Общество

У Польшчы выдадзены беларускі “Трышчан”

Факсімільные выданне з фотаздымкамі арыгінальных старонак і транслітарацыяй на сучасную мову з’явілася на свет стараннямі былога польскага амбасадара ў Беларусі Марыюша Машкевіча і лідэра Руху "За Свабоду" Аляександра Мілінкевіча.

Ва ўступе да выдання Аляксандр Мілінкевіч адзначыў:

“Беларускі “Трышчан” ёсць сведчаннем нашых глыбокіх сувязяў з заходняй, еўрапейскай і хрысціянскай традыцыяй. Легенда ці міф пра цара Трышчана паўстаў у VII-VIII ст. на брытанскіх выспах і расповеды пра яго больш як тысячу гадоў вандравалі па ўсёй Эўропе ў вуснай і пісьмовай формах. Рукапіс, які з’явіўся на пераломе XVI i XVII стагоддзяў, зусім не мусіць быць першай беларускай версіяй, напэўна такіх пераказаў было больш, толькі не ўсе яны захаваліся. Сярод іншых помнікаў і сведчанняў нашай глыбокай еўрапейскай гісторыі ёсць не толькі літаратурныя творы – Біблія Скарыны, “Песьня пра Зубра” Гусоўскага, творы Сымона Полацкага і Буднага. Вялікім сведчаннем нашай еўрапейскай культуры з’яўляецца некалькі выданняў і версіяў Статутаў – бадай найбольш сучаснай у той частцы Эўропы дзяржаўна-прававой сістэмы, якая давала жыхарам нашай краіны пачуццё стабільнага права ўласнасці і павагі да чалавечай асобы.

Усё гэта дае нам пачуццё гонару і глыбокае перакананне, што наша месца сярод народаў Эўропы, у цывілізацыі, якая стварае прастору для свабоды асобы і творчасці. Няхай наш беларускі Трышчан і шмат копіяў факсімільнага выдання, якое мы перадамо ў беларускія дамы, будзе такім сімвалам творчай свабоды і дэмакратычных памкненняў нашага еўрапейскага народу”.

Наклад кнігі, надрукаванай у Польшчы, ужо ў Беларусі. Кніга мае густоўна аздобленую цвёрдую вокладку і высакаякасныя каляровыя фотаілюстрацыі. Выдадзены наклад будзе распаўсюджаны па бібліятэках краіны, універсітэтах. Экзэмпляры кнігі будуць таксама прэзентаваны выбітным беларускім дзеячам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)