«У нас усё па законе, а яны бунтуюць». Жыхары Заслаўя супраць заводаў
У горадзе-спадарожніку 28 ліпеня завершыцца грамадзкае абмеркаваньне справаздачы аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе вытворчага ўчастку прадпрыемства «ПоліТар-Пак», якое здрабняе плястыкавыя адходы, паведамляе Радыё Свабода.
А таксама аб’екта «Разьмяшчэньне тэхналягічнага абсталяваньня для перапрацоўкі адходаў палімэраў».
Жыхары Заслаўя зьбіраюць подпісы супраць гэтых вытворчасьцяў, асьцерагаючыся, што яны экалягічна шкодныя.
«Мы вызваляем нашу зямлю ад мярзоты»
«ПоліТар-Пак» здрабняе стрэйчплёнку, поліэтылен і плястык, які пакуецца ў біг-бэгі па 300 кіляграмаў. Вытворчасьць працуе ў адну зьмену, пяць дзён на тыдзень.
Паволде справаздачы, выкіды з прадпрыемства складуць 65 кг забруджвальных рэчываў у год 0,065004, зь іх 73% — гэта аксыд вугляроду.
Дырэктар прадпрыемства Барыс Тарасевіч кажа, што на прадпрыемстве, якое знаходзіцца ў прамысловай зоне, плястык не расплаўляюць, там толькі дзьве драбілкі і працуе 5 чалавек.
— Ад нас шкоды як ад казла малака. У нас усё зроблена па законе. У нас няма ніякіх выкідаў у атмасфэру. Мы не забруджваем ваду. Мы перапрацоўваем нетаксычную плястмасу, зь якой вы ясьце, гэта трэцяя-чацьвёртая кляса небясьпечнасьці. Мы вызваляем нашу зямлю ад гэтай мярзоты, бо іначай гэта ўсё будзе закопвацца ў зямлю. Мы зьбіраем сыравіну, якую тут ня ўмеюць перапрацоўваць, і накіроўваем у Расею. Мы перапрацоўваем ня сьмецьце, а другасныя рэсурсы.
Паводле Барыса Тарасевіча, пыл, які зьбіраецца ў цэху, сьцягваецца вэнтыляцыяй у мяшок.
— Выкіды — гэта 50 кіляграмаў нетаксычнага пылу ў год. Гэта мізэр. Адна машына выкідае гэтых газаў у тысячу разоў больш. У нас калі каля цэху стаіш, то не чуваць ніякага шуму.
Дырэктар «ПоліТар-Пак» кажа, што ў Заслаўі 70% прадпрыемстваў, якія займаюцца плястмасай, некаторыя маюць па 30 станкоў, якія яе плавяць. І яны, маўляў, робяць «значна больш выкідаў».
Барыс Тарасевіч ня супраць размовы з жыхарамі Заслаўя.
— Мы сваім бізнэсам вызваляем зямлю ад мярзоты, а людзі, якія прыйшлі на слуханьні і крычалі, ня хочуць гэта разумець і нічога ня хочуць слухаць. Хоць разумныя галасы гучалі. Нам трэба дзякуй сказаць. Калі нас прыціснуць, нас усіх заваліць сьмецьцем.
«Прамысловая зона за плотам катэджнага пасёлка»
Мясцовая жыхарка Людміла Гразнова кажа, што зьехала зь Менску на чыстае паветра, патраціла на жыльлё немалыя грошы.
— І такіх людзей многа. Таму шкодная вытворчасьць супярэчыць нашым інтарэсам. Заслаўе мае турыстычна-рэкрэацыйны кірунак, гэта ня горад-спадарожнік, дзе павінна разьвівацца вытворчасьць. Мы не зацікаўленыя, каб тут было нешта шкоднае, бо ў гораду ёсьць іншыя магчымасьці.
Паводле Людмілы Гразновай, пад наглядам павінны быць ня толькі «ПоліТар-Пак», але і іншыя прадпрыемствы ў Заслаўі.
— Яны павінны быць у іншым рэгіёне, а ня тут, каля жытла, катэджаў. Людзі хочуць дыхаць чыстым паветрам. «Прамысловая зона» — гэта не аргумэнт. Яна за плотам катэджнага пасёлка. Запэўніваньні ў тым, што вытворчасьць ня шкодная — гэта толькі словы. Да таго ж ня выключана, што туды завезена абсталяваньне на іншую вытворчасьць».
«Менскі райвыканкам кіруе Заслаўем, як вёскай»
Віталь Рымашэўскі, які таксама жыве ў Заслаўі, кажа, што мясцовыя жыхары за два тыдні сабралі паўтары тысячы подпісаў супраць разьмяшчэньня ў горадзе згаданых прадпрыемстваў, зьвязаных зь перапрацоўкай палімэраў. Жыхары патрабуюць правесьці іх экалягічную экспэртызу, а да таго ж — закрыць шкодную звалку.
— Гэтыя прадпрыемствы спрабуюць легалізавацца, атрымаць дакумэнты на сваю вытворчасьць. У прынцыпе, для краіны яна была б нядрэнная. Але Менскі райвыканкам кіруе Заслаўем, як вёскай.
Тут набудавалі вельмі шмат шкодных прадпрыемстваў, і людзі ў цэлым незадаволеныя экалягічнай сытуацыяй. Таму была такая бурная рэакцыя людзей на абмеркаваньні. Райвыканкам паводзіў сябе па-хамску і сказаў, што не зьбіраецца даваць іншыя пляцоўкі. Ім напляваць і на прадпрымальніцтва, і на экалёгію, і на жыхароў.
Читайте еще
Избранное