Политика
Руслан Гарбачоў, фота аўтара

«У мяне ёсць толькі адзін план на жыццё – пазбавіцца ад дыктатуры»

Карэнны жыхар Кобрына Аляксандр Мех ганарыцца тым, што ў 1991 годзе разам з таварышамі разваліў Савецкі Саюз. Пасля гэтай перамогі ён з натхненнем пачаў дабівацца дэмакратызацыі Беларусі. У выніку згубіў прэстыжную працу ў «Белтрансгазе» і стаў сакратаром БНФ па працы з рэгіёнамі. Аб складанасцях свайго лёсу і думках пра палітычную сітуацыю Аляксандр Мех расказаў «Салідарнасці».

Калі я з’явіўся ў Кобрыне, то застаў горад у руінах. Тратуары былі знішчаны, будынкі стаялі без дахаў і з пабітымі фасадамі. Аказалася ўсё гэта робіцца дзеля прыгажосці – у верасні горад павінен прыняць «Дажынкі».

– Будаўнічыя працы пачаліся ў нас з восені 2008 года. Мясцовых жыхароў зараз цікавіць пытанне не толькі аб тым, ці паспеюць зрабіць да «Дажынак» новыя дарогі, дом культуры і лядовы палац, але і ці не прыйдзецца праз год рабіць капітальны рамонт новабудоўляў, – расказвае мне пры сустрэчы 39-гадовы кіраўнік мясцовай суполкі БНФ Аляксандр Мех, да якога я завітаў дадому. – Станоўчыя моманты ў падрыхтоўцы да «Дажынак», канешне ёсць. Напрыклад, замена старых камунікацый. Але хацелася б больш удумлівага ўкладання грошай. Кобрыну даўно патрэбна новая раённая бальніца (у старой людзі ляжаць у карыдорах), але будуюць чамусьці лядовы палац…

Дарэчы, амаль 30 год таму сам Аляксандр Мех аказаў матэрыяльную дапамогу роднаму гораду. Стаўшы ўжо ў 4-м класе кіраўніком піянерскай дружыны, Саша павёў таварышаў на збор металалома, каб пасля абмяняць яго на новы аўтобус. Намаганні не былі марнымі. Новы аўтобус пачаў пыліць па дарогах Кобрынскага раёна. А будучы палітык загарэўся іншай мэтай: каб лятаць на самалётах, ці хаця б іх абслугоўваць, ён паступіў у тэхнічны універсітэт грамадзянскай авіяцыі ў Маскве. А яшчэ праз пару год спрычыніўся да гістарычнай падзеі.

– Дык значыць вы ў 1991-м абаранялі Белы дом ад танкаў ГКЧП?

– Так. Калі з’явіліся звесткі пра збор людзей на абарону Белага дома, я спачатку з’ездзіў ў гэтым упэўніцца, а потым прывёў туды з сабою некалькі хлапцоў з нашага інтэрната. Мы прастаялі каля Белага дома бяз сну тры дні. Разумелі: калі ГКЧП атрымае перамогу, ніякай дэмакратыі на прасторах СССР не будзе. Кожную хвіліну чакалі, што наша ачапленне пачнуць прарываць.

Пасля бачылі Ельцына, але перамозе моцна не радаваліся – яна атрымалася крывавай. У тым накірунку, дзе мы стаялі, спрабавалі прайсці БМП, і ў выніку загінулі тры чалавекі.

– Вы тады разумелі, што развальваеце Саюз?

– Не. У Маскве я нават не адчуў той момант, калі Савецкі Саюз распаўся. Прыязджаў з вучобы да бацькоў у Кобрын, але ніякіх істотных змен не заўважаў. Усё зразумелым для мяне стала толькі ў 1994-м годзе, калі ва ўніверсітэце мне, як не расейцу, прапанавалі плаціць за навучанне ў аспірантуры…

Вярнуўся дадому, працы ў Брэсцкім аэрапорце амаль не было, і я пайшоў працаваць у Кобрыне у «Белтрансгаз».

– А як вы, бацька сучаснай рускай дэмакратыі, прыйшлі да ўступлення ў БНФ?

– Калі я ехаў на радзіму, то думаў, што вяртаюся ў дэмакратычную краіну. А тут наадварот усе дэмакратычныя здабыткі пачалі знішчаць. Я паглядзеў каго ўлады больш за ўсіх б’юць, зразумеў што гэта БНФ і пайшоў да іх (усміхаецца – С.).

Ну, на гэта ёсць розныя погляды. Так маці Аляксандра Меха ў палітычнай кар’еры сына абвінавачвае яго бацьку. 73-гадовы Васіль Андрэевіч, які ў БНФ з моманту яго заснавання, гэтыя абвінавачванні з абурэннем адкідае. Спрэчкі ў бацькоў Аляксандра Меха абвастрыліся ў мінулым годзе, калі іх сын, інжынер Кобрынскага ўпраўлення магістральных газаправодаў ААТ «Белтрансгаз», перад парламенцкімі выбарамі быў звольнены з працы. Перад гэтым яму асабіста пагражаў беспрацоўем начальнік Кобрынскага ўпраўлення КДБ Андрэй Басько. Пагрозы Аляксандр Мех запісаў на мабільны і перадаў у СМІ. Але гэта яму не дапамагло…

Васіль Андрэевіч на першых вольных выбарах у беларускі Вярхоўны Савет у 1990 годзе з паплечнікамі па БНФ вазіў па раёне на сваёй «Волзе» Віктара Кучынскага – таго самага, які пасля абяцаў абараняць прэзідэнта хоць з гранатамётам у руках і займаў дэпутацкую пасаду 18 год. Маючы за плячыма багаты досвед, Васіль Андрэевіч дае свайму сыну дзве асноўныя характарыстыкі – «ідэаліст» і «упарты». Напэўна, менавіта гэтыя якасці прывялі да таго, што каля месяца таму Аляксандр Мех быў прызначаны сакратаром партыі БНФ па працы з рэгіёнамі. Да яго гэтай справай ніхто на займаўся.

– Спадар Аляксандр, раскажыце, дзе вы ўжо былі? Якія высновы для сябе зрабілі?

– Быў у Магілёве, Віцебску, Горках, Светлагорску і іншых гарадах. Канешне, пасля доўгага зацішша суполкі трэба падымаць. Але ўпэўнены: калі ім даць нармальную справу, яны будуць працаваць.

– І як вы збіраецеся ажывіць працу рэгіянальных арганізацый?

– Мы павінны прыцягнуць ў партыю новых людзей, дабіцца таго, каб да нас прыходзілі людзі з вышэйшай адукацыяй.

– А што атрымалася з вашых спроб знайсці ў Кобрыне працу пасля звальнення з «Белтрансгаза»?

-- Я абышоў усе прадпрыемствы і не адзін раз. Але ў Кобрыне ўсе адзін аднаго ведаюць, да таго ж падчас парламенцкай кампаніі я ўсюды выступаў з прамовамі і, канешне, кожны кіраўнік прадпрыемтсва мне ў працы адмовіў.

Трошкі іншая сітуацыя была ў суседнім Берасці: там мне адмаўлялі ў працы на наступны дзень – пасля таго, як тэлефанавалі на папяэдняе месца працы. Зараз я прыватны прадпрымальнік, займаюся праектаваннем і мантажом сістэмаў ацяплення.

– Спадар Аляксандр! Вам пагражалі, што вы згубіце, працу, вы яе і згубілі. А як жа вы збіраецеся прыцягваць новых людзей ў партыю, калі яны на вашым прыкладзе ведаюць, што ў любы момант могуць застацца ні з чым?

– Сёння для мяне гэта самае сур’ёзнае пытанне. Як сакратар па працы з рэгіёнамі я займуся арганізацыяй як юрыдычнай абароны нашых людзей, так і матэрыяльнай: буду шукаць выйсце на фонды, якія здольныя з намі супрацоўнічаць.

Механізму падтрымкі сваіх прыхільнікаў, якіх звольнілі з працы, у беларускай апазіцыі да гэтага часу няма. Жонка Аляксандра Наташа расказвае, што доўгі час яны ўсёй сям’ёй (у іх двое дзяцей) жылі на яе заробак у 900 тысяч рублёў. Дапамагчы ім спрабаваў толькі паплечнік Аляксандра з Брэста, які аднойчы даслаў сям’і 50 тысяч рублёў. Гэта быў першы і апошні выпадак салідарнасці з палітыкам, імя якога пастаянна фігуравала ў СМІ падчас парламенцкіх выбараў...

– Спадар Аляксандр, як вы сёння ацэньваеце палітычную сітуацыю ў Беларусі?

– Яна напружаная, у краіне ж эканамічны крызіс. У палітычным плане чакаць можна чаго заўгодна. Узгадайце: у 2006-м эканамічная сітуацыя была стабільнай, але на плошчу выйшла 20-25 тысяч чалавек. Для апазіцыі пытанне зараз у тым, хто будзе лідэрам, хто павядзе людзей да перамогі.

– А беларуская апазіцыя ідзе правільным шляхам?

-- Яна ідзе тым шляхам, якім можа ісці. З палітычнай сцэны былі прыбраны яе самыя моцныя лідэры – Пазняк, Ганчар, Захаранка, і гэта сказалася на яе агульным стане.

Сёння, я мяркую, у апазіцыі шмат людзей, якія працуюць на КДБ. Плюс улада абмежавала нашыя магчымасці ў данясенні да людзей інфармацыі.

– Якія ў вас увогуле планы на будучыню?

– Пакуль у краіне ёсць дыктатура, планаваць жыццё цяжка. Зараз за нас гэта робяць іншыя. У мяне ёсць толькі адзін план – пазбавіцца ад дыктатуры. Калі яе не будзе, тады ўжо можна будзе нармальна думаць пра сваё жыццё.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)