Политика
Мікола Бугай, «Наша Ніва»

У праграме НТВ стаіць гутарка з «Аляксандрам Казуліным, кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь»

«Праграма «Без купюр». Інтэрв’ю з Аляксандрам Казуліным — кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь» — такі анонс стаіць у праграме НТВ на нядзелю.

Няўжо экс-кандыдат у прэзідэнты прыняў рашэнне балатавацца зноў? Ён быў на пэўны час знік з радараў. Не ўдзельнічаў у зборках лідэраў апазіцыі, не кіраваў ніякай палітычнай сілай.

Казулін на тэлефанаванне адказаў ухіліста.

— Спадару Казулін, у праграме НТВ стаіць інтэрв’ю з «Аляксандрам Казуліным, кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь». Гэта азначае, што Вы рашылі балатавацца ў прэзідэнты?

— (Смех у слухаўцы.) Можа быць, маецца на ўвазе экс-кандыдат?

— Дык Вы не рашылі?

— Зразумела.

— А што будзе ў праграме? Пра што была гаворка?

— Калі пакажуць, самі ўсё пабачыце.

— Там будзе нешта сенсацыйнае?

— Пабачыце!

Аляксандр Казулін удзельнічаў у выбарах у 2006 годзе і скончыў іх трэцім па папулярнасці палітыкам пасля Лукашэнкі й Мілінкевіча.

У часе Плошчы ён вагаўся разам з Мілінкевічам наконт тактыкі дзеянняў. Малалікасць (каля 20 тысяч дэманстрантаў) не давала маральнага права абвесціць сябе пераможцам выбараў, падлік галасоў на якіх немагчыма было праверыць.

Спрабуючы сцвердзіць сябе як больш рашучага лідэра, 25 Сакавіка 2006 года Казулін заклікаў дэманстрантаў прайсці да турмы на Акрэсціна, дзе тады ўтрымлівалі каля 600 арыштаваных маніфестантаў. На ягоны заклік адгукнулася некалькі тысяч чалавек, якіх рассеяў спецназ у верхавінах Нямігі.

Пасля гэтага Казуліна па надуманым абвінавачванні пасадзілі. Выйшаў ён з турмы толькі за два гады пад ціскам ЗША і Еўрасаюза, які зрабілі ягонае вызваленне ўмовай нармалізацыі адносінаў з Беларуссю. Асаблівую настойлівасць праявіла Амерыка: у часе працяглай галадоўкі палітвязня амерыканскі дыпламат нават агучыў пытанне Казуліна на Радзе бяспекі ААН.

Пасля вызвалення Казулін не далучыўся ні да адной палітычнай групоўкі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)