У Польшчы на 7 гадоў турмы засудзілі беларуса — падвойнага шпіёна

Польская агенцыя PAP паведамляе пра вырак беларусу Аляксандру Лянюку, які супрацоўнічаў з адной з польскіх спэцслужбаў, але пры гэтым наўмысна ўводзіў яе ў зман і ўдзельнічаў у апэратыўнай гульні беларускіх спэцслужбаў з польскімі.

З 1999 па 2007 год Аляксандар Лянюк супрацоўнічаў з польскай вайсковай выведкай і атрымаў ад яе плату ў памеры 319 тысяч даляраў і 18 тысяч эўра.

Аднак інфармацыя, якую ён пастаўляў пра «беларускіх агентаў» у органы ўлады Польшчы і «беларускую шпіёнскую сетку», была фальшывая.

Суд прыйшоў да высновы, што дзейнасьць беларуса прывяла да «неэфэктыўных дзеяньняў» супрацоўнікаў польскай спэцслужбы. Высьветлілася, што Лянюк падрабляў дакумэнты. У прыватнасьці, ён перадаў фальшывы сьпіс «афіцэраў беларускіх спэцслужбаў».

Летась у Польшчы былі затрыманыя два беларусы, якіх абвінавацілі ў шпіянажы. Адзін зь іх — Лянюк, пра другога, Юрыя К., вядома, што пракуратура ўжо накіравала ягоную справу ў суд і яму пагражае да 10 гадоў турмы.

Паводле польскай Агенцыі ўнутранай бясьпекі, «польскі кірунак застаецца адным з прыярытэтаў спэцслужбаў Беларусі».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)