Лица

У "N.R.M." творчы крызіс?

Цягам ліпеня і жніўня на музычным сайце "Experty.by" былі змешчаны рэцэнзіі на ўсе альбомы гурта "N.R.M.". На падставе адзнак крытыкаў быў складзены графік кар’еры калектыву, адпаведна якому з 2000 году гурт перажывае творчы спад.

Менавіта ў 2000 годзе выйшаў лепшы на погляд крытыкаў альбом "Тры чарапахі", які атрымаў 9,5 балаў з 10 магчымых. Пасля яго гурт выпусціў два дыскі, адзнакі якіх былі ўсё ніжэй: "Дом культуры" (2002, адзнака 8,00) и "06" (2007, адзнака 7,00).

"Мяркую, што пра нейкі магчымы крызіс вымушае гаварыць не "Дом культуры", які заняў другое месца ў агульным рэтынгу альбомаў гурта, а менавіта апошні на гэты момант дыск "06", – адзначыў кіраўнік "Experty.by" Зміцер Безкаравайны. – Мне здаецца, наўрад ці можна сказаць, што "06" сапраўды слабы. Справа ў тым, што меркаванні адносна яго вельмі палярныя, як у публікі, гэтак і ў нашых крытыкаў. Хтосьці лічыць яго лепшым пасля "Трох чарапах", хтосьці – ледзь не найгоршым у гісторыі калектыву, але прычыны для гэтага не толькі музычныя. Таксама нельга забывацца, што гэты "крызісны" дыск увайшоў у лік 10 лепшых альбомаў 2007 году па версіі сайта "Experty.by". Таму ўсё вельмі адносна".

Лідэр "N.R.M." Лявон Вольскі згодны, што рэакцыя публікі на альбом "06" вельмі розная. У сваіх каментарах да вынікаў даследвання ён тлумачыць магчымыя прычыны гэтай сітуацыі.

"У выпадку з апошнім альбомам (я пра "06") мне падаецца, што народ хацеў пачуць больш традыцыйны "N.R.M.", а атрымалася крыху па-іншаму. Усё таму, што мы пішам, як атрымліваецца, як адчуваецца, як чуецца ў нейкі пэўны момант. Каб мы проста прагнулі ня страціць папулярнасць і заваяваць новых слухачоў, дык вынік быў бы іншы. Невядома ці лепшы. Нават у сэнсе гэтае папулярнасці", – мяркуе ён.

Найгоршым дыскам калектыву эксперты назвалі дэбютны альбом "La La La La" (1995), які атрымаў толькі 6 балаў. Поўную версію рэйтынгу, а таксама каментары і персанальны рэйтынг альбомаў "N.R.M." ад Лявона Вольскага глядзіце на сайце Experty.by.

Ближэйшыя канцэрты "N.R.M." адбудуцца ў Менску 15 и 16 верасня ў закусачнай «Графіці» (зав. Калініна, 16). Пачатак у 20.00.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)