Общество
Ілья Лапато

«У Мiнску пасля пратэстаў было арыштавана каля 1000 чалавек — некаторыя застаюцца зняволенымі і сёння»

Напярэдадні вечарам убачыць і паслухаць Святлану Алексіевіч у Берліне можна было за 10 еўра. У рэпартажы «Салiдарнасцi» — аб тым, як уладальніца Прэміі міру нямецкіх кнігавыдаўцоў прэзентавала публіцы сваю новую кнігу.

На ўваходзе ў Нямецкі тэатр «Час сэканд-хэнд» прадавалі за 26 еўра. Яшчэ адно еўра прасілі за паліто ў гардэробе. Некаторыя немцы разважліва эканомілі на гардэробе...

Размова ля касы:

— Ці магу я набыць кнігу на мове арыгіналу па-руску?

— Гэтай кнігі па-руску ў нас няма. Вы ж ведаеце, як яе кнігі ўспрымаюць на постсавецкай прасторы?.. Дазвол на рускамоўнае выданне не атрыманы. У нас можаце набыць толькі пераклад на нямецкую.

***

Прыблізна за паўгадзіны да пачатку сустрэчы да тэатра пачалі пад'язджаць таксі, з якіх, відавочна спяшаючыся, выбягалі сярэдняга веку жанчыны і мужчыны. Прытрымліваючы рукой галаўныя ўборы, яны — хто як мог — на ўсёй хуткасці беглі да ўваходу, каб паспець выкупіць забраніраваны раней квіток.

Прыблізна ў гэты ж час перад тэатрам у суправаджэнні двух асобаў з'явілася і сама Алексіевіч. Праўда, пазнаць яе было не так проста. Закутаўшыся ў шалік, жанчына, не прыцягваючы ўвагу, паволі кіравала да службовага ўваходу.

***

Зала была запоўненая. Моладзі было няшмат, на Алексіевіч прыйшла больш сталая публіка.

Вось у партэры з’явілася і Алексіевіч, якую сустрэлі апладысментамі. Яна заняла сваё месца — трэцяе справа ў першым шэрагу.

Вечар пачынаўся з літаратурных чытанняў. Сярод тых, хто дэкламаваў урыўкі з кнігі Алексіевіч, было двое мужчын і тры жанчыны, адна з якіх цяжарная. Пастаўленымі галасамі на працягу сарака хвілін яны зачытвалі ўрыўкі, пакідаючы публіку сам-насам са сваімі думкамі.

Слухаючы гісторыі людзей з былых сацыялістычных рэспублік, здавалася, што вось яны — стаяць перад табой. Словы не столькі малявалі вобразы герояў, колькі стваралі ў галаве асобны дакументальны фільм. Алексіевіч пераказвала гісторыю СССР вуснамі былых жыхароў ужо неіснуючай дзяржавы...

Алексіевіч пасля прызнаецца, што для кнігі яна шукала людзей з моцнымі лёсамі.

«Я заставала іх у момант узрушанасці. Звычайна для размовы я прыходзіла да чалавека разоў пяць-сем. Прыходзіла як чалавек, які таксама жыве ў гэтым часе і многае не можа зразумець».

Пасля таго, як чытанні завяршыліся, пісьменніца паднялася на сцэну, дзе амаль гадзіну адказвала на пытанні вядучай.

«У мяне ў кнізе ёсць аповед дзяўчыны, якая ўдзельнічала ў Беларусі ў падзеях супраць Лукашэнкі. І калі настаўнік у школе даваў ім «Архіпелаг Гулаг», то яна не чытала. Яна рашыла, што гэта тоўстая, нудотная кніга ды і каму цікавая гэтая гісторыя: хто сёння будзе адзяваць чалавеку ў турме пакет на галаву?

Аднак следчы выклікаў яе і сказаў: не будзеш гаварыць — ножку венскага крэсла ў задні праход — і загаворыш, як міленькая. Мы з ёй гаварылі аб тым, чаму свабода не перадаецца, а ножка венскага крэсла перадаецца?

Я не думаю, што Лукашэнка сам даваў загад на гэта (жорсткасць — аўт.). Але калі па ўсёй краіне пачаліся арышты, людзі імгненна ўзгадалі, што трэба рабіць: КДБ пачало арыштоўваць, людзі сталі даносіць, а іншыя людзі сталі баяцца. Сталінская машына завялася імгненна...»

Пра свабоду і пакуту

«Самае вялікае пытанне, якое ў мяне засталося на працягу ўсёй кнігі: чаму такая вялікая пакута нашых народаў не канвертуецца ў свабоду? Чаму мы столькі пакутвалі?..»

У рускай літаратуры паміж Салжаніцыным і Шаламавым ёсць вялікая спрэчка. Салжаніцын казаў, што лагер ачышчае чалавека — той выходзіць адтуль моцным.

Шаламаў сцвярджаў, што лагер разбэшчвае чалавека: калі чалавек выходзіць адтуль, то ён можа жыць толькі ў лагеры. Як выявілася, Шаламаў меў рацыю: чалавек, які ўвесь час жыў у лагеры, ён і будуе пасля толькі лагер, не ведаючы, што можна пабудаваць іншае.

Я думаю, што тут вялікая віна нашай інтэлігенцыі, бо мы замаўчалі. Замест нас на трыбуны выйшлі генералы, бандыты, алігархі, палітыкі. Нас паралізавала немата — мы cаступілі сваё месца. Мне ж заўсёды здавалася, што чалавек, які выйшаў з кухні, дзе столькі гаварыў пра свабоду, — ён павінен быў працягнуць гэты шлях».

Пра боязь сістэмы

Апісваючы забарону «Архіпелага Гулаг» і падзеі 1991 года, пісьменніца ўзгадала: «Сёння мы здаемся сабе наіўнымі, таму што ўяўлялі, што свабода будзе вельмі хутка. І для яе, для свабоды не было нічога акрамя, як пасля высветлілася, нашых мараў. Калісьці ж цэлыя пакаленні саджалі ў турму толькі за тое, што яны распаўсюджвалі «Архіпелаг ГУЛАГ».

І сістэма баялася. Ёй здавалася, што калі людзі прачытаюць гэтую кнігу, то ўсё ўзарвецца. І вось адбылася перабудова. 90-я гады. Надрукавалі Шаламава, «Архіпелаг ГУЛАГ», але ўсе беглі паўз гэтыя прылаўкі, не гледзячы на іх... Людзі беглі каштаваць «новае жыццё». Я лічу, што праўда пра Гулаг спазнілася на некалькі пакаленняў.

Аднак разам з тым мінулае для нас — гэта нейкае табу, яго баяцца. Яго баіцца не толькі Пуцін, улада — яго баіцца само грамадства. (...) Бо калі ў СССР забраць перамогу, то застанецца адзін Гулаг.

Ведаеце, прасцей за ўсё вымавіць гэту мантру, што вінаваты Пуцін, вінаваты Лукашэнка — насамрэч усё глыбей.

Гэта ідзе нейкая ўнутраная замова грамадства на рэстаўрацыю нейкага новага варыянта Савецкага саюза — адзінай ідэі».

Пра страх і «пах крыві»

«Я жыву ў Мінску. Пасля пратэстаў супраць выбараў было арыштавана каля тысячы чалавек — некаторыя застаюцца зняволенымі і па сёння. Але з кім не загаворыш на вуліцы, ці са знаёмымі — не з майго кола, а з нармальнага — ніхто пра гэта не гаворыць і не думае. Пра іх гавораць толькі праваабаронцы, людзі ў нацыянальных аб’яднаннях, пісьменнікі — такая тоненькая частка грамадства.

Народ жа заняты тым, як купіць старэнькую машыну, з’ездзіць у Егіпет, вывучыць дзяцей, ён заняты жыццём. На вуліцу выходзіць у вялікіх гарадах — Маскве і Пецярбургу — частка паспяховых маладых людзей і студэнты.

Ведаеце, гэта нейкая нашая бездапаможнасць перад сучаснасцю. Адзінае адрозненне нашых праблем ад вашых праблем у тым, што калі вось так гаворыш у аўдыторыі ў Расіі, то адчуваецца якісьці «пах крыві». У нас заўсёды небяспека крыві. У нас няма страху перад смерцю. Гэта неяк генетычна перадаецца і гэта дзіўная рэч».

Пра будучыню, якую нельга прадказаць

«У кнізе я хацела паказаць рэальнае жыццё, як мы жылі. Гэта не было так, што мы ўсё сядзелі скукожаныя.

Гэта не было маўчаннем. Гэта было імкненнем прасцей пражыць сваё жыццё. І гэта было ўяўленне ідэалістычнага. Я гэтаксама, як і мае аднакласнікі, марыла паехаць на БАМ (усміхаецца — Аўт.)...

Я зразумела, што «хімічна чыстага» зла не існуе. Мой вопыт пяці кніг, дзе на працягу сарака гадоў я адсочвала вобраз савецкага чалавека, проста чалавека, гаворыць пра тое, што тая машына, што была ў нас, яна пераўтварала: чалавек мог быць ахвярай, а пасля і катам.

Зло ў чалавеку невідавочнае. Калі я пачала размаўляць з людзьмі, то выявілася, што зло амаль у кожным з нас. І гэта адская праца: супрацьстаяць злу ў сабе. І гэта неабавязкова павінен быць 1937 год...

Мне цяжка сказаць, якой будзе будучыня. Толькі Чэхаў мог дазволіць сабе сказаць, што праз сто гадоў будучыня будзе цудоўная (яго героі гэта часта паўтараюць). Я паўтару толькі тое, што мы не ведаем, якім будзе чалавек і якімі мы будзем. Будучыню сёння нельга прадказаць».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)