Общество

«У мяне «схільнасць да экстрэмізму». Як палітвязні адбываюць хімію

Дзе адбываюць пакаранне палітвязні, якім прысудзілі хімію? У якіх умовах яны жывуць і працуюць? Наша Ніва звязалася з тымі, хто ўжо паехаў на этап, і запісала першыя ўражанні.

«Памыеш сам туалет — будзеш сядзець за асобным сталом»

30-гадовы Дзмітрый Кулакоў з Шуміліна. Яму далі 3,5 года хіміі — за паведамленні міліцыянту ў суполцы «Лепель для жыцця». Суд палічыў іх пагрозай гвалту ў дачыненні супрацоўніка міліцыі і абразай прадстаўніка ўлады (артыкул 364 і 369 Крымінальнага кодэкса).

Дзмітрый Кулакоў злева

Паведамленні былі напісаны ў жніўні, у верасні Дзмітрый даведаўся пра крымінальную справу, але заставаўся на волі. Пад варту яго ўзялі за месяц да суда.

«Спачатку я сядзеў у камеры з Арцёмам Сакавым (аператарам каманды Сяргея Ціханоўскага. — «НН»), пасля мяне ў іншую закінулі. Пакуль на волі быў, крыху сачыў за падзеямі, таму думаў, што гады тры дадуць мне. Нават палічыў, колькі гэта будзе ў секундах — там заняцца больш няма чым», — усміхаецца мужчына.

У папраўчай установе адкрытага тыпу №49 у Шклове ён з 29 снежня.

«Я пасля суда спрабаваў перасекчы мяжу з Літвой. Ішоў лесам і полем, мяне ўзялі беларускія памежнікі ў Ашмянах і перадалі шумілінскім міліцыянтам. Забралі ў ІЧУ, а на наступны дзень ужо прывезлі сюды. Два месяцы трымалі ў камендатуры, на працу не выпускалі — можа, думалі, я буду далей уцякаць», — дзеліцца Дзмітрый.

Раней ён падпрацоўваў вальшчыкам лесу, будаваў каркасныя дамы. Цяпер заняты на пілараме. Георгій Васіленка, яшчэ адзін палітычны, таксама тут (прысудзілі два гады за тое, што спусціў з гомельскага флагштока чырвона-зялёны сцяг і ўзняў бел-чырвона-белы), працуе ў калгасе.

«Што да астатніх, то хтосьці пайшоў кіроўцам у райпа, хтосьці грузчыкам. Пасылаюць на чорныя працы — цябе не паставяць брыгадзірам.

Мне на паліраме падабаецца, бо ўвесь працэс ведаю, лес вазіў калісьці. Людзі, якія даўно працуюць, зарабляюць нармальна, бо ў іх прывычка ёсць. Тут трэба рабіць аб’ёмы, а гэта цяжка фізічна. У мяне за люты заробак 170 рублёў, а так мужыкі і 800, і 1000 рублёў атрымлівалі».

Грошы тут патрэбныя, бо асуджаныя на самазабеспячэнні. У Дзмітрыя 50 рублёў на месяц ідзе на аплату камуналкі, 2 рублі 80 капеек штодзень на праезд да працы і назад.

Распарадак ва ўстанове такі. А 6-й пад’ём (у выходны а 7-й), адбой а 10-й вечара. Гатуюць мужчыны самі. У краму водзяць раз на дзень пад наглядам.

«Некаторых у горад адпускаюць на 4 гадзіны. Я падыходзіў спытаць, сказалі: не, ты яшчэ мала сядзіш. Тым больш у мяне «схільнасць да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці» (на такі ўлік паставілі і астатніх нашых суразмоўцаў — «НН»). Самому ў горад без дазволу нельга выходзіць. Нават калі па дарозе з працы адхілішся з маршруту, могуць палічыць за парушэнне».

На выходных Дзмітрый чытае навіны ў інтэрнэце (тут можна карыстацца тэлефонам), глядзіць відэа. Некаторыя асуджаныя пішуць заявы, каб іх звазілі ў Лядовы палац у Шклове, на міні-футбол.

У казарме, дзе жывуць мужчыны, яны дзяжураць па чарзе.

«Той, хто дзяжурыць, павінен прыбіраць туалет. Але тут жа сядзяць і людзі, якія ў зонах былі, для іх гэта непрымальна. Таму ёсць чалавек, які гэтым займаецца. Яму плаціш 10 рублёў, ён прыбірае. Гэта дамоўленасць не абмяркоўваецца. Памыеш сам — будзеш сядзець за асобным сталом і адносіцца да іншай катэгорыі», — расказвае пра няпісаныя правілы Кулакоў.

Іншыя асуджаныя, кажа, ставяцца да яго нармальна.

«З боку кіраўніцтва прадузятасці не заўважыў. А з боку аператыўніка было — пастаянныя падколкі на праверках пра чырвона-белых. Мы часта з ім спрачаемся. Калі выйшаў фільм «Траціл пратэсту» пра Аўтуховіча, мне не спадабалася, як там усё перабольшылі. Я і спытаў: а дзе ад Аўтуховіча пацярпелі мірныя жыхары, як кажуць у сюжэце? Ён як пачаў раўсці! Звычайна праверка 10-15 хвілін займае, а калі мы пачынаем спрачацца — паўгадзіны».

У Шуміліне Кулакова чакае жонка (яна працуе на мясцовым сырзаводзе) і двое сыноў — 3 і 10 гадоў.

«Настрой розны бывае. Верыцца, канечне, у лепшае. Часам здаецца, што да восені ўсё зменіцца, мы будзем дома, а сядуць тыя, хто сапраўды вінаваты».

«Большасць працуе праз агароджу, падсобнымі рабочымі ў папраўчай калоніі №11»

У Ваўкавыску хімію адбывае Юрый Касцюк. Яму далі год за «здзек з дзяржаўных сімвалаў» (артыкул 370) — тузануў дзяржаўны сцяг, што вісеў на брэсцкай гасцініцы «Маладзёжная», і той зваліўся.

«Адвакатка, якую я наймаў, была ў шоку ад прысуду. Казала: на маёй практыцы ўпершыню такое, што чалавек атрымлівае першую судзімасць — і яму максімальнае пакаранне», — кажа хлопец.

Юрыю 23 гады, ён з Пружан, працаваў укладчыкам-упакоўшчыкам на малочным камбінаце. У лістападзе, як пачаліся пасяджэнні, давялося звольніцца па пагадненні бакоў. На хіміі (папраўчая ўстанова №29) хлопец з 26 лютага. 

«Як праваджалі? Гарэлкі папіў, развітаўся і паехаў. Мне прапаноўвалі этапам дабірацца, але я адмовіўся, сябра на машыне завёз».

Працу хлопцу пакуль не падабралі.

«Тут у калгасе працуюць, на мясакамбінаце, але большасць — праз агароджу, падсобнымі рабочымі ў папраўчай калоніі №11. Як прыехаў, я сядзеў на каранціне два тыдні ў асобным пакоі. Спаць там было холадна — ацяплення амаль ніякага, па адчуваннях плюс 10 у памяшканні. Столь цякла — душ хоць проста ў пакоі прымай. Адзенне сушыць незразумела як — тым больш удзень не дазвалялі развешваць рэчы на батарэях, толькі ўночы. Па тры дні адзенне сушыў. Цяпер у пакоі 10 чалавек апроч мяне — па 328 і аліментшчыкі».

Па словах хлопца, ён там адзіны палітычны і таму на асаблівым кантролі.

У казарме ў выхаваўчым пакоі ёсць тэлевізар і настольны тэніс. Маецца трэнажорная зала. Сярэдні кошт камунальных паслуг на асуджанага — 2 рублі 50 капеек на суткі.

«Я не ведаю, як мне тут жыць за свой кошт — камуналку плаціць, медкамісію за свае грошы праходзіць. У мяне апроч маці нікога няма. Яна працуе яшчэ, але я на яе дапамогу асабліва не разлічваю. Бо яна цяпер плаціць камунальныя за маю і сваю кватэру, плюс крэдыт у яе.

Мне сябра пералічваў грошы на прадукты і цыгарэты. Тут прыязджае аўталаўка па нядзелях, дык я купляў сабе паесці. Макарона з хлебам таксама ежа, аказваецца.

Не лепшая абстаноўка, паколькі такое ўпершыню ў мяне ў жыцці. Дый прыхварэў яшчэ крыху», — без аптымізму ўспрымае сітуацыю Юрый.

«Лекцыі ў нас толькі па здаровым ладзе жыцця»

«Я думаў, мне дадуць штраф. Нават сама следчая настройвала: будзе штраф і не больш за тое. І ўсё, я супакоіўся, ідзе справа і ідзе. Ну дадуць якіх 50 базавых, з часам выплачу. А калі прысудзілі два гады, я проста абамлеў», — дзеліцца 25-гадовы Ян Рымараў са Жлобіна.

Хімію ён атрымаў за тое, што ў мясцовым чаце зняважыў намесніка начальніка раённай міліцыі (артыкул 369 — абраза прадстаўніка ўлады).

Ян працаваў аператарам на Беларускім металургічным заводзе. У студзені завочна скончыў вышку — Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя Сухога, спецыяльнасць «металургічная вытворчасць і матэрыялаапрацоўка».

25 лютага хлопец развітаўся з жонкай і трохгадовай дачкой і паехаў у папраўчую ўстанову №48 у Асіповічы. З тыдзень таму яму вызначылі працу — фармоўшчык на заводзе аўтамабільных агрэгатаў.

«Добра, што не ў калгас адправілі — увесь час на вуліцы, слота, гразь і заробку ніякага. З варыянтаў тут яшчэ ёсць шынамантажка і піларама. На заводзе хто як працуе, той столькі і зарабляе. Калі не хочаш, то рублёў 300 выйдзе, калі будзеш старацца, то можна і 1000 атрымліваць. Плюс бясплатны абед».

У пакоі, дзе жыве Ян, ёсць стол, халадзільнік, тумбачка для кожнага. Двое яго суседзяў сядзяць за ДТЗ, адзін за крадзёж і яшчэ адзін за наркотыкі. Па выходных, кажа хлопец, ёсць чым заняцца. Тут праходзяць турніры па шашках і шахматах, можна пагуляць у футбол. За «інтэрнат» у месяц набягае 30-40 рублёў.

У гэту ж установу накіравалі вальшчыка лесу з Брагіна Аляксандра Кулагу. Яму далі два гады хіміі за абразу прэзідэнта — груба выказаўся ў прыёмным аддзяленні бальніцы, калі яго, нецвярозага, даставілі для медагляду.

«Шчыра сказаць, ніякай розніцы няма, палітычны ты ці не, мяне ніяк не вылучаюць. На маё здзіўленне, стаўленне адміністрацыі нармальнае — людзі проста выконваюць сваю працу. Няма такога, што адчытваюць «вы, нягоднікі, хацелі краіну разбурыць». Лекцыі ў нас толькі па здаровым ладзе жыцця — стоп наркотыкі, стоп алкаголь».

З асуджанымі Ян надта не збліжаўся.

«Ніхто асабліва не расказвае, за што сядзіць, бо невядома што за чалавек побач. Як можна адкрыцца таму, каго ты месяц ведаеш? А раптам гэта падсадны? Таму тут усе проста пасміхаюцца, заводзяць знаёмых, але не сяброў».

Голас у хлопца бадзёры.

«Змірыўся, а што рабіць? Значыць, так трэба. Будзем верыць у лепшае, што не буду сядзець да канца. Я калі ехаў, нашмат горшага чакаў, чым па факце аказалася».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(11)