беларусі — прыродная з'ява для чэхаў. Хаця ў нас, на жаль, пра Беларусь ведаюць, гавораць і пішуць вельмі мала.

— Вы добра размаўляеце па-беларуску...

— Дзякуй. Я вучыў славістыку ў Карлавым універсітэце ў Празе, дзе прапануюцца факультатыўныя курсы беларускай мовы. Потым я паехаў у Мінск на адзін семестр на стажыроўку. Гэта ўсе спрыяла таму, што ў мяне ўзніклі вельмі цеплыя адносіны і глыбокі інтарэс да Беларусі.

— Ці з’явіцца зборнік у Беларусі?

— Так. 24 жніўня ў Лінгвістычным універсітэце адбудзецца прэзентацыя зборніка, якая ўключана ў афіцыйную праграму Міжнароднага з’езду славістаў. Зборнік можна будзе купіць у амбасадзе Чэшскай Рэспублікі ў Беларусі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)