Политика

У наступны пакет санкцый Эўразьвязу супраць Расеі прапанавалі ўключыць двух беларускіх чыноўнікаў

Яшчэ двух прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі прапануюць уключыць у 11-ты пакет санкцый Эўразьвязу ў зьвязку з агрэсіяй Расеі супраць Украіны, паведамляюць вартыя даверу крыніцы Радыё Свабода ў Брусэлі.

У наступны сьпіс санкцыяў прапануюць уключыць:

*Уладзімера Марозава, начальніка Беларускай чыгункі. Ён, як сьцьвярджаецца, падтрымліваў разгортваньне і транспартаваньне расейскага вайсковага пэрсаналу і тэхнікі, якія ўдзельнічалі ў агрэсіўнай вайне Расеі супраць Украіны, таму нясе адказнасьць за падтрымку і рэалізацыю дзеяньняў і палітыкі, якія падрываюць і пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнасьці, сувэрэнітэту і незалежнасьці Ўкраіны.

*Дзьмітрыя Пантуса, старшыню Дзяржаўнага ўпраўленьня ваеннай прамысловасьці Беларусі. Дзяржаўнае ўпраўленьне ваеннай прамысловасьці Беларусі распрацоўвае і абслугоўвае ўзбраеньне, садзейнічае вытворчасьці зброі падведамаснымі прадпрыемствамі, забясьпечвае вайскова-прамысловую каапэрацыю, ажыцьцяўляе нагляд за перамяшчэньнем зброі празь дзяржаўную мяжу і забясьпечвае навігацыю расейскага войска.

Падкрэсьліваецца, што на сваёй пасадзе Дзьмітры Пантус надае ваенную падтрымку Расеі ў яе агрэсіўнай вайне супраць Украіны.

У сераду 10 траўня амбасадары ЭЗ упершыню абмяркуюць новы пакет санкцыяў супраць Расеі, пакуль ён яшчэ далёкі ад канчатковага ўзгадненьня, паведамілі крыніцы Свабоды.

Прыняцьце чарговага пакету санкцый адносна Беларусі па-ранейшаму замарожанае. Праца над новымі санкцыямі ЭЗ у дачыненьні да Беларусі не прасоўваецца з прычыны пытаньня ўгнаеньняў: шэраг краінаў Заходняй Эўропы настойваюць на паслабленьні санкцыйных абмежаваньняў, што тычацца экспарту беларускіх угнаеньняў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.8(5)