«У мяне забралі пазногці». Другая частка дзённіка з псіхушкі
Публікуем другую частку дзённіка літаратурнага крытыка Марыны Весялухі пра яе досвед знаходжання ў закрытым жаночым аддзяленні псіхіятрычнай клінікі.
Марына. Весялуха. Фота Фэйсбук
Дзённік друкуецца на 24health.by.
Журналiстка апублікавала дзённiк з псіхушкі. Частка першая
***
Я не ведаю, колькі цягнецца ноч і колькі я спала. У палаце — святло, адмыслова ўключанае на ноч. Нельга, каб было цёмна. Гадзіннік — толькі каля паста медсястры. Не пайду глядзець, колькі часу. Чортаў катэтар моцна баліць. Не магу нармальна легчы, толькі час ад часу правальваюся ў сон, прачынаюся і з жахам усведамляю, што я ў псіхушцы.
Зранку будзіць медсястра. Трэба здаць аналізы. Кроў з вены і пальца. Кропельніца. Кардыяграма. Энцыфалаграма мозга. Флюараграфія. Гінеколаг. Усё ў рэжыме нон-стоп. Здаецца, хутка папросяць дастаць нырку, каб праверыць, ці ўсё з ёй добра…
***
Хадзіла на «разбор» свайго выпадку. Загадчыца аддзялення. Мой урач-псіхіятр. Псіхолаг. Куча інтэрнаў. Задавалі ўсё тыя ж пытанні, я раз дзясяты расказвала, што адчуваю, што са мной адбываецца і чаму я сюды трапіла.
Ага, бацькі прывезлі, бо спалохаліся. Шмат працавала. А потым — не ела. Не спала. Не ўставала з ложка. Хацела, каб балела, балела зразумела. Не, я не хацела сябе забіваць. Так, спалохалася, што не змагу спыніцца. Так, баялася звар’яцець.
Татуіроўкі? Ліса — проста ліса. На назе — дыяграма пульсара і вокладка альбома Joy Division. Любімы гурт і я нарадзілася ў адзін дзень з Кёрцісам. Парэзы на руках і нагах неглыбокія. Ножык адмыслова тупы выбірала. Так, зажывуць хутка…
— Вось каб не было тваіх рэзанняў, была б у адкрытым аддзяленні, — гучыць у галаве голас мамы.
Дзякуй за напамін.
***
Мяне перавялі ў палату 15. Амаль VIP-нумар. Чым бліжэй да ўвахода ў аддзяленне — тым «цывільней» палаты. Наша — другая ў рэйтынгу.
Тут дагледжаная жанчына з акуратнай прычоскай і ў новым халаце не можа ўседзець на месцы. То ляжа, то сядзе, то адчыніць шафу, тумбачку, то выйдзе ў калідор, то зноў вернецца… і ўсё зноў па коле. Яна ўвесь час паўтарае: «Што ж робіцца ў хаце!».
17-гадовая Яна, якая выпіла 50 таблетак і парэзала вены, каб напалохаць хлопца. Выратавала яе мама. Некалькі дзён у рэанімацыі, а потым — прывітанне, наша вясёлая псіхушачка.
17-гадовая Таня, якую ў псіхушку скіраваў дырэктар вучэльні за прагулы. А бацькі і пагадзіліся — гэта ж «не лякарня, а пансіянат».
Дзяўчына Алена з прыгожымі хвалістымі рудымі валасамі нешта мармыча, размаўляе з ежай і кімсьці нябачным каля дзвярэй, каму загадвае: «Заткні пасць!». Усе свае дзеянні яна каментуе нечым накшталт вершаў. Ложак засцілае вельмі акуратна, рукамі разгладжвае коўдру, любуецца, што ўсё роўненька. Разоў з дзесяць дастае ўсё з тумбачкі і зноў састаўляе на месца. Любуецца кожным з варыянтаў. Мыецца ў ракавіне разоў з дзесяць на дзень. Мые ногі шампунем, баначку шампуня паласкае пад кранам некалькі хвілін…
***
Добрыя навіны: мне захацелася есці і працаваць. Паперу і ручку медсястра не дала — «Трэба свае мець!». Папрасіла ў Олі, былой суседкі па палаце.
***
Нейкая бабка спаражнілася проста на падлогу ў прыбіральні, так і хадзіла па калідоры без штаноў і трусоў.
***
Час наведванняў і тэлефанаванняў — самы актыўны. Медсёстры нават музыку ўключаюць. А хворыя, як свецкія дамы, прагульваюцца на Цэнтральнай плошчы псіхушкі — каля паста №1.
***
— Так, міленькая, пакажы мне свае пазногцікі, — у палату заходзіць жанчына з добрым тварам. — Ага, трэба падстрыгчы.
— У мяне ўсё забралі, тэлефон, завушніцы, нават асабістую прастору і прыватнасць! Пакіньце хоць пазногці!
— Такія правілы… Раптам ты сабе ці некаму іншаму твар будзеш драпаць…
Мяне заводзяць у ванны пакой. Дастаюць спецыяльныя нажніцы. Я адчуваю сябе яшчэ больш безабароннай…
— Не бойся, яны апрацаваныя. А ў мяне вопыт падстрыгання пазногцяў ох які вялікі. Ага, вось так, як мага карацей. Цябе ж пры паступленні правяралі на педыкулёз? Дарэчы, раз на тыдзень мы рэкамендуем мыцца вось тут у ванне, пад дожджыкам, галаву лепш мыць у ракавіне, падмывацца на бідэ…
З жахам думаю пра тое, як гэта — дакрануцца целам да ўсяго гэтага, а раптам і валасы дастануць да самой ракавіны?
Мыю рукі з мылам кожныя пяць хвілін. Хоць нейкі занятак…
***
Гасцінцы ад наведвальнікаў — асобная тэма. Магдалена хваліцца, што заўтра да яе прыйдзе пляменніца і прынясе пасту, шчотку, туалетную паперу (2 рулоны), зефір, пернікі, цукеркі. І бананы. Кілбасу! «Мінулы раз прыносіла палку — такую тоўстую, як твая рука. Але я яе не з’ела. Скралі!». Магдалена ходзіць па палатах і пытаецца ва ўсіх, ці ёсць яблык, груша, цукерка, каб і самой пачаставаць унука.
***
Ідзём палуднаваць. У дадатак да ежы даюць па паўшклянкі кефіру.
— Быў час, калі кефір перад сном давалі, — меланхалічна згвадвае хворая.
— Гэта даўно было. Быў і час, калі на сняданак хлеб з маслам давалі, — дадае супрацоўніца кухні.
***
Увечары Магдалена — зноў у нас у палаце.
— Мне давалі такія таблеткі, што я 10 сваякоў пахавала!
— Як так? Таблеткі піла ты, а паміралі іншыя?
— Не, думкі такія былі. Здавалася, што яны ўсе памерлі. А яны жывыя! Во пляменніца заўтра прыйдзе.
***
Замест жанчыны, якая ўвесь час паўтарала «што ж у хаце робіцца!» нам перавялі цяжарную Кацю. 22 гады, ужо мае дачку і зараз чакае хлопчыкаў-двайнят: «Ігара — бацька перад смерцю папрасіў, каб сына яго іменем назвала. І Лёшу або Дзяніса, канчаткова яшчэ не вырашыла. Дзяніс — багатае імя».
Палата №15 паступова ператвараецца ў «вясёлую маладзёжную».
Працяг будзе
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное