Общество

У Мёрах на праймерыз прыйшоў намеснік старшыні райвыканкама. І прагаласаваў

Перадвыбары кандыдата ад апазіцыі праходзяць у спакойнай атмасферы, без перашкод з боку ўладаў. І ў Гарадку, і ў Віцебску, і ў Мёрах на праймэрыз прысутнічалі ідэолагі мясцовых выканкамаў, паведамляе Наша Ніва.

У прыватнасці, у Мёрах на «кокус» апазіцыі прыйшоў намеснік старшыні выканкама па ідэалагічных пытаннях Валер Драба.

У сваім выступе ён заявіў, што ў іх раёне апазіцыю уключаюць і ў выбарчыя камісіі і назіральнікамі рэгіструюць. Ён задаў пытанне кіраўніку Руху за свабоду Юрасю Губарэвічу, як ён плануе змяняць выплаты па доглядзе за дзецьмі. Выступаў ідэалог па-беларуску.

Праўда, намеснік старшыні быў адзіны, хто падняў руку ў адказ на пытанне, хто лічыць, што ў Беларусі выбары свабодныя і справядлівыя.

Намеснік старшыні выканкама таксама атрымаў бюлетэнь для галасавання. Аднак сярод падлічаных бюлетэняў адзін выявіўся несапраўдны. Магчыма, гэта прадстаўнік «вертыкалі» не выбраў нікога з кандыдатаў.

На перадвыбарах у «беларускай Аёве», на Віцебшчыне, якая галасуе першая, найбольшую колькасць галасоў збірае ўраджэнец гэтага рэгіёна хрысціянскі дэмакрат Павел Севярынец. Ён выйшаў на першае месца ў Віцебску, Полацку і Наваполацку, Мёрах.

У той жа час у Гарадку перамог Юры Губарэвіч. Апошні мае добрыя шанцы на перамогу на Берасцейшчыне, скуль ён родам.

А ў Гомельскай вобласці традыцыйна моцныя пазіцыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі, новы лідар якой, падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Казлоў таксама выставіў сваю кандыдатуру на перадвыбары.

Аднак можна меркаваць, што найбольшая колькасць удзельнікаў прагаласуе на праймерыз у Мінску.

На думку назіральнікаў, прысутнасць ідэолагаў не перадвыбарах ніяк не сведчыць пра гатоўнасць уладаў дапусціць апазіцыю да афіцыйнага палітычнага працэсу. Гэта, хутчэй, дэманстрацыя апазіцыйнай частцы грамадства, што ўлады гатовыя і да яго «прыслухоўвацца».

Спакойнае стаўленне ўладаў да працэдуры перадвыбараў не азначае, што яны гатовыя пайсці на празрысты падлік галасоў на саміх выбарах. Павел Севярынец адзначаў, што ў выпадку перамогі ён лічыць галоўным дабіцца допуску незалежных сяброў у выбарчыя камісіі і сканцэнтруе на гэтым свае высілкі як адзіны кандыдат.

Лідар Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Зянон Пазняк, як і ў мінулыя гады, заклікае байкатаваць выбарчую кампанію ад пачатку.

Лідар Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікалай Статкевіч збіраецца вылучаць 30 кандыдатаў у прэзідэнты, каб праводзіць агітацыю ў розных месцах краіны.

Як чакаецца, свае кандыдатуры маюць вылучыць і Алег Гайдукевіч, Андрэй Дзмітрыеў або Таццяна Караткевіч, якія трымаюцца ад апазіцыі асобна, а таксама, магчыма, Ганна Канапацкая.

Як чакаецца, выбары пройдуць пры канцы лета, можа быць, на дзень нараджэння Аляксандра Лукашэнкі 30 жніўня.

У Віцебску праймерыз апазіцыі сабралі аншлаг

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(4)