Политика
Кацярына Ярмалаева, Еўрарадыё

“У наступным годзе Лукашэнку чакае “ціхая паўзучая змова”

Самыя знакамітыя расійскія астролагі Павел Глоба і Рыгор Кваша прагназуюць, што 2008 год стане самым складаным для беларускага лідэра: яго чакаюць змовы ў бліжэйшым асяроддзі, эканамічная нестабільнасць і, магчыма, адстаўка.

На мінулым тыдні ў Інтэрнэце актыўна абмяркоўваўся прагноз адстаўкі ў 2008 годзе беларускага прэзідэнта. Еўрарадыё вырашыла правесці ўласнае астралагічнае даследаванне і патэлефанавала Паўлу Глобу, Рыгору Квашу і беларускім астролагам.

2008 год (год Пацука), па словах Паўлы Глобы, будзе спрыяльным для шулераў, ашуканцаў і ўсіх тых, хто ўмее круціцца ў жыцці. Не будзе толькі шанцаваць дзелавым людзям. Што датычыць палітычных прагнозаў, то ў нашай краіне ніякіх істотных змен не чакаецца. На пытанне Еўрарадыё, ці можа здарыцца так, што да ўлады прыйдзе новы прэзідэнт, Павел Глоба адказаў:

Павел Глоба: У вас не будзе новага лідэра. У вас нават няма падставы так думаць: плямы на Юпітэры, як наступства ўдара каметы, будуць доўжыцца два цыклы сонечнай актыўнасці. Гэта прыблізна 22 гады. Такім чынам, цыкл можа быць вычарпаным толькі да 2016 года. Так што да 2016 года ў вас не будзе ніякіх татальных змен.

Другі знакаміты расійскі астролаг Рыгор Кваша прытрымліваецца іншага меркавання: 2008 год стане выпрабаваннем для палітычных лідэраў, якія нарадзіліся ў год Каня. Гэта Лукашэнка, Юшчанка, Кандаліза Райс і Меркель. Але калі астатніх ліха можа прамінуць, то Лукашэнку - малаверагодна.

Рыгор Кваша: Усе палітыкі, якія нарадзіліся ў год Каня, маюць усе шанцы шмат чаго страціць і нарабіць вялікіх памылак. Гэта можа адбіцца і на дзяржаве, таму ім лепш за ўсё адысці ад улады і замест сябе паставіць каго-небудзь, а самім адысці ў цень. А у Лукашэнкі ўвогуле вельмі небяспечная сітуацыя: адзін раз ён ужо прайшоў кармічны год у 1996 годзе, але вельмі няўдала. Другі раз яго прайсці яму проста не дадуць. Таму ў наступным годзе Беларусь будзе стаяць пад вельмі сур’ёзным і трывожным пытаннем.

З сваім калегам Павел Глоба згодны толькі ў адным: краіна на самой справе можа аказацца на момант у цяжкім становішчы.

Павел Глоба: Наступны год стане сур’ёзным выпрабаваннем для вашага лідэра. Я лічу, што ў канцы лета-пачатку восені ў яго будзе магчымасць змены кіраўніцтва ўлады, і яму трэба будзе на гэта вырашыцца. Зрабіць нейкую ачыстку чыноўнікам. Гэту сітуацыю я б назваў “ціхай паўзучай змовай” і рэальнай пагрозай сярод асяроддзя. Калі Лукашэнка павядзе сябе рашуча, тады яго пазіцыя не пахіснецца, а наадварот узмацніцца.

Рыгор Кваша упэўнены: пад пільную ўвагу ў наступным годзе патрапяць Беларусь і Украіна. Украінскім палітычным рэжымам не задаволена Расія, а беларускім – Еўропа, таму будзе рабіцца ўсё магчымае, каб зрабіць у гэтых краінах пераварот. Нават новы расійскі прэзідэнт падтрымае такую пазіцыю. На думку Квашы, ужо відавочна, хто зменіць Пуціна.

Рыгор Кваша: Раскручваць новага прэтэндэнта ўжо позна. Лічыцца, што ёсць тры фаварыты: Мядзведзеў, Іваноў і Зубкоў. Але, на мой погляд, перавага застаецца за Зубковым. Хутчэй за ўсё будзе заключана дамова з тым кандыдатам, хто гарантуе вяртанне Пуціна праз чатыры гады. Канешне, Пуцін мог бы пайсці на павышэнне ў Еўропу, але там яго ніхто не чакае, таму ён будзе вяртацца на прэзідэнцкую пасаду.

Рабіць прагнозы наконт расійска-беларускага саюза Павел Глоба не спяшаецца: да 2012 года яны не пяройдуць на новы ўзровень, а застануцца такімі ж. Толькі сусветны крызіс (які прыпадае на 2012-2013 гады) прымусіць аб’яднацца дзве краіны.

Наконт прагнозаў на 2008 год два астролагі разыходзяцца: Глоба лічыць, што ён будзе спрыяльным для шулераў і махляроў, а Кваша – для закаханых людзей. Год Пацука ён называе годам кахання і лічыць, што кожны можа знайсці сваю другую палову.

Беларускія астролагі ўвогуле не бачаць ніякіх палітычных перастановак у наступным годзе. Кіраўнік навукова-даследчага цэнтра “Эрана” Пётр Мельчанка лічыць, што наступны год не будзе нічым адрознівацца ад 2007-га.

Пётр Мельчанка: На самой справе ніякіх катаклізмаў не чакаецца, нягледзячы на нейкія хібы ў эканамічнай сферы. У палітыцы ніякіх глабальных змен не будзе да 2010 года.

Другі вядомы беларускі астролаг Ігар Кірушын сцвярджае, што ў 2008 годзе ўзнікнуць сур’ёзныя эканамічныя перашкоды, якія наша краіна зможа пераадолець. Таксама чакаецца зніжэнне ўзроўню жыцця. А ў другой палове года абвострацца міждзяржаўныя адносіны і скасуюцца некаторыя дамоўленасці.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)