Скандалы
Улад Швядовiч, Наша Ніва

У Мінску судзяць журналіста Змітра Галко. Яго вінавацяць у збіцці міліцыянта

10 ліпеня ў судзе Савецкага раёна Мінска пачаўся разгляд справы журналіста і блогера Змітра Галко. Яму пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.

Нагадаем, 22 красавіка Галко затрымалі на беларуска-ўкраінскай мяжы. З таго часу ён знаходзіцца пад вартай. Раней ён быў абвешчаны ў вышук — журналіста падазраюць у гвалце ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі.

Што здарылася

Пачалася ўся гэтая гісторыя яшчэ ў 2017 годзе. 25 лістапада Ян-Хрысціян, 15-гадовы сын журналіста ад першага шлюбу, святкаваў свой дзень народзінаў разам з сябрамі. Зміцер Галко быў у кватэры «за старэйшага». На шум выклікалі міліцыю, далей версіі адрозніваюцца.

Па версіі міліцыі, Галко, які адкрыў дзверы, быў п’яны, у кватэры былі падлеткі, на стале — адкрыты алкаголь. Галко пачаў лаяцца, хапаць міліцыянта за форму, ударыў таго, у міліцыянта нават выпаў і пабіўся тэлефон. А пасля нібыта сын журналіста падбег да інспектара і ўдарыў таго па галаве.

Па словах самога Галко, ён узяў за руку міліцыянта, каб запрасіць выйсці з кватэры, пасля чаго і журналіста, і яго сына жорстка затрымалі.

Ноч яны правялі ў міліцыі. Пасля Змітра Галко аштрафавалі за лаянку матам. Але пазней на яго завялі крымінальную справу аб збіцці міліцыянта.

Пасля здарэння журналіст разам з сынам з’ехаў ва Украіну, дзе жыве яго цяперашняя жонка. Але праз пэўны час сын вярнуўся ў Беларусь. Вясною і сам Галко паехаў у Мінск, каб «вырашыць праблемы з падатковай», хоць на той час і было вядома, што ён знаходзіцца ў вышуку. Паездка скончылася затрыманнем.

Што адбываецца на судзе

На судзе — поўная зала. Падтрымаць Змітра Галко прыйшлі бацькі, сябры, нават Мікалай Статкевіч з жонкай Марынай Адамовіч.

Перад пасяджэннем «Наша Ніва» пацікавілася ў Таццяны Яўгенаўны, маці Змітра, чаму ён усё ж паехаў у Беларусь. Бо ўжо было вядома, што Галко ў вышуку па крымінальнай справе, а чалавек, які працаваў журналістам мусіў разумець, што яго затрымаюць.

«Па-першае, афіцыйнага пацверджання не было. Толькі пісалі ў СМІ. Па-другое, яму прыходзілі паперы з падатковай, і Зміцер хацеў з гэтым разабрацца, бо баяўся, што будуць праблемы ў нас з бацькам, — тлумачыць маці. — Ну і пасля ўжо сказаў, што проста хацеў даказаць».

Праўда, што даказаць і каму маці не ўдакладніла.

На пачатку працэса пракурор зачытаў абвінавачванне. Усё тое ж: п’яны Галко, ведаючы, што перад ім міліцыянт, не падпарадкаваўся супрацоўніку, прымяніў гвалт, у тым ліку — «з помсты за выкананне міліцыянтамі службовых дзеянняў». Лаяўся матам, патлумачыць, чаму ў хаце падлеткі і спіртное, катэгарычна адмовіўся.

Па версіі абвінавачвання, Галко нанёс не менш за адзін удар па руке міліцыянта, не менш за 2 удара па галаве. Калі яго затрымлівалі пачаў супраціўляцца, парваў аднаму з міліцыянтаў куртку.

Сам Зміцер Галко віну не прызнаў.

Што кажуць пацярпелыя

Пацярпелымі па справе праходзяць двое міліцыянтаў — Юры Чыркоў і Вадзім Казаноўскі.

Юрый Чыркоў (злева) і Вадзім Казаноўскі, пацярпелыя міліцыянты

Юры Чыркоў даў паказанні першым. Ён распавёў, што падчас патрулявання заўважыў на адным з балконаў дзяцей, чалавек 8. Яны шумелі, курылі, лаяліся матам. Чыркоў вярнуўся ў аддзяленне, пазваніў інспектару па справах непаўналетніх Казаноўскаму. Той прыехаў, разам яны «пайшлі праверыць па месцы жыхарства».

Міліцыянт пазваніў у дзверы кватэры. Адчыніў Галко. Ён не даваў згоды ўвайсці ў кватэру, але маўчаў. Міліцыянты прынялі гэта за згоду і ўвайшлі.

— У кожным пакоі была адкрытая гарэлка, каньяк, шампанскае. У кватэры — больш за 10 дзяцей. Большасць з іх у стане алкагольнага ап’янення. Я сказаў, каб усе былі на месцах, але падлеткі пачалі разбягацца, нават скакалі з вокнаў.

Грамадзянін [Галко] пачаў бегаць па пакоі і лаяцца, — распавёў Чыркоў.

Я па тэлефоне выклікаў дапамогу, каб прыехалі супрацоўнікі міліцыі і дапамаглі даставіць усіх у аддзяленне, разабрацца, чаму дзеці п’яныя, адкуль алкаголь, хто набываў. Але грамадзянін ударыў мяне па руцэ, тэлефон упаў і разбіўся.

Мы апынуліся ў калідоры, прыбег яго сын, лаяўся матам на мяне, два разы паспрабаваў ударыць мяне ў твар. Я хацеў спыніць гэта, узяў сына за грудзі, паклаў на падлогу і нагой прыціснуў яго.

Пасля Галко ўдарыў яго два разы па галаве, кажа міліцыянт. Затым з’явіліся супрацоўнікі дэпартамента аховы і Галко затрымалі.

Таксама Чыркоў папрасіў суд спагнаць з абвінавачанага 1000 рублёў.

— 150 рублёў за тэлефон і 850 рублёў маральнай шкоды — Галко паводзіў сябе неналежным чынам, абражаў маю годнасць і гонар, — патлумачыў пацярпелы.

Але напрыканцы ён паведаміў, што не настойвае на строгім пакаранні Галко.

— Пакаранне — на думку суда, — сказаў Чыркоў.

Другі пацярпелы, інспектар па справах непаўналетніх Вадзім Казаноўскі распавёў, што ў дзень затрымання Змітра Галко ён сам быў заняты «маніторынгам месцаў масавага збору непаўналетніх». Апрануты быў у цывільнае. Калі яму пазваніў Чыркоў, ён адразу паехаў. З Чырковым сустрэліся каля пад’езда дома Галко. Там ён убачыў, што на балконе адной з кватэр сапраўды шумная кампанія падлеткаў курыць і лаецца матам.

— Я падумаў, што хутчэй за ўсё, там з імі можа быць нейкая дарослая асоба. А ў такім выпадку трэба праводзіць праверку, — кажа міліцыянт.

Разам з калегам яны пазванілі ў кватэру, увайшлі.

«Вы менты зусім а***елі!» — паведаміў ім Галко, сцвярджае Казаноўскі. А на пытанні, чаму так гучна грае музыка, Галко адказаў абразамі. Таксама ён перыядычна хапаў Чыркова за форменную куртку і казаў, каб міліцыянты сышлі.

Калі падлеткі пачалі разбягацца, Казаноўскі застаўся каля ўвахода ў кватэру — заблакаваў такім чынам дзверы. Чыркоў хадзіў па кватэры, Галко хадзіў за ім.

Затым Казаноўскі пачуў гукі барацьбы ў суседнім пакоі, пабег на дапамогу. Зміцер Галко ў штурханіне парваў яму куртку. Пасля на дапамогу бацьку падбег сын.

— Сын Галко быў вельмі моцна п’яны. Пасля ў яго паказала 1,8 праміле. Ён зусім сябе не кантраляваў, — сцвярджае міліцыянт.

Таксама Казаноўскі папрасіў спагнаць з Галко 20 рублёў — за парваную куртку. Грошай за маральную шкоду міліцыянт не патрабаваў. Пакаранне абвінавачанага ён таксама пакінуў вырашаць суду.

Што кажа сам Галко

Даць паказанні Зміцер Галко не паспеў. Пад канец дня ён папрасіў перанесці пасяджэнне — ад духаты яму стала кепска. Па словах абвінавачанага, ён вельмі рана прачнуўся, амаль не еў, яму не далі нават вады.

Але ж суддзя вырашыў, што гэта надуманая заява, каб зацягнуць працэс. І ў пераносе адмовіў.

Замест гэтага выслухалі сведку-міліцыянта з дэпартамента аховы, які затрымліваў Галко.

Пасля дала паказанні Вольга Краўчук, былая жонка Змітра Галко і маці яго сына Яна-Хрысціяна, дзень народзінаў якога і святкаваўся ў той дзень. Дарэчы, усё адбылося якраз на кватэры, якую здымае менавіта Вольга Краўчук. Але ў той вечар яна папрасіла былога мужа прыглядзець за сынам, а сама ў кватэры не была. Пра затрыманні яна ўвогуле даведалася ад суседкі — тая пазваніла Вользе і паведаміла, што бачыла яе сына ў кайданах, а з балкона скакалі нейкія дзеці.

На гэтым першы дзень скончыўся. Працэс працягнецца 12 ліпеня.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)